Ціханоўская падзякавала Латвіі за падтрымку імкнення да свабоды і дэмакратыі ў Беларусі


Дэмакратычныя сілы Беларусі ніколі не забудуць дапамогу, якую аказала Латвія рэпрэсаваным беларусам. Пра гэта гаворыцца ў віншаванні, якое апублікавала абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская з нагоды 105-й гадавіны абвяшчэння Латвійскай Рэспублікі.

Святлана Ціханоўская падчас выступлення ў Еўрапейскім парламенце. 13 верасня 2023 года.
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

Палітык нагадала, што ў гэты дзень у 1918 годзе Народная рада Латвіі абвясціла сваю незалежнасць.

«У тым жа годзе Усебеларускі з’езд абвясціў незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі. Гэта нагадвае нам, што ў нас ёсць нешта большае, чым проста мяжа; у нас агульная гісторыя і агульныя каштоўнасці», – напісала Святлана Ціханоўская.

Яна адзначыла, што бясконца ўдзячна Латвіі за падтрымку беларусаў на шляху да свабоды і дэмакратыі.

«Мы ніколі не забудзем, як Латвія стала другой краінай пасля Літвы, якая ўвяла санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі. Мы ніколі не забудзем, як Латвія вітала беларусаў, вымушаных пакінуць краіну праз рэжым. Мы ніколі не забудзем, як Латвія падтрымлівала нашых палітвязняў, грамадзянскую супольнасць, праваабаронцаў і незалежныя СМІ. Давайце працягнем разам адстойваць каштоўнасці, якія нам дарагія, і няхай наша сяброўства з часам толькі мацнее», – падкрэсліла Ціханоўская.

Латвійскае МЗС падзякавала Святлане Ціханоўскай за святочнае пасланне.

Агляд
Намеснікі, прадстаўнікі, дарадцы: хто што робіць у Офісе Ціханоўскай і Аб’яднаным пераходным кабінеце
2023.11.14 12:16

СП, belsat.eu

Стужка навінаў