Сітуацыя ва Украіне: расейцы наступаюць па ўсім фронце, ЗСУ – пад Херсонам


«Белсат» падводзіць вынікі 609-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 25 кастрычніка чытайце ў нашым аглядзе.

Украінскія вайскоўцы. Крыніца: ok_pivnich1 / Telegram

Купянскі і ліманскі кірункі (паўночна-ўсходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

У Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны заявілі пра адбіццё каля 10 атак праціўніка ў ваколіцах населеных пунктаў Сынькоўка і Іванаўка на купянскім кірунку ў Харкаўскай вобласці.

Паведамляецца, што на суседнім ліманскім кірунку ўкраінцы трымаюць абарону. Тут цягам апошніх содняў былі адбітыя ўсе атакі войскаў РФ каля сёлаў Надзея і Макееўка ў Луганскай вобласці.

Прарасейскі тэлеграм-канал «Два майора» сцвярджае, што Узброеныя сілы РФ змаглі заняць некалькі апорных пунктаў украінцаў на купянскім кірунку.

Аналітыкі праекту Deepstate пішуць, што адначасова з гэтым ЗСУ праводзяць стабілізацыйныя мерапрыемствы ў ваколіцах населеных пунктаў Ліман Першы і Райгародка.

У Міністэрстве абароны РФ заявілі, што самыя ўкраінцы на паўночным усходзе краіны правялі 15 атак каля сёлаў Тымкоўка, Сынькоўка і Надзея, і тры атакі – побач з Грыгораўкай і Дзібровай.

Бахмуцкі кірунак (лінія фронту ў ваколіцах аднайменнага гораду)

У ваколіцах Бахмуту адзначаецца павелічэнне актыўнасці расейскіх вайскоўцаў: па інфармацыі Генштабу ЗСУ, цягам содняў сілы абароны краіны адбілі каля 10 атак праціўніка побач з населенымі пунктамі Багданаўка, Клішчыеўка і Андрэеўка.

Між тым у Deepstate фіксуюць поспех расейцаў у лесапаласе на паўночным усходзе ад Хромава (на захадзе ад раённага цэнтру).

Самыя ўкраінцы правялі прынамсі пяць атак у ваколіцах населеных пунктаў Курдзюмаўка, Андрэеўка, Кірава і Малаільінаўка, але поспеху не дасягнулі.

Hавiны
Расейская атака зачапіла будынкі блізу Хмяльніцкай АЭС
2023.10.25 13:52

Аўдзееўскі і мар’інскі кірункі (на поўначы і захадзе ад Данецку)

У ваколіцах Аўдзееўкі працягваецца наступальная аперацыя Узброеных сілаў РФ, якія імкнуцца атачыць сам горад.

Ва ўкраінскім камандаванні паведамілі пра безвыніковыя атакі расейцаў каля населеных пунктаў Стэпавое, Севернае, Невельскае і самой Аўдзееўкі.

На суседнім мар’інскім кірунку УС РФ правялі больш за 20 атак каля Пабеды і Мар’інкі, але таксама не дасягнулі поспеху.

Бярдзянскі кірунак (на поўдні Данецкай вобласці)

На поўдні Данецкай вобласці, паводле Генштабу ЗСУ, войскі РФ безвынікова атакавалі побач з Новаміхайлаўкай, Прачыстаўкай, Старамаёрскім і Залатой Нівай.

Між тым расейскі тэлеграм-канал «Рыбарь» сцвярджае, што Узброеныя сілы РФ паступова прабіваюць абарону ЗСУ, якая была аслабленая пасля перакідання корпусу марской пяхоты на херсонскі кірунак. У прыватнасці, фіксуецца частковае выцісканне ўкраінцаў з часткі пазіцыяў у ваколіцах сяла Прыютнае.

Мелітопальскі кірунак (лінія фронту ў Запарожскай вобласці)

На мелітопальскім кірунку асноўныя баявыя дзеянні па-ранейшаму засяроджаныя ў ваколіцах гораду Арэхаў у Запарожскай вобласці.

Генштаб ЗСУ піша пра няўдалыя атакі праціўніка каля Малой Такмачкі. Аналітыкі Deepstate паведамляюць пра няўдачу расейцаў побач з Навапрокапаўкай.

У гэты ж час самыя ўкраінцы, паводле Мінабароны РФ, атакавалі каля сёлаў Вэрбовае і Работына, але таксама не мелі поспеху.

Hавiны
Звыш 4 тысяч украінскіх дзяцей вывезлі з акупаванага Крыму ў Расею і Беларусь
2023.10.25 12:32

Херсонскі кірунак (лінія фронту ў аднайменным рэгіёне)

На херсонскім кірунку працягваецца наступальная аперацыя Збройных сілаў Украіны на левым беразе Дняпра.

«Рыбарь» піша, што ўкраінцы замацаваліся ў ваколіцах лецішчаў каля Антонаўскага моста і пачалі рухацца ў кірунках Пішчанаўка – Пойма і Підстэпнае – Кудасава.

Адначасова з гэтым працягваюцца баі ў сяле Крынкі, дзе раней удалося замацавацца ўкраінскім вайскоўцам.

Тэлеграм-канал «Два майора» мяркуе, што цяпер галоўнай задачай ЗСУ з’яўляецца выхад на дарогу Пойма – Казачыя Лагеры, па якой ажыццяўляецца перамяшчэнне вайскоўцаў РФ уздоўж Дняпра.

Між тым аналітыкі амерыканскага інстытуту вывучэння вайны сцвярджаюць, што ўкраінцы ўжо занялі частку гэтай дарогі ў ваколіцах Підстэпнага. Таксама адзначаецца, што Збройныя сілы перакінулі рэзервы на астравы ў дэльце Дняпра для развіцця свайго наступу.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Hавiны
Словазлучэнне «полк Каліноўскага» назвалі «экстрэмісцкім матэрыялам»
2023.10.25 11:44

Таццяна Міронава belsat.eu 

Стужка навінаў