Прапагандыст Вадзім Гігін стаў назіральнікам на псеўдарэферэндуме ў «ЛНР»


Старшыня дзяржаўна-грамадскага аб’яднання «Знание» Вадзім Гігін заявіў, што галасаванне ў самаабвешчанай «ЛНР» нібыта адпавядае міжнародным стандартам. Нагадаем, Беларусь афіцыйна не прызнала незалежнасці «ДНР» і «ЛНР».

Пра тое, што Гігін зʼяўляецца назіральнікам на «рэферэндуме» аб уваходжанні акупаваных тэрыторыяў Украіны ў склад Расеі, паведаміла «РИА Новости».

«Мы не так шмат паглядзелі ўчасткаў, і тое, што мы бачым, пра нейкія сурʼёзныя парушэнні, мы не можам казаць. Ёсць пэўныя асаблівасці ў арганізацыі працэсу, але яны абсалютна адпавядаюць як мясцоваму заканадаўству, так і абсалютна не супярэчаць міжнародна прынятым нормам арганізацыі выбарчага працэсу», – цытуе Гігіна расейскае агенцтва.

Цікава, што беларускія дзяржаўныя медыі раней не распавядалі пра новую місію Гігіна ў «ЛНР».

Аналітыка
«Дэ-факта мы прызналі». Як рэжым Лукашэнкі супрацоўнічае з «ДНР», «ЛНР» і Крымам
2022.07.22 19:30

Тым часам у Кабінеце міністраў Украіны заклікалі расследаваць дзейнасць замежных грамадзянаў, якія ўдзельнічаюць у назіранні за правядзеннем псеўдарэферэндумаў на акупаваных Расеяй тэрыторыях.

«Гэта прадстаўнікі самой Расеі, а таксама Беларусі, Сірыі, Егіпта, Бразіліі, Венесуэлы, Уругвая, Тога, ПАР. Па сутнасці, яны ўдзельнічаюць у калектыўным злачынстве супраць суверэннай незалежнай дзяржавы Украіна», – заявілі ў Міністэрстве па пытаннях рэінтэграцыі часова акупаваных тэрыторыяў.

Міністэрства заклікала праваахоўныя органы Украіны «расследаваць легітымнасць уезду, знаходжання і ажыццяўленні любой дзейнасці так званых замежных назіральнікаў на часова акупаваных украінскіх тэрыторыях».

Аналітыка
У «ДНР», «ЛНР» і акупаваных украінскіх рэгіёнах праходзяць рэферэндумы аб далучэнні да Расеі. Што пра іх вядома?
2022.09.23 11:32

Нагадаем, з 23 да 27 верасня ў самаабвешчаных «ЛНР», «ДНР», а таксама на акупаваных тэрыторыях Херсонскай і Запарожскай вобласцяў цягам пяці дзён будуць праходзіць «рэферэндумы» аб далучэнні да Расеі. «Рэферэндумы» з’яўляюцца незаконнымі з пункту гледжання заканадаўства Украіны і міжнароднага права. Краіны Захаду лічаць галасаванне фіктыўным і не маюць намеру прызнаваць вынікі.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў