«Дэ-факта мы прызналі». Як рэжым Лукашэнкі супрацоўнічае з «ДНР», «ЛНР» і Крымам


Аляксандр Лукашэнка 21 ліпеня ў інтэрв’ю AFP заявіў, што дэ-факта «мы прызналі, што ёсць Крым, Луганск і Данецк» і «фактычна з імі супрацоўнічаем». Belsat.eu распавядае, што вядома пра супрацу афіцыйнага Менску з самаабвешчанымі рэспублікамі Данбасу і анексаваным Крымам.

Супраца з Крымам

«Я буду дапамагаць Луганску і Данецку. Крыму буду дапамагаць. Мы з імі супрацоўнічаем, мы гэтага не хаваем», – заявіў Лукашэнка ў інтэрв’ю AFP.

Сапраўды, супраца з гэтымі тэрыторыямі ішла ўжо даўно і не надта хавалася. Яшчэ ў кастрычніку 2014 года падчас прэс-канферэнцыі для расейскіх журналістаў Лукашэнка прызнаўся, што дасылаў у анексаваны Крым дэлегацыю «на ўрадавым узроўні».

«Вашыя бізнесоўцы (расейскія – заўв. belsat.eu), я іх шмат каго ведаю, вашыя кіраўнікі асобныя, і нямала іх, баяцца ўвогуле Крым вымаўляць, бо ў многіх там грошы, на Захадзе, уласнасць і гэтак далей, яны баяцца наогул пастаўляць неабходнае ў Крым… А я – на ўрадавым узроўні», – хваліўся ён.

Праўда, такая супраца і не афішавалася. У прыватнасці, дагэтуль невядома, хто ўваходзіў у тую дэлегацыю, пра якую казаў Лукашэнка, калі яна наведвала Крым і пра што там дамаўлялася.

Аляксандр Лукашэнка дае інтэрв’ю журналісту агенцтва AFP у Менску, Беларусь. 21 ліпеня 2022 года.
Фота: Alexander Nemenov / AFP / East News

Разам з тым, гандаль з крымскімі прадпрыемствамі ішоў усе 8 гадоў. Напрыклад, у Крым пастаўлялі сваю прадукцыю такія буйныя прадпрыемствы, як МАЗ і «Амкадор», а Беларуская чыгунка набывала на Керчанскім заводзе чыгуначныя стрэлкі. У Крым Беларусь экспартавала розныя харчы, а ў беларускіх крамах заўсёды можна было купіць крымскае віно з нацыяналізаванага Расеяй заводу «Массандра» (прычым Беларусь стала адным з асноўных рынкаў збыту для гэтага прадпрыемства).

У 2018 годзе, калі афіцыйны Менск яшчэ пазіцыянаваў сябе як нейтральны бок у канфлікце Расеі і Украіны, сталы прадстаўнік прэзідэнта Украіны ў Крыме Барыс Бабін распавядаў belsat.eu:

«Паводле афіцыйных дадзеных, на сённяшні дзень Беларусь з’яўляецца асноўным спажыўцом экспартных тавараў з Крыму. Яна займае першае месца. У асноўным гандлююць вырабамі з металу, сельскагаспадарчай прадукцыяй… З Крыму ў Беларусь ідзе вялікі сэт прамысловых вырабаў, і ідзе наўпрост».

Натуральна, пасля 2020 года, калі афіцыйны Менск перастаў гуляць у нейтралітэт, супраца толькі пашырылася. У сакавіку 2022 года гандлёвы прадстаўнік РФ у Рэспубліцы Беларусь Юрый Залатароў падкрэсліў, што «адзначаецца ўпэўненае нарошчванне аб’ёмаў экспартаваных прадуктаў і паслуг з Рэспублікі Крым у Беларусь». Ён адзначыў, што Беларусь выступае асноўным партнёрам Крыму і маштабы супрацы будуць толькі павялічвацца, у тым ліку ў сферы турызму.

У красавіку 2022 года быў анансаваны запуск наўпроставага цягніка з Менску ў Крым. У сістэме раскладу на сайце Беларускай чыгункі ўжо з’явіліся станцыі «Сімферопаль-Грузавы» і «Сімферопаль-Пасажырскі», першы рэйс меўся адбыцца 26 траўня. Але пакуль з невядомых прычынаў маршрут Менск – Сімферопаль так і не запрацаваў.

Аб’ектыў
Прамы цягнік з Менску ў акупаваны Крым не паехаў
2022.05.30 00:00

Таксама заяўлена, што абмяркоўваецца магчымасць наўпроставых авіязносінаў паміж Беларуссю і Крымам. Аднак невядома, на якой стадыі цяпер здзяйсненне гэтага намеру. «Паляцім тады, калі трэба будзе», – туманна выказаўся на гэты конт Лукашэнка ў лістападзе 2021 года.

Гандаль з «ЛДНР»

Плынь беларускай прадукцыі на падкантрольныя «ЛДНР» тэрыторыі Данбасу хлынула яшчэ ў 2015 годзе. У асноўным гаворка ішла пра экспарт харчоў і алкаголю. Яшчэ ў 2016 годзе доля беларускіх тавараў на спажывецкім рынку «ДНР» ацэньвалася мясцовымі медыямі прыкладна на 25 %. Таксама на непадкантрольныя Украіне тэрыторыі трапляла прадукцыя беларускай цяжкой прамысловасці, у тым ліку МАЗу, Менскага трактарнага заводу і «Амкадору».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Агулам сваю прадукцыю на Данбас пастаўлялі дзясяткі беларускіх прадпрыемстваў, як дзяржаўных, так і прыватных. Былі і асобныя выпадкі імпарту ў Беларусь.

Натуральна, той факт, што Беларусь афіцыйна не прызнае «ДНР» і «ЛНР», стварала пэўныя перашкоды для супрацы. Беларускія прадпрыемствы не маглі ўказаць у афіцыйных дакументах фірму з непрызнанай дзяржавы і не маглі з ёй наўпрост разлічыцца праз банкаўскую сістэму. Таму часцей за ўсё бакі мусілі працаваць праз фірмы-пракладкі ў РФ, з якімі заключаліся фармальныя кантракты.

У 2017–2018 гадах журналісты «Белсату» падрыхтавалі шэраг расследаванняў, прысвечаных гэтаму «бізнесу на вайне». У тым ліку з іх стала вядома, што непасрэднымі бенефіцыярамі такога бізнесу часам аказваліся асобы, якіх афіцыйны Кіеў падазрае ў фінансаванні тэрарызму.

Hавiны
Як «гаманец» баевікоў ДНР звязаны з Беларуссю. Новыя факты пра бізнес на вайне
2019.02.11 12:31

Улады Украіны рэагавалі на беларускія пастаўкі ў «ЛДНР» даволі стрымана. Хаця афіцыйна Кіеў пагражаў Менску санкцыямі, у тым ліку супраць буйных прадпрыемстваў, але за ўвесь час у санкцыйны спіс Украіны трапілі (прычым часова) толькі дзве кампаніі з Беларусі – Мазырскі спіртагарэлачны завод і ААТ «Свет піва».

Гандаль паміж Беларуссю і «ЛДНР» працягваецца і цяпер, пасля пачатку поўнамаштабнай вайны. У чэрвені 2022 года кіраўнік самаабвешчанай «ДНР» Дзяніс Пушылін у інтэрв’ю дзяржаўнаму тэлеканалу «Беларусь 1» прызнаў наяўнасць кантактаў двух бакоў на лініях бізнесу, пастаўкі прадукцыі з Беларусі (у тым ліку ў нядаўна акупаваны Марыупаль) і ў Беларусь. Хаця адначасова ён наракаў, што аб’ёмы гандлю яшчэ не тыя, «якія маглі б задаволіць рынак Рэспублікі Беларусь і Данбасу». Паводле яго, «ДНР» зацікаўленая ў супрацы ў сферы сельскай гаспадаркі, пастаўках угнаення, МАЗаў, трактароў, экскаватараў.

«На розных узроўнях гэтае пытанне ўжо прапрацоўваецца», – дадаў ён, але не ўдакладніў, пра якія ўзроўні ідзе гаворка.

Пушылін таксама заявіў, што беларускі бок нібыта гатовы далучыцца да аднаўлення Марыупалю. Адпаведную інфармацыю агучвалі і іншыя крыніцы. У пачатку чэрвеня пуцінская партыя «Единая Россия» паведаміла пра намер скаардынаваць удзел прадпрымальнікаў Расеі і Беларусі ў «аднаўленні і развіцці Данбасу» і нават анансавала падпісанне нейкіх пагадненняў.

Hавiны
З ДНР у Беларусь за 32 гадзіны. Як працуюць нелегальныя пасажырскія перавозкі
2019.04.01 11:30

Неафіцыйныя кантакты без афіцыйнага прызнання

У інтэрв’ю AFP Лукашэнка заявіў, што гатовы прызнаць «ДНР», «ЛНР» і Крым, але цяпер у гэтым няма патрэбы.

«Трэба – прызнаю ўказам прэзідэнта. Калі гэта патрэбна будзе. Але цяпер гэта нічога не дасць дадаткова», – адзначыў ён.

Якім указам можна прызнаць Крым – не зусім зразумела. Насамрэч фармальнай працэдуры прызнання ці непрызнання анексіі проста не існуе, бо з такімі тэрыторыямі не трэба ўстанаўліваць дыпламатычных зносінаў. А паводле факту афіцыйны Менск заўсёды падтрымліваў Расею ў крымскім пытанні на ўзроўні ААН і апраўдваў дзеянні пуцінскага рэжыму, хоць адкрыта і не вітаў анексіі. У лістападзе 2021 года Лукашэнка заняў яшчэ больш выразную пазіцыю: ён наўпрост заявіў, што лічыць Крым расейскім і дэ-факта, і дэ-юрэ, а таксама выказаў гатовасць наведаць Севастопаль.

Прызнанне «ДНР» і «ЛНР» – іншая справа. Такі выбар сапраўды мусіць быць афіцыйна аформлены. Аднак пакуль Беларусь не прызнала незалежнасці самаабвешчаных «ДНР» і «ЛНР» – і ўрадавыя дэлегацыі гэтых тэрыторыяў не наведвалі (прынамсі афіцыйна).

Разам з тым, рэжым Лукашэнкі апошнім часам актывізаваў неафіцыйныя кантакты з «ЛДНР». Напрыклад, у пачатку чэрвеня акупаваныя тэрыторыі Данбасу з «гуманітарнай місіяй» наведала дэлегацыя Ліберальна-дэмакратычный партыі на чале з дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Алегам Гайдукевічам. У ліпені Луганск наведаў прапагандыст, старшыня дзяржаўна-грамадскага абʼяднання «Знание» Вадзім Гігін – ён заявіў пра намер адкрыць там беларускі культурна-асветніцкі цэнтр.

У Луганску і Данецку, напэўна, разлічваюць на далейшае пашырэнне кантактаў з рэжымам Лукашэнкі. 20 ліпеня прадстаўніца групоўкі «ДНР» Алена Шышкіна заявіла, што Беларусь хоча даслаць сваіх прадстаўнікоў для ўдзелу ў «міжнародным трыбунале» над украінскімі палоннымі з «Азоўсталі». Гэты «суд» Расея хоча ўчыніць на падкантрольнай «ДНР» тэрыторыі да канца лета.

Шышкіна, праўда, не патлумачыла, які статус будзе ў прадстаўнікоў Беларусі – будуць яны ўдзельнічаць у арганізацыі «працэсу» або прысутнічаць у якасці назіральнікаў.

Аналітыка
Ад абяцанняў «разабрацца» да эфіру БТ. Як улады дэ-факта легалізуюць баевікоў «ДНР»
2022.07.21 08:30

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў