Турыстычны сезон падчас вайны. Як адпачываюць у Адэсе, нягледзячы на паліцэйскія рэйды і глыбакаводныя міны


Беларускі фатограф Саша Зянковіч усё лета жыве ў Адэсе. Ён на ўласныя вочы назірае за спробамі мясцовых уладаў пераканаць жыхароў і гасцей гораду не купацца ў моры і трымацца падалей ад гарадскіх пляжаў. Адэсіты, з уласцівым ім спакоем, проста ігнаруюць заклікі мясцовых уладаў.

Фота: Саша Зянковіч

Саша падзяліўся з «Белсатам» фотоздымкамі і запісамі са свайго дзённіка.

Забарона здалася непераканаўчай

Яшчэ напачатку турыстычнага сезону мясцовыя ўлады ў Адэсе папрасілі жыхароў горада з паразуменнем паставіцца да забароны наведваць гарадскія пляжы. Кіраўнік Адэскай вобласці Максім Марчанка казаў, што ў сувязі з рэгулярнымі ракетнымі абстрэламі Адэскай вобласці месцы збору людзей у зоне падвышанай небяспекі.

А вось як гэтую сітуацыю апісвае Саша Зянковіч. «Усё лета я назіраю за тым, як у Адэсе разгортваецца супрацьстаянне паміж адміністрацыяй вобласці і гараджанамі, якія, мабыць, не ўяўляюць сваё жыццё без мора. Усё пачалося яшчэ ў сакавіку. Тады адміністрацыяй была выдадзена пастанова, якая забараняе наведваць пляжныя зоны, з-за небяспекі падарвацца на мінах. Усе пляжы абгарадзілі стужкамі і шыльдачкамі з папярэджаннем аб мініраванні. Такія меры здаліся адэсітам непераканаўчымі. Народ працягваў загараць і купацца як ні ў чым не бывала, часам утульна размяшчаўся прама пад чырвоным знакам з чэрапам. Скончылася ўсё гэта прадказальна – некалькі чалавек падарваліся, яшчэ некалькі атрымалі сур’ёзныя раненні. Тады адміністрацыя перайшла да больш пераканаўчых захадаў: штрафаў, затрыманняў, позваў у ваенкамат. Апошняе аказалася найбольш эфектыўным. Як толькі прайшлі чуткі, што па пляжах ходзяць камісары з позвамі, уся берагавая лінія імгненна апусцела. З тых часоў на беразе ніхто не з’яўляўся, а самі пляжы хутка пакрыліся нейкім пустазеллям і сталі нагадваць пустынныя кадры з амерыканскіх вестэрнаў».

Фота: Саша Зянковіч

Падлеткавы бунт?

Як можна здагадацца, гісторыя на гэтым не скончылася. Адпачывальнікі проста змянілі пляжы на бетонныя ўзбярэжжы.

На пачатку жніўня ТСН піша: «На пляжах Адэсы, нягледзячы на забарону на купанне з-за высокай міннай небяспекі, масава купаюцца людзі. Больш таго, яны робяць гэта на вачах у паліцыі. Так, пакуль адпачывальнікі скачуць у ваду з пірсу і купаюцца, трое паліцэйскіх проста глядзяць на гэта. Па словах відавочцаў, адэскія праваахоўнікі стаміліся бегаць за парушальнікамі».

Фота: Саша Зянковіч
Фота: Саша Зянковіч

Гэта ж назіранне пацвярджае і фатограф Саша Зянковіч. Паводле яго словаў, пасля ўвядзення забароны адпачываць на пляжах, у Адэсе сталі актыўна асвойваць прычалы, бетонныя маставыя і ўзбярэжжа. Увогуле, па словах Сашы, «месцы, дзе раней тусаваліся толькі рыбакі ды чайкі, хутка ператварыліся ў зоны марскога адпачынку».

Неўзабаве мясцовыя ўлады зрабілі новы крок і забаранілі наогул усё.

Фота: Саша Зянковіч
Фота: Саша Зянковіч

«Народ успрыняў гэта як асабістую абразу. Адказаць на такую непавагу яны вырашылі поўным ігнараваннем. У сетках сталі з’яўляцца відэа з адкрыта здзеклівым стаўленнем да патрульных. На адным з іх паліцыянты ўгаворваюць чалавека выйсці з вады, на што той дэманстратыўна паказвае сябе ў якасці маржа», – кажа Саша. Па яго словах, гэта выглядала як нейкі падлеткавы бунт. Дарослыя людзі, многія ўжо пенсійнага ўзросту, бегалі ад патрульных, нібы падлеткі, застуканыя ў школьнай прыбіральні з цыгарэтай.

14 жніўня ўкраінскія медыя паведамілі, што тры чалавекі падарваліся на міне ў Адэскай вобласці, калі купаліся ў моры.

«Баюся яны не апошнія, – кажа Саша. – Літаральна некалькі дзён таму я зноў бачыў людзей, якія сядзелі на пляжах і купаліся ў моры. У чым прычына такой пагарды да ўласнага жыцця, я не ведаю. Гэта трэба пытацца ў псіхолагаў. Упэўнены, што тут ёсць прамая сувязь з гэтай бесчалавечнай вайной. Калі смерць становіцца звыклым фонам, мабыць, усе пачуцці прытупляюцца, у тым ліку і пачуццё самазахавання».

Фота: Саша Зянковіч
Фота: Саша Зянковіч

Пляжы ў Адэсе замініраваныя ад пачатку вайны ва Украіне. Гэта было зроблена, каб перашкодзіць высадцы расейскіх марскіх дэсантнікаў. Пры гэтым замініраваная і акваторыя Чорнага мора. Глыбакаводныя міны расстаўлялі ўжо расейскія вайскоўцы, каб перашкодзіць дастаўцы зброі Украіне марскім шляхам.

Фота: Саша Зянковіч
Фота: Саша Зянковіч
Фота: Саша Зянковіч
Фота: Саша Зянковіч
Рэпартаж
«Супрацьгазы цяпер больш купляюць». Рэпартаж з культавага Стараконнага рынку ў Адэсе
2022.03.29 09:32

AA / Герон belsat.eu

Стужка навінаў