Як жывецца ў ваенны час? Якія дэталі робяцца асабліва каштоўнымі? Якія элементы задавальнення сталі небяспечнымі? Чаму выкананне руцінных штодзённых справаў ператварылася ў задачу з зорачкай? Мы папрасілі нашага адэскага карэспандэнта расказаць, як цяпер выглядае звычайны дзень з ягонага жыцця. Слова Усеваладу Ананьеву.
– Наколькі я ведаю, на моладзевым слэнгу слова «трэмар» азначае мандраж. Вайскоўцы, напэўна, адчуваюць яго кожны дзень у акопе «на перадку». Я, хоць і не вайсковец, усё ж цяпер зведваю гэты трэмар штодня. І хоць, дзякуй Богу, Адэсу не бамбуюць, горад нібыта жыве мірам, але кожны паход у банк ці нават на абед у кавярні ператвараецца для людзей у сапраўднае маленькае выпрабаванне. Сёння з раніцы мне яго таксама трэба прайсці. Растлумачу: цяпер у мяне адзін смартфон на дваіх з маёй дзяўчынай. Навіны ў асноўным даведаюся ці ад яе, ці з афіцыйных крыніцаў, увечары – за ноўтбука. А раніцай скончыліся кава і цыгарэты…
На гадзінніку восьмая раніцы. Якраз скончылася каменданцкая гадзіна. Пакуль мая дзяўчына яшчэ спіць, трэба выйсці па курыва ў найбліжэйшую краму. Гэта забірае прыкладна хвілін 30–40, бо кожны дзень дробныя крамачкі адкрываюцца ў розны час – звычайна пазней за буйныя сеткі. Але пакуль і там знойдзеш нешта адкрытае, мімаволі абыдзеш усю акругу. Сустракаеш па дарозе суседзяў-сабачнікаў. Яны, мабыць, першыя пасля дворнікаў, хто выходзіць ранкам на вуліцу. Твары сонныя – мінулай ноччу было некалькі сігналаў паветранай трывогі, людзі практычна не спалі. Ратуе ранішняя кава – балазе, дэфіцыту гэтага напою ў Адэсе пакуль няма.
Нарэшце, цыгарэты і хітсы для майго Iqos (так, знайсці іх у продажы – асобны квэст) дастаўленыя дадому, прыгатаваны лёгкі сняданак – шматкі з малаком. Можна рушыць у дарогу. Спачатку – завезці маці ў больніцу, затым знайсці адкрытую кавярню. Рэдакцыя даручыла зрабіць адтуль невялікі нарыс.
Дарогі паўпустыя. Але кіроўцы не ліхачаць – па-першае, моцныя гукі і так не давалі спаць уначы (на шчасце, учора абышлося без выбухаў). Па-другое, правілы даводзіцца шанаваць з меркаванняў сваёй бяспекі – відэарэгістратары забаранілі, а ў паліцыі ўдзень і ноччу шмат справаў – лішняе ДТЗ не трэба нікому.
У больніцы нас заспявае чарговая паветраная трывога. Наведнікаў просяць прайсці ў сховішча. Нейкі час хаваемся ў сховішчы. «Колькі яшчэ чакаць?» – «А раптам якраз зараз прыляціць?» – я бачу на тварах пацыентаў і персаналу нямыя пытанні, адказы на якія не даюць заснуць начамі і мне.
Урэшце можна выходзіць. Глыток чыстага паветра, хуткая цыгарэтная зацяжка – і мы едзем на іншую частку гораду – у цэнтр, а далей – крыху пешшу.
На адной з цэнтральных вуліц ажыўлена. Людзі ідуць па сваіх справах. Пачынаю заўважаць нафарбаваных дзяўчат вакол – і раптам на імгненне няўмольна запахла вясною. Ды яшчэ і пах свежых кветак ад прадавачкі, якая стаіць на рагу, лашчыць нос… Эх.
Неба чыстае. Часам, на ўсякі выпадак пазіраю туды. Успышак не назіраю – толькі яркае сонца. Значыць, можна пачаць пошукі кавярняў – апошні раз я быў ва ўстановах яшчэ да вайны. Цяпер тут амаль нічога не працуе. Раптам сустракаем знаёмага калегу-журналіста.
– Не ведаеш, дзе адкрытая кавярня або рэстаран?
– Ведаю!
Едзем абедаць туды. Вольны столік толькі ля акна – не вельмі добра ў плане бяспекі. Але побач ёсць бамбасховішча. Ну, калі што…
Чакаем замову доўга. Бо сёння адсюль працуе яшчэ і дастаўка – папулярны сэрвіс у ваенны час. Але, нарэшце, чаканне апраўданае – ёсць магчымасць пакаштаваць курыны шашлычок… Смаката! Сапраўды, добрая грузінская ўстанова не можа расчараваць. Даядаем спакойна, няспешна. Нарэшце я чую музыку – проста ўключылі нейкую народную песню. Чуць музыку ў Адэсе, калі ў чаканні замовы чытаеш навіны з суседняга Мікалаева, – шчасце. Прынамсі, для мяне. Ды і, мабыць, для ўсіх, хто навокал. Разлічваемся карткай – тут гэта сёння можна. Чарговая маленькая радасць.
У страўніку цёпла, а на зваротным шляху дадому супакойваюцца думкі. Але мімаволі адначасова абдумваю: ці паспеем мы да каменданцкай гадзіны парабіць усе свае сённяшнія справы? Здаецца, усё добра – часу хапае.
Усевалад Ананьеў Belsat.eu