У Дзень волі Жузэп Бурэль назваў беларусаў крыніцай натхнення для ЕЗ


Вярхоўны прадстаўнік Еўразвязу па вонкавай палітыцы і палітыцы бяспекі Жузэп Бурэль 25 сакавіка 2023 года, калі беларусы па ўсім свеце адзначаюць Дзень волі, выступіў з заявай, у якой запэўніў беларускі народ у падтрымцы з боку ЕЗ. На Захадзе 25 сакавіка – Дзень салідарнасці з Беларуссю.

Жузэп Бурэль.
Фота: europarl.europa.eu

Жузэп Бурэль адзначыў, што сёлета беларускі Дзень волі мае асаблівае значэнне на фоне ўзмацнення ўнутраных рэпрэсіяў нелегітымнага рэжыму Лукашэнкі, а таксама падрыву незалежнасці і суверэнітэту Беларусі шляхам падпарадкавання яе Расеі і спрыяння ўдзелу ў агрэсіі супраць Украіны.

«Пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі працягвае рэзка пагаршацца, – падкрэсліў еўрапейскі чыноўнік. – Дзясяткі тысяч беларусаў былі арыштаваныя за мірныя акцыі пратэсту ці проста за выказванне свайго меркавання. Амаль 1500 з іх цяпер з’яўляюцца палітвязнямі. Дзейнасць сотні арганізацыяў грамадзянскай супольнасці была задушаная. <…>.  ААН задакументавала шматлікія выпадкі катаванняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных ці прыніжаючых годнасць пакаранняў».

Жузэп Бурэль узгадаў даклад Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека ад 22 сакавіка, у якім гаворыцца пра сістэматычныя, шырока распаўсюджаныя і грубыя парушэнні правоў чалавека ў Беларусі, якія дагэтуль працягваюцца, і шэраг з іх можа быць кваліфікаваны як злачынствы супраць чалавечнасці.

«Беспакаранасць за доўгі спіс парушэнняў правоў чалавека абсалютная, а сістэма правасуддзя выкарыстоўваецца супраць дзеячаў апазіцыі, блогераў, журналістаў, праваабаронцаў, прафсаюзных актывістаў і юрыстаў, – гаворыцца ў заяве Бурэля. – Рэжым ігнаруе не толькі пажаданні большасці насельніцтва, але і ўласныя міжнародныя абавязальніцтвы Беларусі і цэментуе сваю міжнародную ізаляцыю».

Hавiны
УВКПЧ ААН бачыць у падзеях у Беларусі прыкметы злачынстваў супраць чалавечнасці
2023.03.18 10:22

Вярхоўны прадстаўнік ЕЗ па вонкавай палітыцы і палітыцы бяспекі звяртае ўвагу, што нягледзячы на рэпрэсіі, беларускі народ працягвае дэманстраваць «выключную мужнасць у барацьбе за свабоду і свае асноўныя правы».

«Беларускі народ з’яўляецца крыніцай натхнення для ўсіх нас і карыстаецца поўнай падтрымкай Еўразвязу. Мы будзем і далей салідарныя і працягнем падтрымліваць беларускі народ, які імкнецца да свабоднай, дэмакратычнай і незалежнай Беларусі», – запэўніў Бурэль.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў