Байдэн заявіў, што ЗША пакуль што не будуць пастаўляць Украіне самалёты F-16


Прэзідэнта ЗША Джо Байдэн заявіў, што Украіне пакуль што не патрэбныя F-16, але пастаўляюцца іншыя патрэбныя для перавагі ў баявых дзеяннях узбраенні. Аб гэтым ён сказаў у інтэрвʼю «ABC News» з нагоды гадавіны расейскага ўварвання. 

Прэзідэнт Джо Байдэн дае эксклюзіўнае інтэрвʼю тэлеканалу «ABC News». 24 лютага 2023 года.
Фота: «ABC News» / abcnews.go.com

У інтэрвʼю амерыканскай тэлекампаніі «ABC News» прэзідэнт ЗША Джо Байдэн выключыў на дадзены момант адпраўку перадавых амерыканскіх шматмэтавых самалётаў F-16 ва Украіну. Тэлеканал у сваім паведамленні падкрэслівае, што заява амерыканскага лідара прагучала нягледзячы на неаднаразовыя публічныя заклікі прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага.

«Вы не думаеце, што яму зараз патрэбныя F-16?» – спытаў вядучы «ABC News» Дэвід Мюір у эксклюзіўным інтэрвʼю ў Белым доме ў пятніцу 24 лютага.

«Не, цяпер яму не патрэбныя F-16», – адказаў Байдэн.

На пытанне Мюіра, ці азначае гэта «ніколі», Байдэн сказаў, што няма ніякага спосабу дакладна даведацца, што спатрэбіцца ўкраінскай абароне ў будучыні, але што «няма падстаў, на якіх, на думку нашых ваенных зараз, можна было б даць F-16 ».

«Я пакуль выключаю гэта», – сказаў Байдэн.

Аднак амерыканскі прэзідэнт падкрэсліў, што зараз ва Украіну адпраўляецца тое, што на думку «дасведчаных вайскоўцаў ЗША, трэба зараз». Гэта танкі, артылерыя, супрацьпаветраная абарона, у тым ліку HIMARS. Паводле адзнакі Байдэна, ЗША адпраўляюць Украіне тое, што трэба, каб забяспечыць магчымасць поспехаў увесну, улетку і ў пачатку восені.

Раней паведамлялася, што 23 лютага прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда заявіў пра гатовасць перадаць Украіне самалёты, аднак пакуль толькі савецкія МіГ-29. Пастаўкі больш сучасных знішчальнікаў Варшава будзе абмяркоўваць разам з партнёрамі.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў