Расея сцвярджае, што папярэдзіла Украіну аб палёце Іл-76, які разбіўся. Украіна адмаўляе


Расейскі дэпутат Андрэй Картаполаў заявіў, што ўкраінская ваенная разведка была папярэджана за 15 хвілін да таго, як расейскі ваенна-транспартны самалёт нібыта быў збіты ў Белгародскай вобласці. Ва ўкраінскай выведкі іншая версія.

Момант крушэння самалёту Іл-76.
Фота: t.me/HORIZONTAL_RUSSIA

«Украінскі бок быў афіцыйна папярэджаны, і за 15 хвілін да таго, як самалёт увайшоў у зону, ім была прадастаўлена поўная інфармацыя, якую яны атрымалі, і Галоўнае ўпраўленне разведкі ўкраінскіх узброеных сіл пацвердзіла атрыманне», – сказаў Картаполаў, абвінавачваючы Украіну ў тым, што яна збіла самалёт.

Паводле версіі Масквы, у Іл-76, які разбіўся 24 студзеня, знаходзілася 74 чалавекі, у тым ліку 65 палонных украінскіх жаўнераў, якія накіроўваліся для абмену на расейскіх ваеннапалонных.

Украіна адмаўляе, што яе папярэджвалі. Яна не пацвердзіла і не зняпраўдзіла факт збіцця самалёта сваімі сіламі, але аспрэчыла дэталі версіі Масквы і заклікала да міжнароднага расследавання.

Прадстаўнік украінскай вайсковай выведкі Андрэй Юсаў заявіў, што Кіеў не атрымліваў ад Расеі просьбаў устрымацца ад нападаў у паветранай прасторы, дзе быў збіты самалёт. Таксама, паводле яго слоў, на борце павінны былі знаходзіцца некалькі VIP-асобаў ад ваенна-палітычнага прадстаўніцтва Расеі.

«Іх прозвішчы вядомыя і будуць названыя, матэрыялы будуць прадстаўленыя ў рамках міжнароднага расследавання. Але ў апошні момант ФСБ фактычна загадала ім не садзіцца на гэты борт і скарыстацца іншымі відамі транспарту», – заявіў Юсаў.

Пасля здарэння расейскія праўладныя СМІ адразу заявілі, што там былі ваеннапалонныя для абмену. «Украінская праўда» паведамляла, што да крушэння самалёта мае дачыненне СБУ. Потым выданне ўдакладніла, што інфармацыя не пацвердзілася. Крыніцы «Украінскай праўды» ў Генштабе Украіны распавялі, што на борце былі ракеты для комплексаў С-300.

Міністэрства абароны Расеі заявіла, што самалёт быў збіты двума ўкраінскімі ракетамі, якія нібыта запусцілі з Харкаўскай вобласці.

Крыніца агенцтва «Інтэрфакс-Украіна» сцвярджае, што самалёт зусім разбіўся на ўзлёце. У такім выпадку ён павінен вылятаць з Белгародскай вобласці, а не ляцець туды, як сцвярджае расейскі бок.

Абноўлена
У Расеі разбіўся Іл-76. Расейскі бок сцвярджае, што там былі ваеннапалонныя
2024.01.24 14:27

 

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў