Заробак у «ByPol» – $ 1400. Што яшчэ паказаў аўдыт арганізацыі?


Сябра назіральнай рады «ByPol» Аляксандр Кныровіч у эфіры «Еўрарадыё» апавёў падрабязнасці аўдыту арганізацыі. Ён адзначыў, што ў бухгалтараў узнікла толькі адное пытанне: сплата падаткаў з прыбыткаў ад YouTube. Агулам аніякіх парушэнняў аўдытары не знайшлі.

Александр Азаров, представитель инициативы BYPOL
Аляксандр Азараў, прадстаўнік ініцыятывы «ByPol». Варшава, Польшча. 25 кастрычніка 2021 года.
Фота: Аліса Ганчар

Бізнесовец, сябра назіральнай рады «ByPol» Аляксандр Кныровіч раскрыў падрабязнасці аўдыту арганізацыі. Правяранне зладзіла польская кампанія «Audit C-Land», што мае неабходны досвед, запэўніў ён:

«Яна працуе ў Польшчы больш за 20 гадоў, мае ўсе неабходныя ліцэнзіі, неабходны досвед, дазвол правяраць арганізацыі, што атрымлівалі грошы ад амерыканскіх фондаў. З фармальнага гледзішча няма ніякіх сумневаў у кампетэнцыі гэтага аўдытара і якасці яго працы».

Кныровіч таксама растлумачыў, што буйныя аўдытары кшталту «Ernst & Young» за такія дробныя справы не бяруцца:

«Пытанні, што ставяцца перад такім аўдытам, – гэта не пытанні ўзроўню буйных аўдытараў. Яны не прыйдуць кантраляваць фонд, праз які прайшло менш за € 400 тысячаў за год».

Фінансавая справаздача «ByPol» за 2022 год. Здымак з відэа: «Еўрарадыё» / YouTube

Паводле Кныровіча, на два пытанні – ці вядзецца справаздачнасць паводле польскіх законаў і ці супадае фінансавая справаздачнасць з рэчаіснасцю – адказ аднолькавы: так, усё ў парадку. Адзіныя хібы – подпіс у дакуменце не ў тым месцы і сплата падаткаў за прыбыткі ад YouTube. «І гэта ўсё, ніякіх іншых пытанняў з боку аўдытараў няма», – сказаў сябра назіральнай рады «ByPol».

Згодна з справаздачаю, летась арганізацыя мела 1,9 мільёна злотых прыбытку (у пераліку каля $ 464 тысячаў) – гэта гранты, ахвяраванні і манетызацыя YouTube-каналу. 80 % пайшло на аплату працы. Сярэдні заробак у «ByPol» быў летась каля $ 1400.

«Сярэдні заробак у «ByPol» – 5700 злотых, гэта сярэдні заробак у Варшаве, нічога фантастычнага», – пракаментаваў Кныровіч.

Адзінае, што ніяк не згадваецца ў справаздачы, – рух грошай на крыптарахунках.

Бізнесовец таксама падкрэсліў, што грантадаўцы не маюць аніякіх прэтэнзіяў да таго, як «ByPol» распарадзіўся грашыма.

«Спадзяюся, што адкрытасць «ByPol» і тое, што ён прапануе паглядзець на лічбы, будзе нейкім штуршком да іншых структураў таксама апавядаць беларусам пра сваю дзейнасць», – падсумаваў Аляксандр Кныровіч.

Hавiны
«ByPol» абвесціў вынікі аўдыту: раскрадання і злоўжыванняў не выявілі
2023.11.24 09:05

Сёння «ByPol» апублікаваў у сваім YouTube-канале відэа з заяваю сузаснавальніка арганізацыі Станіслава Лупаносава. Ён абвесціў пра завяршэнне аўдыту, які «не выявіў раскрадання і злоўжыванняў», паведаміў, што ўсе работнікі былі правераныя на паліграфе «ў аднаго з самых знаных і найбольш аўтарытэтных расейскамоўных паліграфолагаў», а «ўсе запазычанасці перад былымі работнікамі былі выплачаныя».

Акрамя таго, Лупаносаў прыгразіў усім нядобразычліўцам прыцягненнем да адказнасці за «паклёп і абразы» ды паабяцаў найбліжэйшым часам абнародаваць «вынікі следства пра ўдзельнікаў спецаперацыі рэжыму ў дыскрэдытацыі «ByPol» і плану «Перамога».

Разбор
Скандал у «BYPOL»: што вядома, чаму гэта важна і чаму вельмі кепска
2023.06.09 16:43

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў