«Уладара пярсцёнкаў» зноў пераклалі на беларускую. Першую кнігу пачнуць прадаваць 19 снежня


Выдавецтва «Янушкевіч» адкрыла папярэднюю замову кнігі «Валадар Пярсцёнкаў. Брацтва пярсцёнка» – новы беларускі пераклад класікі фэнтэзі Джона Толкіна. Андрэй Янушкевіч расказаў выданню «Zerkalo» пра пераклад і далейшыя планы. 

«Уладар пярсцёнкаў. Брацтва пярсцёнка» ў перакладзе Ігара Кулікова. Выява: Knihauka.com

Брытанскі пісьменнік Джон Толкін пісаў «Уладара пярсцёнкаў» – працяг «Хобіта» – з 1937 да 1949 года. Тры кнігі былі ўпершыню выдадзеныя ў 1954–55 гадах. У 1960-х кніга мела шалёны поспех у Злучаных Штатах, пазней была перакладзеная на дзясяткі моваў, атрымала новую хвалю папулярнасці пасля фільмаў-блакбастараў 2001–2003 гадоў.

Пераклад «Уладара пярсцёнкаў» на беларускую мову Дзмітрыя Магілеўцава і Крысціны Курчанковай выйшаў у 2008 годзе класічным правапісам, кнігі дагэтуль можна купіць або пачытаць онлайн. Мяркуючы па выходных звестках, той пераклад быў «пірацкім», без пакупкі ліцэнзіі праваўладальніка.

Выдавец Андрэй Янушкевіч расказаў, што даўно выношваў ідэю перакладу «Уладара пярсцёнкаў», але яго пужаў аб’ём працы і кошт ліцэнзіі. Думаў пачакаць 2024 года, калі, паводле беларускага заканадаўства, скончацца аўтарскія правы на твор, але выдавецтва аказалася выгнаным за мяжу, а ў Польшчы, дзе выдавецтва аднавіла дзейнасць, законы аб аўтарскім праве іншыя.

Пасля доўгіх перамоваў з праваўладальнікам знайшлі ўмовы, пры якіх кнігу змогуць выдаць, хоць ліцэнзія ўсё роўна была нятанная. Колькі каштавала ліцэнзія, Янушкевіч раскрыць не можа, бо гэта камерцыйная таямніца, але кажа.

Hавiны
Выдавецтва «Янушкевіч» падпісала кантракт са Стывэнам Кінгам наконт перакладу ягоных твораў на беларускую мову
2023.04.20 14:43

Новы пераклад зрабіў паэт і перакладчык Ігар Кулікоў, які ўжо перакладаў «Ліст Нігла» Толкіна, а сярод іншага пераклаў з санскрыту «Рыгведу» – найдаўнейшы моўны твор індыйскай цывілізацыі.

«Брацтва пярсцёнка» аздобіла мастачка Настасся Пазняк, якая дадала на вокладку матыў беларускай выцінанкі. На ўзгадненне аздаблення сышло асабліва шмат часу, але праваўладальнікам і нашчадкам Толкіна спадабалася.

Выдавец спадзяецца, што дзве наступныя кнігі трылогіі будуць выдадзеныя ў 2024 годзе. Янушкевіч кажа, хацеў, каб выданне было «шыкоўным»: на прэміяльнай шведскай паперы, з фальгаваннем і лясэ (закладкай з тканіны), у выданне таксама ўключаныя мапы свету «Уладара пярсцёнкаў». Кніга выйшла нятанная: па перадзамове – 69,9 злотага або каля 54 беларускіх рублёў, і пасля старту продажаў стане на 15–25 % даражэйшай. Янушкевіч адзначае, што хоча прадаць як мага больш экзэмпляраў «па адэкватнай цане», бо гэта важна «і для нашага бізнесу, і для культуры».

Hавiны
Абвешчаны шорт-ліст прэміі Ежы Гедройця
2023.10.09 20:18

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў