Санкцыі за абыход санкцыяў. ЗША караюць за дапамогу Расеі


Улады ЗША ўвялі санкцыі супраць шэрагу кампаніяў з Кыргызстану і Сербіі. Прычына – рээкспарт у Расею тавараў, якія нельга пастаўляць у гэтую краіну. «Белсат» вывучыў статыстыку вонкавага гандлю сяброўскіх рэспублік і заўважыў анамаліі.

ЗША ўвялі санкцыі супраць некалькіх кампаніяў Кыргызстану, Сербіі і ААЭ за рээкспарт чыпаў у Расею.
Фота: Freepik

Расея з леташняга сакавіка пяршынствуе ў свеце як краіна, супраць якой уведзена больш за ўсё санкцыяў. У гэтым паказніку яна апярэдзіла Іран. Намагаючыся пазбегнуць дэфіцыту, Масква, як, дарэчы, і Менск, дазволіла паралельны імпарт шэрагу тавараў – іх вязуць без згоды вытворцаў і праваўладальнікаў.

Яшчэ адно выйсце – пакупка неабходнай прадукцыі праз трэція краіны.

Кыргызстан

20 ліпеня Мінфін ЗША абвесціў аб санкцыях супраць чатырох кіргізскіх кампаніяў: «Карголайн», «ГТМЕ Технологии», «Прогресс Лидер» і «РМ Дизайн анд Девелопмент». Як адзначаецца ў паведамленні ведамства, гэтыя фірмы рээкспартавалі электронныя кампаненты ды іншыя тэхналогіі, у тым ліку тавары падвойнага прызначэння, для абароннага сектару Расеі.

Звесткі міністэрства юстыцыі Кыргызстану сведчаць, што ўсе чатыры кампаніі былі створаныя летась, дзве з іх – «Карголайн» і «Прогресс Лидер» – у адзін дзень, 25 сакавіка.

Прэм’ер-міністр Кыргызстану Акылбек Жапараў, тым часам, паабяцаў «прымаць надалей захады, каб санкцыйныя тавары не міналі нашую мяжу і не ішлі туды, дзе маюцца санкцыі».

А Дзяржкамітэт нацыянальнай бяспекі рэспублікі паведаміў, што пачаў расследаванне дзейнасці прыватных кампаніяў, якія маюць дачыненне да рээкспарту падсанкцыйных тавараў. Там запэўнілі, што дзяржаўныя арганізацыі дрэннымі справамі не займаюцца, а прыватныя фірмы, маўляў, маглі і не ведаць канчатковага атрымальніка прадукцыі.

Звесткі Нацыянальнага статыстычнага камітэту Кыргызстану сведчаць, што рэспубліка апошнім часам рэзка павялічыла як агульны імпарт тавараў (3 2,4 млрд долараў у 2020 годзе да 7,4 млрд долараў у 2022-м), гэтак і экспарт у Расею (з 257 млн долараў у 2020 годзе амаль да мільярда долараў у 2022-м).

Таксама заўважны ўзлёт амаль у шэсць разоў імпарту ў Кыргызстан з Кітаю. Таму, напрыклад, не выклікае здзіўлення паведамленне пра канфіскацыю ў Казахстане партыі кітайскіх дронаў, што везлі транзітам з Кыргызстану ў Расею. Груз затрымалі, бо ў перавозніка не было адмысловай ліцэнзіі.

Яшчэ адметнае: у даваенным 2021 годзе Кыргызстан наогул не экспартаваў у Расею электрадэтанатары, а ў 2022-м паставіў іх на 882 тысячы долараў. Такая ж гісторыя – з таварнай наменклатурай «Іншыя часткі самалётаў, гелікоптараў або беспілотных лятальных апаратаў». У 2021 годзе – нуль, у 2022-м – экспарт на 1,6 млн долараў.

Акрамя таго, Кыргызстан зрабіўся пастаўніком у Расею «іншых паўправадніковых фотаадчувальных прыбораў» (гэта, напрыклад, фотадэтэктары ды інфрачырвоныя датчыкі): у даваенны год – нуль, у 2022-м – экспарт на 302 тысячы долараў. Таксама звяртае на сябе ўвагу пастаўка мікрасхемаў: зноў жа нулявы экспарт у даваенным годзе, а ў 2022-м – на 613 тысячаў долараў.

Сербія

Сербія – таксама аматарка пагандляваць з краінаю, што развязала вайну. Рэспубліканскае бюро статыстыкі падлічыла, што экспарт у Расею вырас з 911 млн долараў у 2020 годзе да 1,2 млрд долараў у 2022-м.

Самы буйны артыкул сербскага экспарту ў Расею – машыны і транспартавае абсталяванне: 298 млн долараў у 2022 годзе супраць 145 млн у 2021-м. Харчоў летась паставілі на 285 млн долараў (амаль столькі ж, 275 млн, было ў даваенным 2021 годзе). Заўважна вырас экспарт наменклатуры «Розныя прамысловыя вырабы»: з 138 млн долараў да 203 млн. Больш за палову з гэтага – 131 млн долараў – адзенне і аксесуары.

Агулам апошнія тры гады Сербія адначасова нарошчвае і імпарт, і экспарт тавараў.

У такой гандлёвай плыні ЗША заўважылі фірму, што дапамагала расейскай кампаніі «АК Микротех» набываць высокатэхналагічныя тавары ў вытворцаў у Азіі, Еўропе і на Блізкім Усходзе. Супраць гэтага пасярэдніка, «MCI Trading DOO Beograd Palilula», 20 ліпеня таксама ўведзеныя санкцыі.

Акрамя таго, пад амерыканскія рэстрыкцыі трапіла кампанія з Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў «Amegino FZE». Паводле Мінфіну ЗША, гэта інжынірынгавая і сэрвісная фірма пасля пачатку вайны ва Украіне паставіла ў Расею «дзясяткі партыяў электронікі, у тым ліку чыпаў».

Наступная Літва?

Літоўскае выданне LRT 20 ліпеня распавяло пра схему экспарту аўтамабіляў у Расею праз Літву і Беларусь. Расследавальнікі знайшлі Telegram-канал «Машыны з Еўропы», дзе прапаноўваюць дастаўку аўта у Маскву і Пецярбург з ЕЗ за 10 дзён, і даведаліся, што да нелегальнага рээкспарту могуць быць датычныя фізічныя і юрыдычныя асобы Літвы.

Звесткі Афіцыйнага статыстычнага парталу балтыйскай рэспублікі пацвярджаюць рост як імпарту аўтамабіляў з Нямеччыны, гэтак і іхнага экспарту ў Беларусь. Пры гэтым таксама высветлілася, што Літва дагэтуль пастаўляе машыны ў Расею, і летась аб’ёмы былі нават большымі, чымся ў даваенным 2021-м.

Паводле LRT, да ўдзелу ў забеспячэнні расейцаў люксавымі машынамі могуць прыцягваць і беларусаў, якія жывуць у ЕЗ. Незаконныя дылеры асабліва шануюць асобаў з дзвюма пашпартамі. Тыя могуць купляць аўта як грамадзяне краіны Еўразвязу, а мінаць мяжу на гэтай машыне як грамадзяне Беларусі або Расеі.

Літоўскія ўлады прызнаюць, што спыніць гэты гандаль амаль немагчыма, пакуль няма абмежаванняў на ўвоз транспарту ў Беларусь. Аднак што замінае Вільне хаця б перастаць прадаваць аўтамабілі наўпрост Расеі?

Аналітыка
Дзівосы нямецкага экспарту, або Як Расея абыходзіць санкцыі з дапамогаю суседзяў
2023.07.07 16:03

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў