Мы не павінны выбачацца за тое, што мы некамфортныя

Неяк у адным амерыканскім тэлешоу вядоўца папрасіла акторку Кэтрын Гайгл пракаментаваць чуткі пра тое, што яна «вельмі грубая». Тая адказала, што яна дакладна не грубая і не злая – у сэнсе чалавека, які свядома раніць чыесьці пачуцці, хто наўмысна прымушае іншых пачувацца дрэнна ці некамфортна. Але яна стаіць за сябе, адстойвае права быць пачутай, права на паважлівае і прафесійнае стаўленне ў адказ і права акрэсліваць межы. «Я моцная жанчына і не збіраюся прасіць за гэта прабачэння», – сказала яна.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Nikola Solic / Reuters / Forum

Я знаёмая з гэтай маніпуляцыяй. Калі ты адстойваеш сябе і ўласныя інтарэсы – ты грубая, нямілая і незычлівая. Калі ты патрабуеш ад іншых прафесійнага стаўлення да агульнай справы – ты жорсткая і фанабэрлівая. Калі ты стаіш на сваім меркаванні і даказваеш яго легітымнасць – ты некамфортная ў супрацы. Глядзі, не адстойвай і не даказвай занадта, а тым больш не рэагуй на знявагу, калі твае інтарэсы цярпяць, бо прысаромяць за нібыта недапушчальны тон і створаць табе рэпутацыю грубіянкі і дрэннай у камунікацыі.

Я свядома ўжываю жаночы род, бо толькі за жаночы досвед магу адказваць, але камфортнасці хіба чакаюць ад усіх, і кожнага могуць «кэнсэліць» за яе адсутнасць. Зрэшты, жаночы досвед мае пэўную спецыфіку, бо ў дачыненні жанчын – спецыфічныя аўтаматычныя настройкі ўспрымання. Мяркую, усе тыя маніпуляцыі пра грубіянак і некамфортных у працы і ўзнікаюць у адказ на неапраўданыя чаканні. Ты не ўсміхаешся міла, не згаджаешся, маеш сваю сістэму каардынатаў, якая можа ўваходзіць у канфлікт з сістэмамі каардынатаў іншых, – ты не толькі тварык, пазногцікі і шопінг, не толькі маці, не толькі хатняя гаспадыня, не толькі «захавальніца агменю».  Калі ты не апраўдваеш чаканняў, прыстойных найменняў для цябе можа не застацца: чалавек мусіць патлумачыць свае расчараванне і крыўду. Маўляў, яна паспрачалася са мной, бо ў яе месячныя, альбо яна прымусіла мяне прыкласці высілкі, хоць сама дурная і нічога ў гэтым не цяміць.

Літаральнай ілюстрацыяй гэтаму будзе Антон – хлопец, які на маю адмову з ім пазнаёміцца сказаў, што я «stupid» і што я «bitch», і са злосна ўзнятымі плячыма пайшоў у далеч. Каб не быць «тупой» і каб не быць «сучкай», я мусіла лагодна адказаць на ягоны запыт і, вядома, пазнаёміцца, незалежна ад уласных установак і асабістых варункаў.  Паколькі я не падтакнула запыту, шанцаў застацца прыстойным чалавекам у мяне не было. Вы не ўяўляеце, якой гучнай бывае нямая мужчынская збянтэжанасць, калі яны сустракаюцца з неапраўданымі чаканнямі, у тым ліку ў працы.

Я таксама разумею, як і чаму ў людзей фармуюцца выкручастыя чаканні ад жанчын: калі іх па-ранейшаму ацэньваць паводле знешнасці, прафесійным ацэнцы і ўспрыманню становіцца цесна. А нас па-ранейшаму ацэньваюць паводле знешнасці, за яе ж могуць прысароміць, на ёй жа разбудоўваюцца маніпуляцыі. Дзеля справядлівасці – не ўсе і не заўсёды.

Прыяцель неяк прызнаўся мне (гэта была гіпатэтычная размова, мы нават працуем у розных сферах), што не запрасіў бы мяне на працу, бо мая знешнасць адцягвала б увагу супрацоўнікаў. Гэта не была няўдалая спроба зрабіць камплімент, раней чалавек сур’ёзна расказаў, што адмыслова ўзяў на працу дзяўчыну «на чацвёрачку». З дзесяці. То бок, патэнцыйная кандыдатка «на дзявятачку» не атрымала б працы, нават калі б у яе былі лепшыя прафесійныя паказнікі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Freepik

На моўных курсах мы разбіралі дарэчнасць тых ці іншых убораў у розных сітуацыях, і паўстала пытанне, ці можна падысці ў купальным строі да рэцэпцыі ў гатэлі. Адзін з навучэнцаў, быццам бы адукаваны сучасны хлопец, сказаў, што калі дзяўчына прыгожая і з добрай фігурай, то можа, а іншыя – не. Нават калі гэта быў жарт, то жарты, у якіх жанчына – аб’ект, выглядаюць смеху вартымі, але яны ўсё яшчэ сумна паказальныя. Той жа навучэнец заявіў, што калі ў офісе жанчына адзетая больш адкрыта, гэта можа перашкаджаць працаваць мужчынам, якія побач. Усё-ткі той папярэдні быў не жартам.

Помню, калі я пачынала глядзець фільм «Эрын Брокавіч», то была ўпэўненая, што гераіня Джульі Робэртс, якая ледзь не з вуліцы прыйшла на працу ў адвакацкае бюро ў кароткай спадніцы і з бачнай з адкрытай блузкі ніжняй бялізнай, «эвалюцыянуе», і ейны стыль стане гэтаму адлюстраваннем. Прывучаная да патэрнаў навязанага жанчынам разумення прыстойнасці, я памылілася: сэнс быў акурат у адваротным – каб гераіня засталася сабой і такая, якая ёсць, даказала, што кофтачка з глыбокім дэкальтэ ніяк не ўплывае на ейную працу, прафесійную рэалізацыю і адданасць вялікаму праекту. Гэта фільм 2000 года, ён сучаснейшы за шмат каго з нас. І за некаторае сучаснае кіно, дзе ў якасці абразы ў дачыненні жанчыны дагэтуль выкарыстоўваецца слова «прастытутка». «Эрын Брокавіч», дарэчы, зняў Стывэн Соўдэрбэрг, мужчына.

Іншы мужчына, ужо ў нашым 2023-м, неяк сказаў сваёй каляжанцы і маёй знаёмай, што, маўляў, яна адзінае што – прыгожа выглядае. Мая знаёмая – звычайная сучасная дзяўчына, то бок рэалізуецца прафесійна і дзеля гэтага шмат працуе. З тым, хто дазволіў сабе такі каментар, яны выконваюць аднолькавыя абавязкі, і, бадай, аднолькава паспяхова. Каментар пра тое, што твая вартасць – толькі ў знешнасці, пры такіх зыходных – абраза да глыбіні душы.

То бок за тваю знешнасць цябе не проста могуць не ўзяць на працу. Цябе за яе прысаромяць, прымусяць пачувацца вінаватай, знівелююць з-за яе твае прафесійныя якасці. Але баюся, вашая аб’ектывацыя – вашая праблема, знешнасць не павінна перашкаджаць прафесійнаму ўспрыманню каго б ні было.

Чалавек, які адстойвае сваё меркаванне і адстойвае сябе, апрыёры «некамфортны ў працы», мужчына гэта ці жанчына. Сёння дык увогуле шмат хто зрабіўся асабліва чуллівы да сваіх межаў у адказ на выбрыкі калегаў, а выбрыкаў хапае, бо можна вывезці сябе з лукашэнкаўскага рэжыму, але складаней вывесці лукашэнкаўскі рэжым і ягоныя патэрны з сябе. Але я не буду выбачацца за тое, што я некамфортная, што маю меркаванне, што рэагую на знявагу, хоць нехта чакаў ад мяне іншага, – у маім разуменні ўсё гэта акурат больш кажа пра прафесіяналізм, чым знешнасць.

Ірэна Кацяловіч belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў