«Я раблю ўсё, каб вайна не прыйшла туды, дзе знаходзіцца мой сын». Валанцёркі – пра вайну ва Украіне


24 лютага пачаўся адлік трэцяга году паўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны. Мінулыя два гады былі поўныя трагедый, гераізму, роспачы і надзеі. Увесь гэты час цяжар вайны нясуць на сваіх плячах беларускія валанцёры. Хтосьці дапамагае Украіне і ўкраінцам ад самага пачатку да гэтай пары, хтосьці прыпыніў валанцёрскую дзейнасць, але ўсё яшчэ ірвецца ў бой. Распавядаем гісторыі дзвюх беларусак, якія натхняюць не губляць надзею нават у самыя змрочныя часы. 

Алена Жаркевіч: Толькі сваімі дзеяннямі мы можам давесці, што беларусы – гэта не лукашэнкаўскі рэжым

Першую нашую гераіню мы застаем у горадзе Роўна. Алена Жаркевіч – кіраўніца беларуска-украінскага хабу «Сустрэча». Апошні раз мы з ёй гутарылі на адкрыцці хабу, якое адбылося ў траўні 2023 года ў Кіеве. Цэнтр мае падтрымку ўкраінскіх уладаў і хацеў аб’яднаць вакол сябе ўсіх беларускіх валанцёраў ва Украіне і за яе межамі ды адкрыць «адно акно» для гуманітарнай дапамогі ад беларусаў. Ці ўдалося здзейсніць тое, што задумвалася?

Беларуска Алена Жаркевіч каля свайго дому-хостэлу, дзе знайшлі прытулак многія ўцекачы з Беларусі. Кіеў, Украіна. 21 верасня 2021 года.
Фота: Белсат

«Мы працягваем дапамагаць Украіне, украінскаму войску. Мы працягваем вазіць аўтамабілі для ЗСУ, прывезлі больш за 250 аўто. Ведаючы, што ў нас ёсць добрыя кіроўцы, да нас пачалі звяртацца ўкраінскія фонды са сваімі патрэбамі. Паралельна гэтаму мы наведваем дзіцячыя прытулкі. Апошні раз былі пад Чарнігавам, у 40 км ад беларускай мяжы. Там размяшчаюцца два прытулкі. Прыехалі, а дзеткі нам кажуць: а мы не ведалі, што беларусы за Украіну, няўжо беларусы не падтрымліваюць Расею? Гэта нас моцна знервавала. Мы сумесна з нашымі ваярамі, беларускімі добраахвотнікамі набылі прыстаўку і прыехалі на цэлы дзень да гэтых дзяцей, гулялі з імі, разам малявалі, смажылі дранікі, плялі саламяных павукоў і распавядалі, хто такія беларусы, што мы насамрэч падтрымліваем Украіну, а нашыя ваяры ваююць на фронце», – распавядае Алена.

Фота
У Кіеве адбылася прэс-канферэнцыя з нагоды адкрыццця беларуска-ўкраінскага хабу
2023.05.11 21:14

«Ведаеце, як беларусы дапамагаюць? Беларус прывёз машыну ціхенька, перадаў вайскоўцам і ўсё»

Валанцёры цэнтру актыўна працуюць з Херсонам і іншымі рэгіёнамі Украіны. Беларусы збираюць гуманітарную дапамогу ў Польшчы, Літве, Нямеччыне. Адна беларуска з Нямеччыны ўзяла адпачынак на працы і прыехала дапамагаць у цэнтр на цэлы месяц.

«Канешне, мы не зрабілі яшчэ ўсяго таго, што мы хацелі. Бо мы хочам, каб скончылася вайна, а яна не сканчаецца.

Мы цяпер можам дапамагаць беларусам з легалізацыяй ва Украіне. Мы выйгралі адзін суд: у нас быў беларус, які пратэрмінаваў тэрмін знаходжання ва Украіне і яму далі паперу, каб ён пакінуў краіну. Мы падалі з ім у суд і выйгралі яго. Зараз ён будзе легалізавацца», – кажа нашая гераіня.

Афіцыйна ў хабе з ВНЖ працуе 5 валанцёраў. Каля 30 беларусаў дапамагае на пастаяннай аснове. Алена адзначае: агулам дапамогі стала менш па ўсёй Украіне, з боку ўкраінцаў таксама. Але да хабу працягвае далучацца ўсё больш беларусаў. З часам з’явілася шмат украінскіх фондаў, якія ведаюць хаб і падтрымліваюць яго дзейнасць.

«Нават сёння, у дарозе ў мяне зламалася машына, і шмат украінцаў дапамагалі, каб вырашыць праблему: знайшлі эвакуатар, даставілі мяне з машынай у Роўна, знайшлі рамонтніка, нават прапанавалі месца пажыць», – усміхаецца Алена.

Тыя ўкраінцы, з якімі камунікуюць валанцёры, добра ведаюць сітуацыю ў Беларусі, пра беларускіх палітвязняў. Але так далёка не ва ўсёй Украіне.

«Калі мы прыехалі ў Херсон і павіншавалі 350 украінскіх дзетак са святамі, то прапанавалі зрабіць здымак са сцягам. Дастаем бел-чырвона-белы сцяг, а яны кажуць – дык гэта не беларускі сцяг. Мы пасля ўсё тлумачылі: пра сцяг, нашу гісторыю, нашых палітвязняў. Нам у адказ: чым мы можам вам дапамагчы? Пасля тэлефануюць, запытваюць, што могуць зрабіць. Атрымліваецца, мы перадаем дапамогу ўкраінцам, а ўкраінцы прапануюць дапамогу, каб перадаць штосьці ў Беларусь. Але зараз праблематычна нават ліст ці паштоўку даставіць нашым палітвязням», – уздыхае Алена.

У дзіцячым прытулку ў Чарнігаве ўкраінскія дзеці малявалі паштоўкі для беларускіх палітзняволеных. Але гэта паштоўкі таксама немагчыма перадаць, бо там напісана «Слава Украіне!»

Беларускія валанцёры малююць разам з украінскімі дзеткамі ў дзіцячым прытулку пад Чарнігавам. Фота прадастаўлена гераіняй

«Мы ездзім па рэгіёнах, і я добра бачу, што людзі не разумеюць, што адбываецца ў Беларусі і з беларусамі. У Кіеве ёсць такое разуменне праз аднаго, а далей, асабліва на ўсход, ніхто нічога не ведае, і ім зараз не да гэтага. Чаму так адбываецца?

Па-першае, мы самі вельмі мала кажам пра сябе. Ведаеце, як беларусы дапамагаюць? Беларус прывёз машыну ціхенька, перадаў вайскоўцам і ўсё.

Па-другое, калі нашыя СМІ пішуць мала пра тое, што робяць беларусы для Украіны і ўкраінцаў, то ўкраінскім СМІ тым больш не да гэтага. Асабліва цяпер», – адзначае нашая гераіня.

На яе погляд, стаўленне ўкраінскіх уладаў да беларусаў стала нашмат лепшым, чым было. Улады не адмаўляюць, калі да іх прыходзяць з пытаннямі і праблемамі. Цяпер з беларусамі размаўляюць, падказваюць нешта. Але калі беларусы парушаюць закон з той жа легалізацыяй ва Украіне, ёсць працэдуры, па якіх яны мусяць прайсці, каб іх не дэпартавалі.

«Мы не заўсёды ведаем, у якія дзверы можам грукацца. За два гады поўнамаштабнай вайны беларусы ўжо мусілі неяк легалізавацца ва Украіне. Але людзі з-за таго што баяцца ці не ведаюць куды ісці, з’язджаюць альбо сядзяць ціха, пакуль не выйдзе тэрмін па дакументах, а гэта ўжо заканадаўчае парушэнне.

Апошні раз калі мы былі ў судзе, суддзя ў мяне запытала: Алена, колькі беларусаў прыйшлі ў суд каб паскардзіцца на адмову ў ВНЖ ці нешта яшчэ? І я разумею, што з майго асяроддзя – ніхто не пайшоў. Прасцей махнуць рукой і з’ехаць. Тым не менш, на апошнім судзе нас падтрымалі. Пры гэтым гісторыя была складаная, бо чалавек прыехаў у кастрычніку 2021 года, а легалізавацца пачаў толькі зараз. Але суддзя пайшла насустрач. Не буду казаць за ўсю легалізацыю, але што датычна валанцёраў, то ўсё добра. Калі чалавек дапамагае Украіне, дзяржава ідзе яму насустрач», – распавядае Алена.

З іншымі ж рахункамі беларусам і ўкраінцам трэба будзе разбірацца яшчэ доўга.

«Тое, што ва ўладзе Беларусі застаецца Лукашэнка, – гэта калектыўная адказнасць усіх беларусаў і нашых суседзяў, краін, якія падтрымлівалі яго нават калі беларусы крычалі, што рэжым нас забівае. Мы адказныя за тое, што дапусцілі ўмацаванне гэтай сістэмы ў Беларусі і кантролю над беларускім грамадствам. Мне вельмі сорамна за тое, што робіць зараз Лукашэнка і ўсе тыя, хто яго падтрымлівае. Мы павінны выбачацца перад украінцамі і даносіць, што беларусы – гэта не Лукашэнка, і што беларускі народ не хоча ўсяго гэтага, мы як народ не можам уплываць на рашэнні і дзеянні гэтага чалавека», – перакананая Алена.

Інтэрв’ю
«Аб’яднаць усіх валанцёраў». Размова з кіраўніцай беларуска-ўкраінскага хабу «Сустрэча» Аленай Жаркевіч
2023.05.19 07:00

«Сёння майму сыну 15 гадоў, і мне не хочацца, каб ён баяўся камусьці сказаць, што ён беларус»

Сама беларуска неўтаймавана дапамагае іншым вось ужо некалькі гадоў. У Беларусі займалася актывізмам, разам з сынам пераехала ва Украіну ў 2021 годзе. Адразу ж арганізавала там дом дапамогі для беларускіх уцекачоў. Пасля пачатку маштабнай расейскай агрэсіі Алена пачала пераганяць з Польшчы ва Украіну аўты для байцоў ЗСУ. Аўтамабілі пад замову вайскоўцаў куплялі ў Польшчы або Літве за грошы саміх байцоў ці сабраныя праз краўдфандынг. Адсюль загружаныя «гуманітаркай» аўты ехалі на фронт. У траўні 2022 года беларуска стварыла дом дапамогі ў Беластоку, а праз год – беларуска-ўкраінскі цэнтр у Кіеве.

Пры гэтым, размаўляючы з ёй, зараджаешся сапраўды пазітыўнай натхняючай энергіяй. Як у яе так атрымліваецца?

«Мне проста вельмі хочацца дадому, – усміхаецца Алена. – Я разумею, што наш шлях дадому не будзе хуткім. Нават калі скончыцца вайна, гэта не азначае, што беларусы паедуць дадому. А яшчэ… Сёння майму сыну 15 год. І мне не хочацца, каб ён баяўся камусьці сказаць, што ён беларус. Ён не мусіць хавацца.

Беларусы шмат чаго робяць, і я гатовая яшчэ рабіць вельмі-вельмі шмат, каб пра нас не казалі, што мы русня. Мы зусім не такія. Уявіце, ідзе беларускае дзіця па вуліцы ў Польшчы, а ў яго пачынаюць кідаць камяні толькі за тое, што ён беларус. Гэта несправядліва. Толькі сваімі дзеяннямі мы можам давесці, што беларусы – гэта не лукашэнкаўскі рэжым».

Як высветлілася, ёсць беларусы ў Беларусі, якія маюць кантакты з хабам. Яны звязваюцца з валанцёрамі, падтрымліваюць іх і кажуць, маўляў, як добра, што ёсць такая дзейнасць, бо з Беларусі немагчыма дапамагчы, а вельмі хочацца.

«І я разумею – як інакш? Мы, тыя, хто з’ехалі з Беларусі, – гэта галасы беларусаў. Нашыя дзеянні – гэта і іх дзеянні, тых беларусаў унутры краіны, якія нічога не могуць зрабіць ці сядзяць у турмах. Перакананая, што нашыя палітвязні нас падтрымаюць і будуць ганарыцца тым, што мы робім. Шмат маіх знаёмых сядзіць за кратамі, я разумею, што гэта ім каштуе. Я не магу дапамагчы ім там, але я магу рабіць штосьці тут, каб палепшыць вобраз беларусаў у вачах украінцаў», – кажа Алена.

Беларуска Алена Жаркевіч каля свайго дому-хостэлу, дзе знайшлі прытулак многія ўцекачы з Беларусі. Кіеў, Украіна. 21 верасня 2021 года.
Фота: Белсат

Ці бывала страшна? Бывала канешне, але найперш не за сябе, а за сына, калі ён быў ва Украіне.

«Зараз мой сын Назар знаходзіцца ў Польшчы. На навагоднія канікулы я прывезла яго ў Кіеў, і так атрымалася, што 30 снежня мяне на хуткай забралі ў шпіталь, зрабілі аперацыю. Сын быў на Новы год з нашымі ваярамі. А 2 студзеня здарыўся ракетны ўдар Расеі па Кіеву… Вось тады мне было вельмі страшна. Але Назар ужо вялікі, ён мне патэлефанаваў, сказаў: мама, я ў праёме, ракеты лятаюць, усё добра, не хвалюйся», – усхвалявана ўзгадвае Алена.

Зараз пайшоў трэці год вялікай вайны. І нават калі потым пойдзе і чацвёрты, але ўсё скончыцца перамогай Украіны, наша гераіня кажа – няхай, яна гатовая трываць, як і шмат іншых людзей, якія дапамагаюць украінцам.

«Але калі ўсё скончыцца дамоўленасцямі з Пуціным… Будзе шкада ўсяго, што мы зрабілі. У такім выпадку праз некалькі гадоў будзе новая вайна. Безумоўна, мы ўсе вельмі стаміліся. Загінула вельмі шмат людзей. Каб іх жыццё не было пакладзенае дарма, трэба скончыць гэтую вайну і перамагчы Расею», – перакананая Алена.

Праз паўзу яна працягвае:

«Раней мы казалі, што не ўсе рускія кепскія. Я цяпер так не лічу. Рускія кідалі ракеты ў мяне і майго сына, забівалі мяне і майго сына. Я бачыла гэта ўсё сваімі вачыма. Раней я не ведала, што адбываецца на вайне, і не магла падумаць, што гэта кране мяне асабіста. Але здарылася ўсё інакш. Я тут і я ўсё бачу на ўласныя вочы. Кожны чалавек, які зараз знаходзіцца ў бяспецы на Захадзе, мусіць разумець, што гэта можа адбыцца з кожным. Мне вельмі балюча ад перакрыцця польска-ўкраінскай мяжы палякамі. Яны мусяць зразумець, што Расея можа прыйсці і ў іх дом, у Польшчу.

Мой сын зараз у Польшчы. І мне страшна, што вайна можа перакінуцца туды, і нам ужо не будзе куды ўцякаць. У пэўным сэнсе, я, застаючыся ва Украіне, займаючыся валанцёрствам, у тым ліку раблю ўсё, каб вайна не прыйшла туды, дзе знаходзіцца мой сын», – голас нашай гераіні пачаў на секунду дрыжаць, але праз імгненне зноўку напоўніўся сілай.

Наталля Ягорава: Досвед валанцёрства ўзбагаціў мяне ў шмат якіх сэнсах

Наступная нашая гераіня – Наталля Ягорава. Мы размаўляем з ёй пасля доўгага працоўнага дня ў Варшаве. Яна сядзіць ва ўтульным фатэлі і крыху хвалюецца. Калі пачалася шырокамаштабная вайна, Наталля пайшла валанцёрыць, у тым ліку начамі, у пункт дапамогі ўцекачам на Заходнім вакзале ў Варшаве: перакладала, дапамагала інфармацыйна, падносіла валізкі. Калі хваля ўцекачоў зменшылася, Наталля пачала пераганяць машыны хуткай дапамогі ва Украіну. Першы выезд да мяжы Польшчы і Украіны здарыўся 27 сакавіка 2022 года, а першым аўтамабілем стала хуткая з Францыі. Да чэрвеня 2023 года Наталля здзейсніла каля 26 выездаў.

Валанцёрка Наталля Ягорава на працоўным месцы. Варшава, Польшча. 29 чэрвеня 2022 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

«Спачатку мы ездзілі ў Львоў, пасля ў Кіеў, але нядоўга. Праз некалькі паездак пачалі ездзіць у Паўлаград – гэта 1,5 тысячы км ад Варшавы. У пятніцу пасля працы сядала за стырно аўтамабіля, усю ноч была ў дарозе, удзень суботы даязджалі да Кіева, дзе ночылі. У нядзелю дабіраліся да Паўлаграду. Адтуль цягнікамі праз Кіеў вярталіся ў Варшаву, у горад даязджала каля 11 гадзін панядзелку. Часцей за ўсё мне давалі вольны дзень на працы, але калі ішла працаваць, то было даволі цяжка пасля дзвюх ноч без сну», – узгадвае Наталля.

Яна прызнаецца: кожны такі выезд уплываў на здароўе.

«Ты менш спіш, у дарозе часцей за ўсё ясі абы што. Мне ўжо не 20 гадоў, стома накопліваецца, і калі ты не даеш сабе магчымасці добра адпачыць, гэта кепска ўплывае на фізічны стан. Але цяпер, калі я ўжо не езджу, часам лаўлю сябе на думцы: як было класна. Гэта было драйвова, надавала мне шмат эмоцый. Я не магу проста сядзець, мяне гэта прыгнятае, мне трэба нешта рабіць», – кажа Наталля.

Валанцёрства атрымлівалася ўплятаць у жыццё, праца ад такіх паездак не пакутавала.

«Мяне вельмі падтрымліваў мой сын Цімох. Ён ужо дарослы, мы з ім часта размаўлялі пра вайну, ён ведаў, навошта ўсе гэтыя рызыкі, чаму я на гэта іду. Ён заўсёды быў спакойны за мяне, бо ведаў, што я дастаткова рацыянальны чалавек, які не будзе рабіць штосьці такога, каб падвергнуць сябе непатрэбным рызыкам», – адзначае Наталля.

Падчас усяго свайго валанцёрства наша гераіня хавала, што яна беларуска па нацыянальнасці. Так было прасцей і спакайней.

Наталля Ягорава
Наталля Ягорава побач з санітарным Volva на дарозе паміж Варшавай і мяжой з Украінай. Фота з асабістага архіву

«У мяне польскі пашпарт, я яго атрымала за месяц да пачатку вайны. Падчас майго першага вяртання з Львову праз блокпасты на праверцы пашпарту я на аўтамаце прывіталася па-беларуску. Аўтаматчык сурова запытаў: якое вашае грамадзянства. Кажу – польскае. Ён – адкуль ведаеце мову? Адказала па-польску, што вывучыла.

Да беларускай мовы тады было вельмі варожае стаўленне ў Львове і на мяжы. Падобныя выпадкі досыць хутка навучылі мяне не прызнавацца, што я беларуска. У Львове вельмі востра адчувалася стаўленне да Беларусі як да краіны-аргэсара. Таму для ўкраінцаў я была проста полькай, хоць мне гэта і балела.

Калі мы пачалі ездзіць у Кіеў і Паўлаград, там было іншае стаўленне: галоўнае – тое што ты робіш, твае дзеянні і справы, а не тое, на якой мове ты размаўляеш ці якога колеру твой пашпарт. Але Львоў мяне настолькі траўмаваў сваім стаўленнем, што я працягвала нервавацца і дзёргацца, чакаючы атакі за мову. Таму заставалася полькай», – узгадвае Наталля.

Але было таксама і прыемнае. Найперш – шмат людзей, якія былі ўдзячныя за тое, што рабілі валанцёры. Дзякуючы выездам у нашай гераіні з’явіліся новыя добрыя знаёмыя, з якімі яна дагэтуль падтрымлівае сувязь.

«Чаму чалавек займаецца валанцёрствам? Я дасюль не магу знайсці адказ на гэтае пытанне. Мне здаецца, кожны гэта робіць найперш для сябе, бо прыемна быць патрэбным, карысным для кагосьці, асабліва калі бачыш эфект ад таго, што ты робіш. Такім чынам ты спаўняешся, рэалізуешся», – кажа Наталля.

Бывалі выпадкі, калі нашая гераіня вярталася ў Варшаву і даведвалася, што хуткую, якую яна толькі што даставіла ва Украіну, ужо спалілі дашчэнту на фронце. Але часцей за ўсё аўтамабілі служылі і ратавалі жыцці.

Гісторыі
«Перавезла праз мяжу 13 хуткіх». Пагутарылі з беларускай, якая пераганяе ва Украіну санітарныя машыны
2022.08.20 09:00

«Я ў кожную сваю машыну закохвалася. Гэтыя ўсе гузікі ўнутры, мігалка! Самая мая любімая машына – ярка-зялёная «насатая» вольва. На яе ўсе звярталі ўвагу. А аднойчы мы ехалі ў Кіеў, у нас уключылася мігалка дзесьці адразу пасля мяжы, і мы ніяк не маглі яе выключыць. Пстрыкалі па гузіках, але нічога не атрымлівалася. Так 500 км і праехалі да Кіева», – калі Наталля з захапленнем узгадвае машыны і свае прыгоды, яе вочы пачынаюць гарэць, а сама яна нібыта пачынае свяціцца.

У чэрвені 2023 года па збегу абставін яна перастала ездзіць ва Украіну.

«Але я вельмі сумую па гэтых выездах, мне гэтага не хапае. Гэта быў вельмі добры кавалак жыцця, цікавы досвед, які мяне ўзбагаціў у шмат якіх сэнсах. Хоць гэты час быў поўным болю і трывогаў. Са мной ездзілі мае калегі, я адкрыла іх для сябе з вельмі прыемнага боку, – пералічвае Наталля. – Я б з задавальненнем пачала зноў ездзіць, калі б гэта было арганізавана з дбаннем пра валанцёраў».

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў