У Кіеве адбылася прэс-канферэнцыя з нагоды адкрыццця беларуска-ўкраінскага хабу


Ва ўкраінскай сталіцы пачаў сваю працу беларуска-ўкраінскі валанцёрскі хаб, куды могуць прыйсці па дапамогу як беларусы, так і ўкраінцы. Галоўнай мэтай хабу з’яўляецца фармаванне цэнтралізаванай пляцоўкі для сумеснага дыялогу, узаемадапамогі і валанцёрскага руху беларусаў ва Украіне. А таксама дапамога ЗСУ і беларускім добраахвотнікам на фронце.

Прэс-канферэнцыя з нагоды адкрыцця беларуска-ўкраінскага валанцёрскага хабу. На здымку (злева направа) – Таццяна Мартынава, Ірына Лукашэнка, Юрый Федарэнка, Іван Фурсенко, Алёна Жаркевіч. Кіеў, Украіна. 11 траўня 2023 года.
Фота: Белсат

Удзельнікамі сустэчы выступілі беларуская актывістка і валанцёрка Ірына Лукашэнка, беларуская дзяячка Алёна Жаркевіч, кіраўнік ГА «Агенцтва развіцця дэмакратыі і інфармацыйных свабодаў» Юрый Федарэнка, дарадца Украінскай асацыяцыі раённых і абласных радаў Іван Фурсэнка і блогерка Таццяна Мартынава.

«Хто мы такія? Мы беларусы і мы не рэжым Лукашэнкі. Тут, ва Украіне, мы аказаліся ўсе таму, што ўцякалі са сваёй краіны. Мы вельмі ўдзячныя Украіне за тое, што яна нас прыняла і падтрымала. У нас адзіны вораг і мы будзем усё разам з ім змагацца» – кажа арганізатарка ініцыятывы Алена Жаркевіч.

Фота: Белсат

«У мінулым годзе, калі пачалася актыўная фаза вайны, мне выпаў гонар узначальваць Кіеўскі абласны цэнтр добраахвотнікаў. І на маё глыбокае здзіўленне, амаль кожны трэці ў гэтым цэнтры быў беларусам. Яны натхнёна працавалі і шмат рабілі, ня менш за ўкраінцаў: вывозілі людзей разам з нашымі ўкраінцамі з Ірпіня, дастаўлялі лекі на часова акупаваную тэрыторыю Кіеўскай вобласці і я гэта бачыў на свае вочы, не з гісторый каго-небудзь», – распавядае Юрый Федарэнка.

Фота: Белсат

«Мы хочам быць больш бачнымі. Бо наш беларускі валанцёрскі рух быў ад пачатку, з першых дзён поўнамаштабнага ўварвання Расеі, каб украінцы больш пра нас ведалі і разумелі, што беларусы – гэта не толькі афіцыйная Беларусь», – распавяла беларуска Ірына Лукашэнка.

Ветэран Другой сусветнай вайны прысутнічае на прэс-канферэнцыя з нагоды адкрыцця беларуска-ўкраінскага валанцёрскага хабу.
Фота: Белсат

У планах дзейнасці хабу некалькі фарматаў працы:

  • дапамога байцам, якія зараз знаходзяцца на перадавой – і беларусам, і ўкраінцам;
  • кансультацыйная дапамога;
  • прыцягненне спецыялістаў для вырашэння праблем у юрыдычнай сферы (ад легалізацыі беларусаў ва Украіне да любых іншых праблемных пытаннях), выкарыстанне дарожных карт па розных пытаннях;
  • садзейнічанне ў рэалізацыі сумесных ініцыятыў (узаемадзеянне з органамі дзяржаўнай улады, садзейнічанне ў складанні грантавых заявак у якасці выканаўцы праектаў).
Пасля прэс-канферэнцыі арганізатары хабу запрасілі людзей на адкрыццё прасторы. На ўваходзе вісіць беларуска-украінскі сцяг.
Фота: Белсат
Беларуска Іра Лукашэнка на адкрыцці беларуска-ўкраінскага валанцёрскага хабу.
Фота: Белсат

Агата Квяткоўская belsat.eu

Стужка навінаў