У МЗС Украіны заявілі аб гатоўнасці да магчымага абвастрэння з боку Беларусі


Украіна перасцерагае Беларусь ад удзелу ў вайне на баку Расіі і ад любых магчымых далейшых агрэсіўных планаў, заявіў спікер МЗС Алег Нікаленка ў каментары «РБК-Украіна». 

Алег Нікаленка. Крыніца: Oleg Nikolenko/Facebook

«Расія ўсяляк спрабуе ўцягнуць Беларусь у непасрэдную вайну. Украіна перасцерагае Менск ад любых магчымых далейшых агрэсіўных планаў. Са свайго боку, пацвярджаем адсутнасць якіх-небудзь агрэсіўных намераў у адносінах да Беларусі», –  падкрэсліў Нікаленка.

Нікаленка адзначыў, што Украіна гатова да любога развіцця падзей і будзе дзейнічаць, выключна рэалізуючы права на самаабарону, прадугледжанае Статутам ААН.

Сілы абароны Украіны і ўрад маюць дакладны план дзеянняў на выпадак узмацнення пагрозы з боку Беларусі, дадаў прадстаўнік МЗС.

Раней днём 24 студзеня Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Украіна нібыта прапануе Беларусі заключыць «пакт аб ненападзе» і што Захад не адмовіўся ад сваіх планаў у дачыненні да Беларусі і рыхтуе ва Украіне «баевікоў і экстрэмістаў».

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі таксама пракаментаваў заяву Лукашэнкі пра «пакт аб ненападзе»:

«Усё, што Украіна афіцыйна прапануе, вы чуеце. Мы нападаць на Беларусь не збіраемся і ніколі не збіраліся. Няма такіх намераў». «Гэта галоўны сігнал ад усяго ўкраінскага народа да беларускага народа», – адзначыў ён.

Зяленскі падкрэсліў, што для Украіны вельмі важна, каб Беларусь не страціла сваёй незалежнасці і не ўступіла ў вайну.

Hавiны
Лукашэнка заявіў, што Украіна прапануе заключыць пакт аб ненападзе
2023.01.24 12:32

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў