Выданне «Зеркало» паведаміла пра самагубства першай сакратаркі Зэльвенскага раённага камітэту БРСМ Веранікі Палубок. Паводле неафіцыйнай версіі, прычынаю стаўся канфлікт на працы.
Вераніка Палубок знікла 21 жніўня, калі паехала ў горад Масты. Там ейны аўтамабіль знайшлі. Дзе знаходзілася сама дзяўчына, вядома не было.
Сёння пошукава-ратавальны атрад «Анёл» паведаміў, што яе знайшлі мёртвай. Афіцыйнай інфармацыі пра здарэнне няма.
Сяброўка спадарыні Веранікі распавяла выданню «Зеркало», што перад смерцю дзяўчына напісала бацьку, развіталася і папрасіла нікога не вінаваціць ды не шукаць яе.
«Ходзяць чуткі, але гэта не дакладная інфармацыя, што ў яе былі сур’ёзныя праблемы на працы», – сказала крыніца.
Іншая суразмоўца журналістаў таксама назвала гэтую версію:
«Яна раней працавала ў школе, але яе адтуль выцягнулі ў БРСМ. Хацела звольніцца, але не давалі. Гавораць, прычынай суіцыду і стала работа. Паводле знаёмых, яна не давала ёй рады. Вераніка вельмі спакойная, ніякіх праблемаў з псіхікаю ў яе не было».
Вераніка Палубок нарадзілася ў Мастоўскім раёне. У 2021 годзе скончыла Ваўкавыскі каледж, дзе вучыла нямецкую мову. Тады ж пайшла працаваць настаўніцаю ў школу ў Дзярэчыне Зэльвенскага раёну і паступіла на завочнае ў Менскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт. У леташнім ліпені яна ўзначаліла аддзяленне БРСМ у Зэльве.
Сяргей Крот belsat.eu