Позна ўвечары 24 чэрвеня значная частка тэрыторыі Беларусі засталася без электрычнасці. Прычына таму – аварыя на Лукомскай ДРЭС, што ў Чашніцкім раёне на Віцебшчыне.
У прэс-службе Міністэрства энергетыкі, паведамілі праз пажару на Лукомскай ДРЭС было парушанае электразабеспячэнне населеных пунктаў Магілёўскай і Віцебскай вобласцяў. Адключаныя 8 энергаблокаў ДРЭС і ўсе выходныя лініі 330 кВ.
Папярэдняя прычына пажару – пашкоджанне вымяральнага трансфарматара.
У Міністэрстве надзвычайных сітуацыяў адзначылі, што энергетыкі аператыўна аднаўляюць электразабеспячэнне.
«Інфармацыі пра пажары на «Нафтане», «Паліміры» або іншых прадпрыемствах у сувязі з адключэннем – няма», – паведамілі ў МНС.
Станам на 23:01 электразабеспячэнне большасці населеных пунктаў Магілёўшчыны і Віцебшчыны было адноўленае, заявілі ў Мінэнерга.
Паводле чытачоў «Белсату», пасля адключэння электрычнасці ў Віцебску, Віцебскім раёне, Шклове і Воршы ўзніклі праблемы з падачай вады. Месцамі яе не было зусім.
Таксама паведамлялася, што электрычнасць адсутнічала і ў менскай Серабранцы.
МГ belsat.eu