Канстанцінопальскі патрыярхат вяртаецца ў Літву. Беларусь – наступная?


У Літву з афіцыйным візітам прыбыў Усясветны патрыярх і архіепіскап Канстанцінопалю Варфаламей. Ягоны візіт стаў чарговым крокам дзеля стварэння новай праваслаўнай юрысдыкцыі на тэрыторыі краіны, паралельнай мясцовай епархіі Расейскай праваслаўнай царквы. Ствараецца гэтая структура ў тым ліку і дзеля мясцовай беларускай грамады.

Патрыярх Варфаламей сустрэўся з прэм’ер-міністаркай Літвы Інгрыдай Шыманіце ва ўрадзе Літвы. 21 сакавіка 2023 года.
Фота: Ганна Русінава / Белсат

Праваслаўе на тэрыторыі сучаснай Літвы існуе ад моманту заснавання Вялікага Княства Літоўскага. Пры гэтым праваслаўныя вернікі ВКЛ і Рэчы Паспалітай уваходзілі ў юрысдыкцыю Канстанцінопальскага патрыярхату, і толькі з 1686 года былі падначаленыя Маскве.

Паводле перапісу 2021 года, у Літве пражывае 3,75 % праваслаўных супраць 74,19 % каталікоў. Мясцовую Літоўскую і Віленскую епархію РПЦ ачольвае грамадзянін Расеі мітрапаліт Інакенцій (Васільеў). У самой епархіі паводле стану на сакавік 2023 года было толькі 52 прыходы, а таксама два епіскапы (кіроўны Інакенцій і вікарны Амвросій (Федуковіч, нарадзінец беларускіх Мёраў), 48 святароў і 6 дыяканаў. Але яшчэ год таму колькасць святароў епархіі была большай.

Рэпрэсіі супраць святароў

17 сакавіка 2022 года мітрапаліт Інакенцій выступіў са зваротам, у якім асудзіў расейскую агрэсію супраць Украіны і адзначыў несупадзенне палітычных поглядаў літоўскіх праваслаўных з патрыярхам Кірылам. Ён заявіў, што Літоўская праваслаўная царква будзе імкнуцца да большай царкоўнай незалежнасці ад Масквы, маліцца «аб найхутчэйшым спыненні вайны, аб аднаўленні міру на зямлі Украіны».

Аднак 14 красавіка іерарх вырашыў адмежавацца ад тых святароў, якія падтрымалі ягоную ж заяву наконт вайны. Ён зняў з пасады канцлера епархіі, настаяцеля Прачысценскага кафедральнага сабору і Віленскага дабрачыннага протаіерэя Віталія Моцкуса, аддаўшы гэтыя пасады вікарнаму епіскапу Амвросію. Таксама за штат былі адпраўленыя іерэй Віталіус Даўпарас, які быў настаяцелем царквы ў імя Святой Параскевы Пятніцы, і іерэй Гінтарас Сунгайла, які быў галоўным рэдактарам мясцовага праваслаўнага выдання. Яны адмовіліся малітоўна згадваць патрыярха Кірыла. Іх падтрымаў і паведаміў пра рашэнне выйсці за штат святар Уладзімір Сяляўка. Былі звольненыя таксама протадыякан Віктар Мініётыс з Вільні, святар Георгій Ананьеў з Клайпеды, дыякан Георгій Цыбурэўкін з Вісагінасу.

Аналітыка
Царква разладу. Чаму і навошта ўкраінскія ўлады ўзяліся за УПЦ
2023.01.07 07:00

10 траўня мітрапаліт забараніў  у служэнні святароў Моцкуса, Сяляўку, Ананьева, Даўпараса і Сунгайлу. Протадыякану Мініётасу і Цыбурэўкіну далі «дадатковы час для асэнсавання сваіх антыкананічных дзеянняў і прынясення чаканага пакаяння». У чэрвені Моцкус, Сяляўка, Ананьеў, Даўпарас і Сунгайла былі пазбаўленыя святарскага сану «за ўчыненне цяжкіх кананічных злачынстваў». У ліпені гэтыя рашэнні Віленскага мітрапаліта зацвердзіў патрыярх Кірыл, якому перад тым улады краіны на пяць гадоў забаранілі ўезд у Літву.

Не Масквой адзінай

Але пазбаўленыя сану літоўскія святары з рэпрэсіямі не пагадзіліся і скарысталіся правам апеляцыі да Канстанцінопальскага патрыярхату. Той 17 лютага 2023 года вынес рашэнне: царкоўныя прысуды пяці літоўскім святарам у РПЦ былі «заснаваныя абсалютна не на царкоўных крытэрах, а на справядлівай нязгодзе вышэйзгаданых клірыкаў з вайной ва Украіне».

На гэтай падставе Усясветны патрыярхат аднавіў у сане святароў Моцкуса, Сяляўку, Ананьева, Даўпараса і Сунгайлу. Ды прыняў іх у склад Канстанцінопальскай царквы. Праўда, у Літоўскай епархіі РПЦ гэтае рашэнне Канстанцінопалю не прызналі, сказаўшы, што «адрынутыя са святога сану клірыкі не падлягаюць аднаўленню і рукапалажэнню».

Тым часам літоўскія праваслаўныя святары ўжо Канстанцінопальскага патрыярхату атрымалі ў карыстанне храм Святога Мікалая на Лукішках у Вільні. У нядзелю 19 сакавіка там была адслужаная першая літургія. Таксама ўлады Вільні казалі пра магчымасць перадаць ім капліцу Святой Варвары. Абедзве гэтыя святыні не выкарыстоўваліся Літоўскай епархіяй РПЦ.

Візіт патрыярха

А 20 сакавіка ў Літву з афіцыйным візітам прыбыў сам Усясветны патрыярх Варфаламей, які ўжо сустрэўся з кіраўніцтвам краіны. Гэтак, прэзідэнт Літвы «падзякаваў архіепіскапу Канстанцінопальскаму за ягоную пазіцыю ў дачыненні ваеннай агрэсіі Расейскай Федэрацыі супраць суверэннай Украіны».  Патрыярх Варфаламей у сваю чаргу «падзяліўся з прэзідэнтам планамі адносна царкоўнай структуры Канстанцінопальскага патрыярхату ў Літве».

Патрыярх Варфаламей і прэм’ер-міністарка Літвы Інгрыда Шыманіце падпісваюць дамову аб супрацы ва ўрадзе Літвы. 21 сакавіка 2023 года.
Фота: Ганна Русінава / Белсат

Таксама ён сустрэўся з кіраўніцай ураду Літвы Інгрыдай Шыманіце, якая назвала аднаўленне сану пяці святароў «важным крокам, што забяспечвае свабоду веравызнання ў Літве». Бакі таксама падпісалі пагадненне паміж урадам Літвы і Усясветным патрыярхатам «для садзейнічання ажыццяўленню свабоды сумлення і веравызнання праваслаўнымі вернікамі ў Літве».

«Сёння перад намі адкрываецца новая перспектыва разам з магчымасцю супольнай працы ў стварэнні экзархату Усясветнага патрыярхату ў Літве», – распавёў патрыярх на сустрэчы з прэм’ерам.

Хто можа далучыцца?

У размове з «Белсатам» святар Гінтарас Сунгайла адзначыў, што пакуль «канкрэтыкі няма» адносна будучага ладу гэтага экзархату:

«Пакуль яшчэ мы чакаем, як будзе выглядаць гэтая структура».

Паводле яго, новая структура адкрытая для людзей розных нацыянальнасцяў. Да Праваслаўнай царквы Літвы зможа далучыцца кожны вернік і святар. Ужо ёсць некалькі святароў РПЦ, якія выказалі намер далучыцца да будучага экзархату, але іхныя імёны праз пагрозу рэпрэсіяў пакуль трымаюць у таямніцы.

Святар згадаў, што РПЦ разарвала стасункі з Канстанцінопальскім патрыярхатам у 2018 годзе, бо той падтрымаў аўтакефалію Праваслаўнай царквы Украіны. Але, падкрэсліў ён, Канстанцінопаль з гэтым не пагадзіўся, і ягоныя святыні надалей адкрытыя ўсім вернікам і святарам з РПЦ.

Неразумная і неабдуманая стратэгія РПЦ

У каментары «Белсату» беларускі праваслаўны святар Аляксандр Шрамко, які цяпер сам у Літве, назваў рашэнне Канстанцінопалю пра стварэнне экзархату «знакавай падзеяй». На ягоную думку, падзеі ў Літве нагадваюць сітуацыю ў Эстоніі, дзе праваслаўныя таксама падзеленыя паміж Канстанцінопальскім і Маскоўскім патрыярхатамі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Патрыярх РПЦ Кірыл (злева) праводзіць велікодную службу, а прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін (другі справа) і мэр Масквы Сяргей Сабянін (справа) прысутнічаюць на ёй у храме Хрыста Збаўцы ў Маскве, Расея. 24 красавіка 2022 года.
Фота: Oleg Varov / Russian Orthodox Church Press Service / AP / East News

Агулам святар адзначыў, што наступствы гэтага рашэння былі закладзеныя яшчэ ў 2018 годзе, калі перад тым, як прызнаць аўтакефалію Праваслаўнай царквы Украіны, Канстанцінопаль скасаваў сваю грамату 1686 года, паводле якой Кіеўская мітраполія перадавалася часова Маскве.

«Ужо тады было зразумела, што для Беларусі і Літвы тут ёсць перспектыва, бо ў склад мітраполіі ўваходзіла ўся тэрыторыя Беларусі і ўся тэрыторыя Літвы», – заявіў святар.

Аднак непасрэднаму ўтварэнню экзархату, паводле яго, паспрыяла «неабдуманая стратэгія» РПЦ. На думку Шрамко, «калі б палітыка Літоўскай епархіі была разумнай, калі б проста дазволілі не памінаць патрыярха», пяць святароў так бы ў ёй і засталіся.

«Але самі справакавалі і зрабілі так, што ў гэтых людзей не было ніякага іншага выбару, апроч як пайсці з апеляцыяй да Усясветнага патрыярха. Ну і Амвросій, які рвецца да ўлады ў Віленска-Літоўскай епархіі, наламаў дроваў», – сказаў беларускі святар.

РПЦ пакуль маўчыць

Што цікава, РПЦ пакуль ніяк не пракаментавала візіту патрыярха Варфаламея на тэрыторыю сваёй епархіі і ўтварэнне там паралельнай структуры. А Віленская епархія нават выказала «знак павагі і пашаны да высокага сану кіраўніка Канстанцінопальскага патрыярхату, павагі да праваслаўнай веры чальцоў ягонай дэлегацыі».

Аляксандр Шрамко звязвае гэта ў тым ліку з тым, што цяпер улады Літвы разглядаюць магчымасць працягу віду на жыхарства мітрапаліта Інакенція, які мае грамадзянства РФ і таму залежыць ад рашэнняў афіцыйнай Вільні.

«Таму, магчыма, ён хоча пагасіць агонь, каб атрымаць працяг віду на жыхарства», – заявіў святар.

Беларускае пытанне Літоўскай царквы

Важнай часткаю абмеркавання падчас афіцыйных сустрэчаў стала беларускае пытанне. Гэтак, Інгрыда Шыманіце на сустрэчы з патрыярхам падкрэсліла, што «магчымасць вызнаваць сваю веру без канфлікту з уласным сумленнем важная не толькі для праваслаўных грамадзянаў Літвы, у тым ліку грэцкага або ўкраінскага паходжання, але і для ўкраінцаў, уцекачоў ад вайны, развязанай Расеяй, і для беларусаў, якія пераехалі ў Літву праз рэпрэсіі ў іхнай роднай краіне». Згадвала беларусаў і спікерка літоўскага Сейму Вікторыя Чміліце-Нільсэн.

Аналітыка
«РПЦ пачынае разыходзіцца па швах». Як патрыярх Кірыла падтрымаў вайну і згубіў Украіну. І не толькі яе
2022.04.05 10:35

Дый сам патрыярх сустрэўся з прадстаўнікамі беларускай дыяспары ў Літве. Экзархат жа Канстанцінопальскага патрыярхату ў Літве, паводле яго, ствараецца не толькі для падтрымання імкнення групы літоўскіх праваслаўных святароў, але «і для вернікаў, якія прадстаўляюць розныя этнічныя грамады Літвы».

Аляксандр Шрамко патлумачыў такую ўвагу тым, што са зваротам да патрыярха Варфаламея з просьбай стварыць магчымасць маліцца ў Літве не ў цэрквах РПЦ звярталіся таксама прадстаўнікі беларускай, украінскай, грэцкай і грузінскай дыяспараў. Пра тое, што менавіта супольнасці нацыянальных меншасцяў першыя звярнуліся да ўладаў Літвы і Усясветнага патрыярха распавёў і Гінтарас Сунгайла.

«Шмат каму пасля 24 лютага 2022 года немагчыма наведваць Маскоўскі патрыярхат праз тую пазіцыю, што заняў патрыярх Кірыл. А менавіта, ён пачаў апраўдваць, падтрымліваць, знаходзіць рэлігійныя апраўданні гэтай вайне», – адзначыў святар.

Патрыярх Варфаламей на сустрэчы з прадстаўнікамі беларускай дыяспары ў Літве.
Фота: Aliaksandr Adamkovich / Facebook

Дый святары, якія перайшлі цяпер у Канстанцінопальскі патрыярхат, дапамагаюць беларусам дыяспары ў Літве, а святар Моцкус нават жанаты з беларускай.

«Таму з самага пачатку беларусы бралі ўдзел ва ўсім гэтым», – падкрэсліў святар.

Калі Канстанцінопаль вернецца ў Беларусь?

Аляксандр Шрамко не выключае і таго, што на згадку беларусаў падчас сустрэчаў магло паўплываць і тое, што ён сам падаў прашэнне на зняцце з яго забароны на служэнне і на яго прыняцце ва Усясветны патрыярхат. Нагадаем, што ў 2018 годзе яго забаранілі ў святарскім служэнні за крытыку візіту патрыярха Кірыла ў Беларусь.

«З неафіцыйных крыніцаў вядома, што гэтае пытанне ўжо разглядаецца», – распавёў суразмоўца.

На думку святара, хоць цяпер з’яўленне Канстанцінопальскага патрыярхату ў Беларусі немагчымае з прычыны дыктатуры, але з прыходам дэмакратыі і ў нас з’явіцца месца для Канстанцінопальскай патрыярхіі.

«Гэта цалкам лагічна. Я думаю, што таксама будуць існаваць дзве структуры», – адзначыў Шрамко.

Святар упэўнены, што забараняць людзей з іншымі поглядамі не трэба. Пакуль жа ў Беларусі існуе толькі Беларуская праваслаўная царква, якая не толькі дамаглася знішчэння ўсіх альтэрнатыўных структураў, але і на заканадаўчым узроўні манапалізавала само слова «праваслаўны».

Аналітыка
Нелаяльных больш, чым здаецца. Як рэжым Лукашэнкі праз вайну з новай сілай абрынуўся на цэрквы
2022.08.14 09:00

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў