Царква разладу. Чаму і навошта ўкраінскія ўлады ўзяліся за УПЦ


Заканчэнне 2022 года і пачатак 2023-га сталіся гарачымі для Украінскай праваслаўнай царквы – адной з праваслаўных структураў ва Украіне, што яшчэ нядаўна была часткаю Маскоўскага патрыярхату. Яна зазнала ператрусы, скасаванне дамоваў арэнды, санкцыі і суды, дый яшчэ мацней загучалі заклікі да яе забароны. Карэспандэнты «Белсату» разбіраліся, што чакае УПЦ у новым годзе.

Украінскія сілавікі правяраюць дакументы ў наведніка Кіева-Пячэрскай лаўры.
Фота: VALENTYN OGIRENKO / Reuters / Forum

Станам на 24 лютага 2022 года, на момант пачатку поўнамаштабнай агрэсіі Расеі супраць Украіны, Украінская праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхату была найбуйнейшай канфесіяй у краіне. Але расейская вайна моцна ўдарыла па пазіцыях РПЦ, хоць яе кіраўнік ва Украіне і асудзіў напад РФ.

З новаю сілаю аднавіўся пераход вернікаў і парафіяў УПЦ да аўтакефальнай Праваслаўнай царквы Украіны. Праўда, ацаніць яго маштабы складана, бо афіцыйнай статыстыкі на гэты конт няма. А ў іншых крыніцах лічбы адрозніваюцца ў разы. Гэтак, медыі паведамляюць, што за 2022 год колькасць цэркваў УПЦ зменшылася з 8797 да 8585. Самая УПЦ кажа, што лік яе парафіяў скараціўся з 12 381 да 12 148. А рэсурс «Переходи до ПЦУ» паведамляе пра больш як 500 парафіяў УПЦ, што пастанавілі далучыцца да ПЦУ пасля красавіка 2022 года.

Самая УПЦ на Саборы 27 траўня 2022 года з прычыны агрэсіі РФ заявіла пра выйсце з-пад падпарадкавання Расейскай праваслаўнай царкве і пра сваю поўную самастойнасць. РПЦ, у сваю чаргу, уключыла ў свой склад епархіі УПЦ, што засталіся на акупаваных войскам РФ тэрыторыях Украіны.

Але нават заявы УПЦ пра самастойнасць не дадалі ёй веры сярод украінскага грамадства і ўладаў. І ў снежні 2022 года гэта прывяло да «контрвыведных захадаў» у памяшканнях царквы па ўсёй краіне. Служба бяспекі Украіны зрабіла іх «з мэтай недапушчэння выкарыстання рэлігійных суполак у якасці цэнтру «расейскага свету» і абароны насельніцтва ад правакацыяў і тэрарыстычных актаў».

Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі 1 снежня даручыў праверыць УПЦ «на наяўнасць царкоўна-кананічнай сувязі з Маскоўскім патрыярхатам» і ўнесці ў Вярхоўную Раду законапраект «аб немагчымасці дзейнасці ва Украіне афіляваных з цэнтрамі ўплыву ў Расейскай Федэрацыі рэлігійных арганізацыяў». Таксама шэраг прадстаўнікоў УПЦ, у тым ліку епіскапы і мітрапаліты, трапілі пад санкцыі Украіны, а 50 сталі фігурантамі крымінальных справаў. 2023 год пачаўся з таго, што запаведнік «Кіева-Пячорская лаўра» разарваў дамовы з УПЦ на права карыстання дзвюма галоўнымі цэрквамі комплексу.

Чаму толькі цяпер?

Украінскі рэлігіязнаўца, дырэктар Цэнтру рэлігійнай бяспекі Дмытро Гарэвой у размове з «Белсатам» бачыць некалькі прычынаў у тым, што маштабны ціск на УПЦ пачаўся толькі ў канцы 2022 года. Гэтак, магло мецца суб’ектыўнае стаўленне – да ліпеня СБУ ўзначальваў Іван Баканаў, які публічна казаў, што ён вернік УПЦ. Але, падкрэсліў Гарэвой, гэты фактар «не адзіны і, мабыць, нават не галоўны».

Галоўным жа фактарам рэлігіязнаўца лічыць вялікую колькасць калабарантаў сярод УПЦ. І тое, што не спраўдзілася надзея на тое, што пасля травеньскага сабору ва УПЦ «канчаткова парвуць з Маскоўскім патрыярхатам і будуць займаць адназначную праўкраінскую пазіцыю».

Таксама з’явіліся сацыялагічныя даследаванні, у якіх больш як палова апытаных выступала за забарону УПЦ.

«І ўлада, як у любой дэмакратычнай краіне, зважае на настроі ў грамадстве. Я думаю, што гэта быў канчатковы сігнал для ўлады, што трэба нешта рабіць, бо калі сітуацыю занядбаць, гэта можа прывесці да самасудаў», – адзначыў суразмоўца.

На здымку: жанчына моліцца ва Уладзімірскім саборы ў Кіеве. У 2022 годзе некаторыя прыходы Украінскай праваслаўнай царквы ўпершыню адсвяткавалі Раство 25 снежня. Раней усе хрысціянскія цэрквы Украіны святкавалі Раство 7 студзеня.
Фота: AA/ABACA / Abaca Press / Forum

Што не так з УПЦ

Гарэвой падкрэсліў, што, нягледзячы на ўсе заявы пра незалежнасць ад РПЦ, паводле свайго статуту УПЦ дзейнічае на падставе граматы патрыярха Маскоўскага Аляксея ІІ. А ў ёй сказана, што УПЦ злучаная з іншымі цэрквамі праз Расейскую царкву і кіруецца пастановамі Архіярэйскага сабору РПЦ ад 25–27 кастрычніка 1990 года, паводле якіх кіраўніка УПЦ зацвярджае патрыярх Маскоўскі, а мітрапаліт Кіеўскі ёсць сталым чальцом Сіноду РПЦ.

«Гэта адзнакі ўваходжання і падпарадкаванасці Маскоўскаму патрыярхату», – заявіў рэлігіязнаўца.

Таксама, паводле яго, з боку УПЦ не відаць, каб яна асуджала сваіх клірыкаў, адносна якіх ёсць судовыя выракі за калабарацыянізм. Наадварот, падкрэсліў Гарэвой, яна абараняе сваіх святароў, якія засталіся на акупаванай тэрыторыі і кажуць, што зрабілі гэта дзеля сваёй паствы. Але калі ў іншых рэгіёнах вернікі хочуць перайсці да аўтакефальнай ПЦУ, а «святар фактычна здраджвае сваёй пастве і не пераходзіць разам з ёю, то яны такіх святароў усяляк падтрымліваюць», дадаў ён.

«То бок мы бачым двайныя стандарты з боку гэтай царквы», – мяркуе суразмоўца.

Ёсць пытанні і да заявы, у якой кіраўнік УПЦ мітрапаліт Ануфрый, асуджаючы расейскае ўварванне, заявіў пра «Каінаў грэх» і пра тое, што брат паўстаў супраць брата, бо «самая ідэя пра братэрскія народы ёсць часткаю расейскага палітычнага наратыву».

Забараніць нельга пакінуць

Тым не менш, Гарэвой не верыць у магчымасць поўнай забароны УПЦ ва Украіне. На ягоную думку, хоць заканадаўча гэта і можна зрабіць, на практыцы немагчыма «апячатаць ці паставіць ахову да больш як 9000 культавых пабудоваў».

«І я думаю, што кіраўніцтва дзяржавы гэта разумее. А таму няма сэнсу прымаць закон, які мы не можам выканаць», – сказаў рэлігіязнаўца.

Паводле яго, могуць быць зробленыя нестандартныя крокі, каб з аднаго боку не забараняць УПЦ, а з іншага – істотна паслабіць яе палітычны ўплыў. Гэтак, яе могуць змусіць назвацца Расейскай праваслаўнай царквой ва Украіне. Пасля гэтага, кажа Гарэвой, можа пачацца хваля пераходаў да ПЦУ, бо «далёка не ўсе парафіяне ведаюць, што яны ходзяць менавіта ў царкву Маскоўскага патрыярхату».

Таксама можа выкарыстоўвацца непрацягненне дамоваў арэнды, як гэта ўжо адбылося з дзвюма цэрквамі на тэрыторыі Кіева-Пячэрскай лаўры. Апроч таго, магчымае скасаванне льготаў на камунальныя паслугі для рэлігійных арганізацыяў з цэнтрам у краіне-агрэсары або ўвядзенне зямельнага падатку для іх. Не выключае суразмоўца і дадатковых інспекцыяў таго, ці сапраўды гандаль УПЦ адпавядае статутнай дзейнасці.

Ілюстрацыйны здымак.
Фота: Nikitin Maxim / TASS / Forum

«Яны могуць прадаваць свечкі, абразы, крыжыкі, царкоўную літаратуру – тое, што выкарыстоўваецца пры набажэнствах або для пропаведзі. Але, напрыклад, у Кіеве стаяў намёт, дзе прадавалі мёд, каўбасу, сыр, масла і іншае. Харчы – інструменты пропаведзі ці не? Калі не, то чаму яны не плацяць падаткаў?» – патлумачыў Гарэвой.

Пры гэтым ён не лічыць, што такія дзеянні ўладаў могуць раскалоць украінскае грамадства падчас вайны. Рэлігіязнаўца адзначыў, што УПЦ мае невялікую колькасць сталых парафіянаў – да 1–1,5 млн асобаў, значная частка якіх засталася на акупаваных тэрыторыях або выехала з краіны. А астатнія «захаджане», якія прыходзілі толькі на святы, хрост ці пахаванне, пасля ўсіх правяранняў і скандалаў «больш не збіраюцца хадзіць у гэтыя святыні».

«Я канкрэтна размаўляў пра гэта з людзьмі з Херсону», – паведаміў суразмоўца.

Аб’яднанне ўжо немагчымае?

Найбольш перспектыўным далейшым развіццём канфесійнай сітуацыі Гарэвой лічыць аб’яднанне УПЦ з ПЦУ ў адзіную царкву. Гэта, на ягоную думку, дазволіла б не толькі пераадолець раскол, але і атрымаць ад іншых праваслаўных цэркваў прызнанне аўтакефаліі і нават статус патрыярхату.

«Але я бачу, напрыклад, што з боку Маскоўскага патрыярхату няма жадання аб’ядноўвацца. З боку ПЦУ не да канца зразумела. Напрыклад, кіраўнік мітрапаліт Епіфаній кажа, што «мы гатовыя і адкрытыя для ўсіх». Але я бачу, што святары раздражнёныя пазіцыяй УПЦ. Я не ведаю, ці яны б лёгка ўспрынялі аб’яднанне», – падкрэсліў рэлігіязнаўца.

Больш за тое, запыту на аб’яднанне не відаць і сярод украінскага грамадства:

«Я бачу з каментароў у сацыяльных сетках запыт на пакаранне, забарону».

Як заключыў суразмоўца, замест аб’яднання цяпер набірае папулярнасць ідэя абменьваць святароў УПЦ на ўкраінскіх ваеннапалонных.

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў