ЕЗ выдзеліць Украіне вайсковую дапамогу на € 500 мільёнаў. Пакет ужо ўзгаднілі


У Еўразвязе ўзгаднілі выдзяленне Украіне дадатковай вайсковай дапамогі ў памеры € 500 мільёна. Аб гэтым паведамляе агенцыя «Reuters».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: eadaily.com

Еўрапейскі Звяз ратыфікаваў 23 студзеня пакет дадатковай вайсковай дапамогі Украіне на паўмільярда еўра, пры гэтым Берлін сутыкнуўся з большым ціскам з-за заклікаў Кіева паставіць яму танкі «Leopard» нямецкай вытворчасці. Раней выдзяленне гэтага пакету блакавала Венгрыя, але цяпер пагадзілася.

Сёмы транш вайсковай дапамогі Украіне ўзгоднены падчас сустрэчы 27 міністраў замежных спраў ЕЗ у Бруселі, якая адбылася пасля таго, як на мінулым тыдні краіны Захаду не здолелі дамовіцца аб пастаўках Украіне баявых танкаў, паабяцаўшы грашовую падтрымку.

Паведамляецца, што разам з пакетам у € 500 мільёнаў еўра быў зацверджаны і дадатковы пакет у € 45 мільёнаў на так званае несмяротнае абсталяванне для ваенна-трэніровачнай місіі ЕЗ ва Украіне. Перамовы праводзіліся за зачыненымі дзвярамі, «Reuters» спасылаецца на ўласныя крыніцы ў дыпламатычных колах.

У названай сустрэчы ў Бруселі брала ўдзел міністарка замежных спраў Германіі Аналена Бэрбок, якая заявіла, што Берлін не будзе перашкаджаць Польшчы паставіць Украіне танкі «Leopard», бо важна «зрабіць усё магчымае, каб абараніць Украіну».

У паведамленні агенцыі адзначаецца, што ў адказ на такое заяўленне, еўрапейскія дыпламаты таксама настойвалі на тым, каб і Берлін дазволіў пастаўкі танкаў «Leopard» нямецкай вытворчасці, раз Нямеччына быццам бы пагадзілася на іх пастаўкі трэцімі краінамі.

Раней паведамлялася, што 22 студзеня прэмʼер-міністр Польшчы Матэўш Маравецкі заявіў, што Украіна павінная атрымаць танкі «Leopard», нават нягледзячы на нежаданне Нямеччыны. Польскі палітык дапускае ў межах такой ініцыятывы стварэнне кааліцыі нават без Нямеччыны.

 

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў