Карач дала прэс-канферэнцыю: параўнала сябе з Бяляцкім, назвала Азарава пагрозаю Літве


Дырэктарка арганізацыі «Наш дом» Вольга Карач, якую Літва лічыць пагрозай нацыянальнай бяспецы, дала 22 жніўня прэс-канферэнцыю ў Вільні. Аб сваёй справе яна казала параўнальна мала, але назвала пагрозаю Літве шэраг іншых людзей, у тым ліку кіраўніка BYPOL.

Вольга Карач
Вольга Карач на прэс-канферэнцыі ў Вільні, Літва. 22 жніўня 2023 года.
Фота: Белсат

На прэс-канферэнцыі Карач выступала на англійскай мове і часам пераходзіла на расейскую. Спачатку яна расказала сваю біяграфію (згадаўшы нават залаты медаль у школе), пра ўзнагароды, якія атрымлівала, і пра пагрозы ёй ад беларускіх і расейскіх прапагандыстаў (сцвярджала сярод іншага, што літоўскія чыноўнікі ёй паведамлялі, што беларускі рэжым хоча яе забіць, таму 17 дзён яна правяла ў сховішчы).

Затым яна перайшла да тых, каго сама лічыць пагрозаю нацыянальнай бяспекі Літвы, але гэтыя асобы без перашкодаў траплялі ў Еўразвяз: сярод такіх назвала прапагандыстку Алёну Красоўскую-Каспяровіч, супрацоўніка ГУБАЗіКу Артура Гайко, які ўкараніўся ў супольнасць «Чорная кніга Беларусі» і працаваў там, пакуль не быў раскрыты, кіраўніка BYPOL Аляксандра Азарава, які працаваў у ГУБАЗіКу да 2019 года і перайшоў у апазіцыю ў 2020 годзе. Яна таксама згадала пра былую супрацоўніцу сайта «СБ. Беларусь Сегодня» Святлану Галузу, якую Літва збіралася выслаць у Беларусь.

Таксама Карач крытыкавала абраную прэзідэнтку Святлану Ціханоўскую – яна сцвярджае, што іхны канфлікт пачаўся пасля абвешчанага на пачатку 2021 года галасавання Ціханоўскай адносна выхаду з палітычнага крызісу, каб прымусіць рэжым Аляксандра Лукашэнкі да перамоваў пры міжнародным пасярэдніцтве (99 % са звыш 400 тысяч апытаных прагаласавалі «за»). Паводле Карач, Ціханоўская хацела весці перамовы «з Пуціным, Лукашэнкам і Нямеччынай», хаця пра ўдзел Пуціна ў тым кантэксце Ціханоўская не казала.

Hавiны
«Наша ніва»: літоўскі юрыст Данелюс укараняецца ў беларускія арганізацыі, перадае звесткі ў КДБ
2022.08.18 18:32

Што да свайго выпадку, Карач прапанавала Літве дэпартаваць яе ў Беларусь і «паглядзець, што здарыцца». Яна запэўнівае, што не кантактавала з замежнымі выведкамі, і настойвае, што праз пераслед уладаў Беларусі мусіць атрымаць прытулак у Літве. Адвакат Карач даводзіў, што падазрэнні адносна яе неабгрунтаваныя і што яны будуць дамагацца справядлівасці праз суд.

У каментары «Белсату» Карач расказала, што ёй было вельмі крыўдна чуць абвінавачванні: для «Нашага дому» прынцыпова, што арганізацыя не супрацоўнічае з Камітэтам дзяржаўнай бяспекі Беларусі і іншымі спецслужбамі Расеі ці Беларусі, бо «мы плацілі вялікі кошт за гэтую адмову супрацоўнічаць». Яна выказала надзею на літоўскі суд – хоча даказаць, што не супрацоўнічала з сілавікамі.

«Я думаю, калі б у мяне былі сувязі ў Крамлі, то сітуацыя, можа, была б зусім іншая, палітычная таксама. Не было б усіх гэтых абвінавачванняў таксама, і я была б зараз у Беларусі ці ў Расеі», – адзначыла Карач.

Усю сітуацыю з абвяшчэннем яе пагрозай бяспецы Літве яна растлумачыла тым, што «ў Літве вельмі шмат беларускіх арганізацыяў», «арганізацыям ужо тут стала цеснавата» – але не сказала наўпрост, якую беларускую арганізацыю падазрае, і сказала, што доказаў гэтаму не мае.

Яна дадала, што заўсёды лічыла, што Крым украінскі, але пра гэта не казала публічна, бо «ў Беларусі гэтая тэма была не зусім папулярная». Карач таксама разважала пра перамовы Расеі і Украіны – казала, што Украіна мусіць вярнуць кантроль над сваімі тэрыторыямі і атрымаць рэпарацыі, але перамовы мусяць «уключаць і беларускія тэрыторыі», бо «Беларусь мусіць сысці ад Расеі».

Якая пагроза зыходзіць ад Карач?

Вольга Карач 18 жніўня расказала расейскаму выданню «Медуза», што літоўскія ўлады адмовілі ёй у палітычным прытулку і абвесцілі яе «пагрозай нацыянальнай бяспецы». Падставаю для такога рашэння ўладаў Літвы, паводле Карач, паслужыла інтэрв’ю, якое яна брала ў заснавальніка расейскай ультраправай партыі ЛДПР Уладзіміра Жырыноўскага, а таксама ейны ўдзел у канферэнцыях у Расеі, у тым ліку арганізаваных Еўракамісіяй. Пазней яна заявіла, што не будзе з’язджаць з Літвы «ані пры якіх абставінах», і калі ўлады краіны захочуць ад яе пазбавіцца, то ім давядзецца дэпартаваць яе ў Беларусь.

Паводле звестак літоўскіх журналістаў, у Дэпартаменце дзяржаўнай бяспекі Літвы мяркуюць, што Карач супрацоўнічала з расейскаю выведкаю. Афіцыйна літоўскія сілавікі заяўляюць толькі тое, што прычыны рашэння адносна Карач «не тыя, якія яна згадвае ў сваіх публічных заявах», а інфармацыя аб тым, у чым дакладна пагроза нацыянальнай бяспецы ад Карач, не публічная.

Палітолаг Дзмітрый Балкунец пазней выказаў яшчэ адну версію: Карач у Літве пераследуюць за суд адносна рашэння Міністэрства замежных справаў Літвы аб пазбаўленні Святланы Галузы журналісцкай акрэдытацыі ў Літве.

Карач на Нобэля?

У Беларусі Карач улучаная ў «спіс тэрарыстаў», ейная арганізацыя «Наш дом» названая «экстрэмісцкім фармаваннем». «Наш дом» з’явіўся ў 2002 годзе і спачатку быў віцебскай газетай, у 2004 годзе перарос у грамадзянскую кампанію. У 2014 годзе «Наш дом» быў зарэгістраваны ў Літве як некамерцыйная арганізацыя. «Наш дом» на пачатку жніўня намінавалі на Нобэлеўскую прэмію міру за антываенную кампанію.

Падчас прэс-канферэнцыі Карач параўноўвала сябе з нобэлеўскім лаўрэатам Алесем Бяляцкім і казала, што яе ў Беларусі чакае той жа лёс – турма. Тым часам ананімны Telegram-канал, звязаны з ГУБАЗіКам, пацяшаўся з прэс-канферэнцыі Карач: сілавікі ўважліва глядзелі трансляцыю і цытавалі яе.

Таксама Карач расказала пра кампанію ў яе падтрымку: паводле яе, надзвычай шмат людзей пісалі пасты з гэштэгам у яе абарону #protection4Olga на Facebook. На самой справе, публічныя пасты з такім гэштэгам на момант публікацыі рабілі дзесяць карыстальнікаў.

Меркаванні
Сіні пашпарт, як жа ты мне дораг
2023.08.22 12:31

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў