Літва падазрае Вольгу Карач у супрацы з расейскімі спецслужбамі


У Дэпартаменце дзяржаўнай бяспекі Літвы мяркуюць, што кіраўніца беларускай арганізацыі «Наш дом» Вольга Карач супрацоўнічала з расейскаю выведкаю. Пра гэта паведамляе BNS.

«Паводле Дэпартаменту дзяржаўнай бяспекі, дзяячка беларускай апазіцыі Вольлга Карач, якая жыве ў Літве, супрацоўнічала з расейскімі спецслужбамі», – гаворыцца ў дакуменце, якім валодае BNS.

Паводле дакументу, Карач наведвала тэрыторыю РФ у 2015–2019 гадах і нібыта сустракалася з прадстаўнікамі расейскай выведкі. Літоўскія спецслужбы мяркуюць, што кіраўніца «Нашага дому» падтрымлівала з імі сувязь праз «абязлічаныя сродкі сувязі». Яна нібыта перадавала расейскаму боку інфармацыю аб прадстаўніках беларускай апазіцыі ды іхнай дзейнасці.

У Дэпартаменце дзяржаўнай бяспекі мяркуюць, што Карач імкнулася атрымаць падтрыманне Масквы для сваёй палітычнай дзейнасці ў Беларусі ды абмяркоўвала свае магчымыя палітычныя абавязкі перад Расеяй з прадстаўнікамі расейскіх спэцслужбаў.

«Прадстаўнікі расейскай выведкі клапаціліся пра імідж Вольгі Карач у Літве і за мяжою, давалі парады і прапановы наконт дзейнасці ў публічнай прасторы, папярэджвалі ды інструктавалі, як знізіць рызыкі», – гаворыцца ў дакуменце.

Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі мяркуе, што расейскія спецслужбы маюць зацікаўленасць у выкарыстанні Карач для дзейнасці, скіраванай супраць Літвы ды яе інтарэсаў.

Вольга Карач катэгарычна адмаўляе супрацу з расейскімі або беларускімі спецслужбамі.

«Ні з кім я не супрацоўнічала, дый не магла. Не супрацоўнічала я ні з якімі варожымі ведамствамі – ні беларускімі, ні расейскімі. Ніколі не супрацоўнічала, не ведаю, хто такое кажа, калі ў іх іншая інфармацыя, няхай яе апублікуюць», – сказала актывістка ў інтэрв’ю Delfi.

Нагадаем: на мінулым тыдні стала вядома, што літоўскія ўлады адмовілі Карач у палітычным прытулку ды абвесцілі яе «пагрозаю нацыянальнай бяспецы».

Hавiны
«Давядзецца дэпартаваць мяне ў Беларусь». Вольга Карач не плануе з’язджаць з Літвы
2023.08.18 23:12

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў