Які досвед Казахстану бярэ на ўзбраенне Лукашэнка?


19 чэрвеня да Аляксандра Лукашэнкі прыбыў з візітам намеснік прэм’ер-міністра – міністар замежных справаў Казахстану Мурат Нуртылеў. Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі вельмі ўважліва назіраюць за працэсам трансфармацыі інстытутаў кіравання і грамадства ў Казахстане і шмат «бяруць на аловак».

Мы паспрабавалі прасачыць, як на самой справе адбывалася і адбываецца гэтая самая трансфармацыя ў Казахстане з часоў прыходу Касым-Жамарта Такаева на змену Нурсултану Назарбаеву, і паглядзець, якія ж працэсы могуць быць цікавыя або, наадварот, нецікавыя Аляксандру Лукашэнку.

Лукашэнка, Лукашенко, Назарбаев, Назарбаеў
Аляксандр Лукашэнка і Нурсултан Назарбаеў. Масква, 24 снежня 2013 года.
Фота: Nikolsky Alexei / TASS / Forum

Казахскі варыянт транзіту

Яшчэ да пачатку выбараў у Беларусі многія эксперты абмяркоўвалі казахскі сцэнар транзіту ўлады, які мог бы быць выкарыстаны ў нашай краіне.

Нагадаем, што 20 сакавіка 2019 года прэзідэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў пасля амаль 30-гадовага кіравання краінай падпісаў указ аб складанні сваіх паўнамоцтваў. На чале Казахстану стаў пераемнік Назарбаева Касым-Жамарт Такаеў, былы прэм’ер і спікер парламенту.

Адразу ж пасля ўступлення на пасаду Такаеў зрабіў заяву, што голас Назарбаева будзе мець прыярытэтнае значэнне ва ўладкаванні стратэгічных пытанняў, а сам ён збіраецца працягваць той жа курс развіцця Казахстану, што праводзіўся пры першым прэзідэнце. Назарбаеў фактычна захаваў рычагі ўплыву як на ўнутраную, так і на замежную палітыку. Як пацвярджэнне сваёй адданасці справе «елбасы» («лідара нацыі» – такое званне Назарбаеў атрымаў у 2010 годзе), ужо 23 сакавіка 2019 года Такаеў перайменаваў сталіцу Казахстану Астану ў Нур-Султан – паводле імені першага прэзідэнта, а таксама ўвекавечыў ягонае імя ў назвах цэнтральных вуліцаў казахскіх гарадоў.

Сам жа Назарбаеў у сваёй развітальнай прамове падкрэсліваў, што «застаецца» з народам Казахстану: «Як вам вядома, нашымі законамі я надзелены статусам першага прэзідэнта – елбасы (лідара нацыі). Застаюся старшынёй Рады бяспекі, які надзелены сур’ёзнымі паўнамоцтвамі. Застаюся старшынёй партыі «Нур Атан», сябрам Канстытуцыйнай рады. Гэта значыць, застаюся з вамі. Клопаты краіны і народу застаюцца маімі клопатамі».

Як адзначалі эксперты, адбылася змена, у выніку якой улада заставалася сканцэнтраваная ў руках прадстаўнікоў аднаго клану. Вядома таксама, што Такаеў і Назарбаеў паходзяць з аднаго і таго ж старэйшага жузу (так называецца група плямёнаў у Казахстане).

Праз кароткі час, у пачатку красавіка 2019 года, Касым-Жамарт Такаеў абвясціў правядзенне датэрміновых выбараў, ён прызначыў іх на 9 чэрвеня 2019 года. Хаця паводле Канстытуцыі ён мог займаць прэзідэнцкую пасаду да выбараў, што меліся прайсці ў снежні 2020-га.

9 чэрвеня Касым-Жамарт Такаеў атрымаў перамогу і набраў 70,96 % галасоў. Выбары прайшлі на фоне пратэстаў, толькі ў сталіцы былі арыштаваныя каля 500 асобаў. Паводле экспертаў, выбары паказалі запыт у грамадстве на перамены, але пры гэтым сталі сведчаннем захавання архаічнай сістэмы, што склалася ў Казахстане. Тым не менш, выступленні былі не настолькі маштабнымі, каб перашкодзіць Такаеву застацца на прэзідэнцкай пасадзе.

Усё гэта сапраўды выглядала як добры сцэнар, які можна было б скарыстаць для перадачы ўлады ў Беларусі. Пасля выбараў 2020 года ў нашай краіне гэтая тэма актыўна абмяркоўвалася ў айчынных экспертных колах. У гэткай сістэме каардынатаў Лукашэнка заставаўся б «бацькам нацыі», «беларускім елбасы» з поўным кантролем самых важных пытанняў унутранай і замежнай палітыкі, а актуальнымі пытаннямі займаўся б новаабраны пераемнік – прэзідэнт, якога б Лукашэнка «прывёў» на гэтую пасаду.

Але нешта пайшло не так

У першыя дні студзеня 2022 года ў Казахстане пракацілася хваля самых масавых пратэстаў за ўсю сучасную гісторыю краіны. Штуршком стала рэзкае павышэнне цэнаў на звадкаваны газ – першыя выступленні адбыліся на захадзе Казахстану, у Жанаўэзене, але пасля імкліва перакінуліся ў сталіцу ды іншыя гарады. Вельмі хутка ад эканамічных патрабаванняў удзельнікі пратэсту перайшлі да палітычных, сярод якіх была адстаўка ўраду і адыход з палітыкі былога прэзідэнта Нурсултана Назарбаева.

Пратэсты ў Казахстане пасля павышэння цаны на газ. 4 студзеня 2022 года.
Фота: tengrinews.kz

Сітуацыя пачала выходзіць з-пад кантролю: 4–5 студзеня пратэстоўцы спалілі былую рэзідэнцыю прэзідэнта, захапілі аэрапорт у Алматы. У краіне было ўведзенае надзвычайнае становішча. Такаеў адправіў у адстаўку ўрад і ачоліў Раду бяспекі Казахстану, ён замяніў на гэтай пасадзе Нурсултана Назарбаева.

6 студзеня Такаеў звярнуўся да АДКБ па дапамогу ў задушэнні пратэстаў. 2030 вайскоўцаў узброеных сілаў Расеі, Беларусі, Таджыкістану, Кыргызстану і Арменіі прыбылі ў Казахстан для падтрымання парадку і аховы асабліва важных аб’ектаў. Падчас антытэрарыстычнай аперацыі, абвешчанай у краіне, пачаліся зачысткі ў казахскіх гарадах.

Паводле афіцыйных звестак, усяго падчас пратэстаў загінулі 238 асобаў, 19 з іх – вайскоўцы і паліцыянты. 4353 асобы былі параненыя, 3393 з іх – сілавікі. Сярод пацярпелых і загінулых былі выпадковыя людзі, у тым ліку дзеці.

Ужо 7 студзеня ўлады заявілі пра задушэнне пратэстаў. Але вынікі ўнутраных перастановак у апараце чыноўнікаў уражвалі: без пасадаў засталіся дзяржсакратар і спікер ніжняй палаты парламенту Казахстану, паводле падазрэння ў крадзяжы сродкаў «Казахтэлекаму» ў асабліва буйным памеры быў арыштаваны пляменнік Назарбаева Кайрат Сатыбалдыюлы, з пасады старшыні ЦВК быў зняты сват былога прэзідэнта, кіроўныя пасады страцілі тры ягоныя зяці. Многія верныя Назарбаеву чыноўнікі таксама былі звольненыя.

Новы Казахстан

У парламенцкім выступе 11 студзеня 2022 года Касым-Жамарт Такаеў назваў студзеньскія падзеі «планам захопу ўлады, над якім папрацавалі прафесіяналы», але адзначыў, што спроба гэтая не ўдалася. Пры гэтым падчас сваёй прамовы ён зрабіў некалькі «праграмных» заяваў, адна з якіх – абяцанне пабудаваць «новы Казахстан». Ён прызнаў, што трагічныя падзеі, якія адбыліся ў студзені, былі шмат у чым выкліканыя «сур’ёзнымі сацыяльна-эканамічнымі праблемамі і неэфектыўнай, а дакладней, правальнай дзейнасцю некаторых дзяржаўных органаў». Падчас гэтага выступу ён фактычна абрынуўся з крытыкай на Назарбаева, што пры тым быў створаны клан алігархаў, якім настала пара падзяліцца сваімі надзвычай вялікімі даходамі. І словы не разышліся з дзеямі: набліжаныя першага прэзідэнта ўсё больш і больш гублялі ўплыў у дзяржаўнай сферы Казахстану. Следам за гэтым у студзені 2023 года статус елбасы і многія прывілеі страціў і сам Назарбаеў.

Дарожны ўказальнік, пастаўлены пасля перайменавання Астаны ў Нур-Султан. Казахстан. 9 красавіка 2019 года.
Фота: Мухтар Холдорбеков / Tengrinews.kz

Важным момантам падчас гэтай прамовы стаў акцэнт на вывадзе войскаў міратворчага кантынгенту АДКБ з Казахстану. Насуперак прагнозам многіх аналітыкаў, якія сцвярджалі, што расейскія вайскоўцы пад выглядам міратворчых сілаў надоўга застануцца ў Казахстане, Такаеў падкрэсліў, што «працэс вываду кантынгенту зойме не больш за 10 дзён». Так яно і атрымалася.

З гэтага моманту ўсім стала зразумела, што «казахскі транзіт» выходзіць на зусім іншы этап, відавочна не прадугледжаны сцэнаром. Акрамя таго, відавочным стала, што нават самыя прадуманыя схемы «мяккага транзіту» могуць даваць збой. Вельмі хутка пасля гэтага ў Беларусі перасталі размаўляць пра «казахскі варыянт», бо, як аказалася, у такім сцэнары таксама могуць з’яўляцца «чорныя лебедзі», прадугледзець якіх вельмі цяжка.

А далей – пачалася вайна, Беларусь стала ў ёй суагрэсарам і ўжо ні пра які сцэнар транзіту не было размовы.

Што Лукашэнка бярэ «на аловак»

Палітычны аглядальнік Вадзім Мажэйка кажа, што на самой справе Лукашэнка мусіць браць з досведу Казахстану «на аловак» усё. У першую чаргу таму, што аўтарытарныя рэжымы – адзінкавыя, унікальныя, кожны са сваёй гісторыяй. З гэтай прычыны прыкладаў для таго, каб павучыцца, не так ужо і шмат. Беларускі кіраўнік, вядома ж, вывучае прыклад Казахстану, які інтэграваны ў постсавецкія структуры, спрабуе балансаваць паміж Расеяй і Кітаем. Лукашэнку, на думку эксперта, было цікава глядзець за тым, як праходзіў транзіт Назарбаева і як гэты транзіт пайшоў не так, як было запланавана.

Сярод пазітыўнага досведу Казахстану, што можа быць карысным для Лукашэнкі, палітычны аналітык адзначыў тое, што Казахстан захаваў сваю самастойнасць, не трапіў у залежнасць ні ад аднаго са сваіх суседзяў – ні ад Расеі, ні ад Кітаю. Пры гэтым краіна захоўвае досыць неблагія адносіны з Захадам.

Яшчэ адзін пазітыўны фактар, на які звярнуў увагу эксперт, гэта тое, што ўлада Такаева здолела выстаяць падчас пратэстаў у студзені 2022 года, звязаных з пэўным расколам элітаў і падтрыманых пэўнай групай былой алігархіі і сілавікоў. Пры гэтым важна, адзначае Вадзім Мажэйка, што Такаеў здолеў застацца пры ўладзе і не  трапіў  у залежнасць ад Расеі: не атрымалася такога, што войскі АДКБ зайшлі на тэрыторыю Казахстану і пасля не выйшлі з яе. Наадварот, яны былі выведзеныя вельмі хутка.

Прэзідэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў выступае на Еўразійскім эканамічным форуме. Масква, Расея, 24 траўня 2023 года.
Фота: akorda.kz

І цяпер відаць, што Казахстан працягвае незалежную палітыку: Такаеў дазваляе сабе на сустрэчах у Маскве выказвацца досыць дзёрзка пра тое, што Казахстан не пойдзе шляхам беларускай інтэграцыі, што ДНР і ЛНР ёсць псеўдадзяржавамі і г. д. У прысутнасці Пуціна ніхто не дазваляе сабе такога, акрамя Такаева. Усё гэта палітычны аналітык залічвае да той пазітыўнай часткі, што падабаецца Лукашэнку.

Такаеў – гэта Макей «на максімалках»

Пры гэтым наўрад ці Лукашэнка асацыюе сябе менавіта з Такаевым, адзначае Вадзім Мажэйка. Такаеў – пераемнік папярэдняга прэзідэнта. І, калі праводзіць беларускія паралелі, то гэта хутчэй Макей «на максімалках», якому пашчасціла і які атрымаў транзіт улады, а не смерць.

Лукашэнка ж сябе хутчэй асацыюе з Назарбаевым. Але пры гэтым эксперт сумняваецца, што Лукашэнка зайздросціць лёсу Назарбаева. Бо, нягледзячы на тое, што ў выніку транзіту ва ўладзе застаецца чалавек, якога хацеў прывесці Назарбаеў, сам былы прэзідэнт Казахстану не здолеў захаваць свайго ўплыву на ўладу. Мы бачым, адзначае Вадзім Мажэйка, што самыя кантраляваныя людзі ўсё роўна ад яго аддаліліся, бачым таксама, як назарбаеўскіх сваякоў адціскаюць ад улады, у тым ліку ягоную дачку Дарыгу Назарбаеву, як пераназываюць сталіцу, некалі названую ў гонар першага прэзідэнта, і г. д. І для Лукашэнкі гэта сігнал: нават калі падчас транзіту ты ўсё кантралюеш, усё адно маеш шанцы вельмі лёгка згубіць уплыў на ўладу.

Нягледзячы на тое, што казахскі прэзідэнт рыхтаваўся да транзіту вельмі доўга, адзначае Вадзім Мажэйка, што ён меў добрыя рэйтынгі і добрыя адносіны з Захадам, рабіў гэты транзіт як хацеў і калі хацеў, усё роўна перадача ўлады не надта ўдалася. Назарбаеў не здолеў яе захаваць. І для Лукашэнкі гэта адмоўны досвед, які можа яго запэўніваць у тым, што любы транзіт – небяспечны. Якія б сістэмы вагаў і супрацьвагаў дыктатар не выбудоўваў, усё роўна існуюць вялікія рызыкі, што ён можа страціць уладу і што любы пераемнік у крызіснай сітуацыі захоча хутчэй адмежавацца ад старога аўтакрата, чым падтрымліваць яго, бо на гэтым будзе значна лягчэй знайсці ўсеагульнае падтрыманне. І гэта Лукашэнку асабліва не падабаецца.

Якія высновы зробіць Лукашэнка

Вадзім Мажэйка пагадзіўся з тым, што Лукашэнка мусіць быць удзячны досведу Казахстану, што не пайшоў шляхам транзіту, абраным Назарбаевым. Бо заўсёды прыемней вучыцца на чужых памылках, чым самому сесці ў лужыну.

Іншае пытанне, якія высновы зробіць з гэтага Лукашэнка. З аднаго боку, заўважае эксперт, з улікам казахскага досведу можна зрабіць больш стрыманую сістэму транзіту, чым была ў Назарбаева. Можна ўлічыць усе праблемы, што паўсталі ў Казахстане, і ў выніку зрабіць больш кантраляваны транзіт у сябе, у Беларусі.

А з другога боку, Лукашэнка можа зрабіць выснову, што такі транзіт, як у Казахстане, увогуле немагчымы, і выбраць шлях перадачы ўлады, бліжэйшы да азербайджанскага, каб зрабіць пераемнікам толькі свайго сына і нікога іншага. А можа быць, ён прыдумае нейкі мікс паміж казахскім і азербайджанскім варыянтамі…

Тым не менш, кажа Вадзім Мажэйка, жыццё прымушае Лукашэнку да нейкага палітычнага транзіту – адсюль і ўсе размовы пра Усебеларускі народны сход, зачыстка партыйнай сістэмы і падладжванне яе пад УНС. На думку аналітыка, Лукашэнка схільны шукаць цяпер больш складаныя сістэмы – а больш складаныя сістэмы нясуць у сабе больш рызыкі.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў