Архіепіскапа Арцемія пахаваюць на Чыжоўскіх могілках у Менску


Развітанне з архіепіскапам Арцеміем (Кішчанкам) пройдзе з 13:00 23 красавіка па 12:00 24 красавіка ў Свята-Пакроўскім кафедральным саборы ў Горадні, паведамляецца на афіцыйным сайце Беларускай Праваслаўнай Царквы.

Архіепіскап Арцемій.
Фота: Igor Zhdanovich / orthos.org

У панядзелак 24 красавіка а 8-й гадзіне раніцы ў Свята-Пакроўскім кафедральным саборы Горадні распачнецца літургія, пасля якой будзе здзейснены чын адпявання.

Апоўдні 24 красавіка цела памерлага перавязуць у Менск на Чыжоўскія могілкі. А 15-й гадзіне адбудзецца памінальная ліція, пасля якой архіепіскапа пахаваюць побач з магіламі ягоных сваякоў.

Былы праваслаўны архіепіскап Гарадзенскі і Ваўкавыскі Арцемій памёр ноччу з 21 на 22 красавіка на 71-м годзе жыцця пасля цяжкай хваробы.

Архіепіскап Арцемій быў адным з прадстаўнікоў БПЦ, які публічна выказаў спачуванне пацярпелым ад рэпрэсіяў і асудзіў жорсткія дзеянні сілавікоў у 2020-2021 гадах. Праз пэўны час пасля гэтага, 8 чэрвеня 2021 года архіепіскапа знялі з пасады, не гледзячы на шматлікія просьбы вернікаў не рабіць гэтага. Адпаведнае рашэнне прыняў Сінод Беларускага экзархату праваслаўнай царквы, а ўжо на наступны дзень на экстранным паседжанні Сіноду адстаўку пацвердзіў патрыярх РПЦ Кірыл.

У чэрвені 2021 года былога архіепіскапа Арцемія адправілі на спакой «на падставе стану здароўя». Пасля ён заявіў журналістам, што ягоная адстаўка – палітычнае рашэнне.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў