Памёр былы архіепіскап Гарадзенскі і Ваўкавыскі Арцемій


Уначы з 21 на 22 красавіка памёр былы праваслаўны архіепіскап Гарадзенскі і Ваўкавыскі Арцемій, якія ў свой час пазбавіўся пасады за асуджэнне рэпрэсіяў. Аб гэтым паведамляе «Хрысціянская візія».

Архіепіскап Арцемій.
Фота: «Хрысціянская візія» / Telegram / christianvision

Былы праваслаўны архіепіскап Гарадзенскі і Ваўкавыскі Арцемій памёр ноччу з 21 на 22 красавіка пасля цяжкай хваробы.

«Сёння ноччу, не дажыўшы трох дзён да свайго 71-годдзя, адышоў да Хрыста архіепіскап Арцемій (Кішчанка), які ў 1996–2021 гадах кіраваў Гарадзенскай епархіяй Беларускай Праваслаўнай Царквы. Вечная і светлая памяць!» – гаворыцца ў паведамленні.

Архіепіскап Арцемій быў адным з прадстаўнікоў БПЦ, які публічна выказаў спачуванне пацярпелым ад рэпрэсіяў і асудзіў жорсткія дзеянні сілавікоў у 2020-2021 гадах. Праз пэўны час пасля гэтага, 8 чэрвеня 2021 года архіепіскапа знялі з пасады, не гледзячы на шматлікія просьбы вернікаў не рабіць гэтага. Адпаведнае рашэнне прыняў Сінод Беларускага экзархата праваслаўнай царквы, а ўжо на наступны дзень на экстранным паседжанні Сінода адстаўку пацвердзіў патрыярх РПЦ Кірыл.

Архіепіскап Арцемій тады так пракаментаваў сваю адстаўку: «Гэта адбылося па ўказцы дзяржавы. Цяпер трошкі змянілася становішча пасля жнівеньскіх хваляванняў і адбываецца ўсеагульны чыстка. Мяжа перакрытая, людзей звальняюць, саджаюць. Пакуль у іх зацішша – час для таго, каб трошкі і паставіць царкву на месца. Таму што царкоўнікі не ўсе падтрымліваюць існы рэжым».

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў