Ці сапраўды расейскі бізнес адціскае рынак у беларусаў і наколькі гэта небяспечна?


На фоне палітычнага крызісу і санкцыяў, накладзеных на нашу краіну ў сувязі з сфальсіфікаванымі выбарамі 2020 года і ўдзелам рэжыму Аляксандра Лукашэнкі ў расейскім поўнамаштабным уварванні ва Украіну, з Беларусі стаў сыходзіць заходні бізнес. Але, як той казаў, не было б Рымшы, быў бы хто іншы. І ў беларускі бок пацягнуліся расейскія кампаніі, якія пачалі займаць вызваленыя месцы, а паралельна – тыя дзялянкі, на якіх традыцыйна працаваў беларускі бізнес. Паглядзелі, ці сапраўды расейскі бізнес адціскае рынак у беларусаў і паспрабавалі высветліць, наколькі гэта небяспечна.

Жанчына атрымлівае свой заказ у пункце самавывазу «Wildberries» у Маскве, Расея. 24 сакавіка 2021 года.
Фота: Kirill Kudryavtsev / AFP / East News

Паводле падлікаў выдання «План В», па выніках 2022 – першай паловы 2023 года галоўным бенефецыярам ад сыходу «несяброўскіх бізнесаў» сталі менавіта расейцы. Каля 70 % бізнесаў, якія здолелі прадацца за гэты перыяд у Беларусі, набылі менавіта прадстаўнікі нашай усходняй суседкі. У якіх сферах гэта адбывалася найбольш?

Рэтэйл на першым месцы

Аб тым, што ў беларускіх рэтэйлераў ёсць пэўныя праблемы, у сакавіку 2023-га «Белсат» ужо пісаў: у гэты час ужо развітаўся з беларусамі «Віталюр», у прадстаўнікоў сілавых структур узнікалі пытанні то да ўладальнікаў «Green» і «Суседзяў», то да гаспадароў «Вострава чысціні і смаку», «ОМА» ці «21vek.by», «трэсла» буйную сетку крамаў «Еўраопт».

На гэтым фоне ўсё часцей і часцей сталі з’яўляцца паведамленні пра адкрыццё чарговай расейскай сеткай новых крамаў – у сталіцы, абласных ці раённых цэнтрах. Трэба адзначыць, многія сеткі спрабавалі ўвайсці на беларускі рынак ужо даўно (як, напрыклад, той жа «Светофор», першыя крамы якога адчынілся яшчэ ў 2017 годзе), але іхная актыўнасць у апошнія гады павялічылася істотна.

Толькі цягам 2022 года дзве расейскія сеткі «Светофор» і «Доброцен» адчынілі больш за 30 гандлёвых кропак у Беларусі, сетка «Fix Price», што гандлюе нехарчовымі таварамі, адчыніла за 2022 год 53 крамы, а за 9 месяцаў 2023 года прырасла яшчэ на 27 крамаў. Агулам напрыканцы 2023 года ў краіне налічвалася каля 200 крамаў «Светофор» і 280 крамаў «Fix Price», «Доброцен» – больш за 30.

Цікава, што пачынаючы з восені 2023 года, некаторыя гандлёвыя кропкі «Светофора» змянілі назву на «Спутник» – у першую чаргу гэта датычыцца гіпермаркетаў, хоць, як адзначаецца, сам фармат крамаў унутры не змяніўся (тут прадаюцца прадукты па нізкіх коштах, часам іх называюць «крамамі для бедных»).

Крама гандлёвай сеткі «Светофор».
Фота: TUT.by

Аб прыходзе яшчэ аднаго расейскага рэтэйлера ў Беларусь стала вядома напрыканцы 2023-га. Так, сетка гіпермаркетаў «Green» стала партнёрам кампаніі «ВкусВилл». Як паведамлялася, прадукцыю кампаніі ўжо можна было пабачыць у беларускіх крамах у снежні 2023-га. Цікава, што ў 2022-м «ВкусВилл» ўжо выходзіла на беларускі рынак са службай дастаўкі, але праект «не ўзляцеў».

У пачатку 2024-га стала вядома пра адкрыццё ў Беларусі першай крамы «Л’Этуаль» – расейскага рэтэйлера у парфумерна-касметычнай сферы, які валодае больш чым 1000 крамаў у Расеі. Чакалася, што сетка «Л’Этуаль» з’явіцца ў гадлёвым цэнтры «Minsk City Mall», але ў выніку яны аблюбавалі «Экспабел».

Адметна, што «Л’Этуаль» не першы расейскі бізнес у парфумерна-касметычнай сферы, які актыўна пачаў скараць Беларусь. Яшчэ раней, у 2021 годзе, сюды прыйшла сетка «Золотое яблоко». Агулам гэтая сетка валодае больш чым двума дзясяткамі крамаў у Расеі, але пры гэтым займае 2-е месца па таваразвароту сярод рэтэйлераў парфумерыі і касметыкі ў РФ.

Цяпер жа гэтыя дзве буйныя расейскія сеткі будуць разам складаць канкурэнцыю ААТ «Кравт» – «першай нацыянальнай сетцы парфумерна-касметычных крамаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь», якая працуе на беларускім рынку з 2003 года. Ці ўдасца «Кравту» вытрымаць такую канкурэнцыю – пытанне адкрытае.

Яшчэ адзін брэнд з усходу, які стане канкурэнтам «Міле» і «Востраву чысціні і смаку» – расейская сетка касметыкі і парфумерыі «Подружка« (яна, між іншага, таксама належыць уладальніку «Л’Этуаль»). Пра яе прыход стала вядома ў пачатку 2024 года. У гэтых крамах збіраюцца прадаваць як касметыку і парфумерыю, так і бытавую хімію, прадукты, дробязі для дому – словам, усё тое, што прывыклі бачыць беларусы ў беларускіх крамах такога ж фармату.

Буйныя гульцы з Расеі ў нішы інтэрнэт-гандлю

У чэрвені 2021 года, калі ў офісе буйной крамы «21vek.by» праходзілі ператрусы, на рынак нашай краіны толькі-толькі выходзіла расейская інтэрнэт-кампанія «Ozon». Падчас выхаду прадстаўнікі кампаніі заяўлялі пра намеры ўтрая павялічыць колькасць фірмовых пунктаў выдачы заказаў – да 1000 штук.

Лагістычны цэнтр расейскай інтэрнэт-крамы «Ozon» за горадам Цвер, Расея. 16 кастрычніка 2019 года.
Фота: Kirill Kudryavtsev / AFP / East News

Зараз менеджмент «Ozon» не раскрывае долі сваёй кампаніі на беларускім рынку, тым не менш адзначае, што кампанія займае 4-е месца па пазнавальнасці сярод маркетплэйсаў, якія працуюць у нашай краіне. У 2024 годзе «Ozon» мае намер павялічыць колькасць пунктаў выдачы яшчэ ўдвая.

Другі вядомы расейскі маркетплэйс «Wildberries», нягледзячы на пэўныя праблемы з беларускімі ўладамі з-за падвойнага падаткаабкладання, да вырашэння якіх падключаўся нават Камітэт дзяржкантролю, працягвае нарошчваць сваю прысутнасць у краіне.

У верасні 2023-га кампанія адчыніла чацвёрты сарціровачны цэнтр у Беларусі – у Берасці (да гэтага ўжо існавалі лагістычныя цэнтры ў Менску, Менскім раёне і Гомлі). А ў канцы лістапада 2023 года у «Wildberries» заявілі аб тым, што збіраюцца пабудаваць у краіне найбуйнейшы размеркавальны цэнтр сваёй кампаніі. Ягоная плошча, як мяркуецца, зойме каля 120 тысячаў квадратных метраў, і размясціцца ён у індустрыяльным парку «Вялікі камень».

Гэтую ўгоду ўжо назвалі найбуйнейшай у гісторыі самога індустрыйнага парку і найбольш значнай у рэспубліцы за 2023 год. Усяго ж агульная колькасць пунктаў выдачы заказаў «Wildberries» станам на жнівень 2023 года была большай за 900.

Адны сышлі – другія прыйшлі

Пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну з беларускага рынку пачалі выходзіць заходнія бізнесы, некаторым перад сыходам удавалася прадаць свае актывы – і пакупнікамі ў гэтых выпадках станавіліся нашы ўсходнія суседзі.

Лабараторны комплекс «Хелікс» у Санкт-Пецярбурзе, Расея.
Фота: helix.ru

Так, з пачатку 2023 года новага ўладальніка ў асобе расейскай кампаніі «Хелікс» атрымала адна з найбуйнейшых у Беларусі сетак лабараторыяў «Сінэво». Да гэтага кампанія належала шведскаму холдынгу «Medicover», які заявіў аб сыходзе з беларускага рынку. «Хелікс» выкупіла 100% актываў беларускай кампаніі – гэта цэнтральная лабараторыя і каля 60 лабараторных пунктаў, таксама ім дасталася нерухомасць, у якой размяшчаліся некаторыя аб’екты.

Расейская кампанія «Технониколь» у 2023 годзе набыла завод ў Берасці ў польскай кампаніі «Vox», якая спецыялізавалася на вытворчасці сайдынгавых і аздабляльных матэрыялаў. Другім заводам, які перайшоў ва ўласнасць «Технониколя», стала Барысаўская лесапільня «СВДСэкспорт», якая ўваходзіла ў склад  літоўскага холдынгу «VMG Group».

Сярод прыкметных угодаў, у выніку якіх актывы заходняй кампаніі перайшлі да расейцаў, стала пакупка «British American Tobacco». Кампанія з ААЭ, створаная расейцамі, атрымала ва ўласнасць усе актывы «ВАТ» у Расеі і Беларусі. У нашай краіне ў якасці ўладальніка актываў ВАТ цяпер лічыцца кампанія «Міжнародныя паслугі па маркетынгу табака Бі У ай».

Пасля ўвядзення санкцыяў у дачыненні да кампаніі «Белавія» беларускі авіяперавозчык заклапаціўся тым, каб знайсці альтэрнатыву для сістэмы браніравання білетаў – так у 2023 годзе на змену амерыканскай «Sabre» прыйшла расейская сістэма «Leonardo».

Не адстае і ІТ-рынак – на фоне таго, што з пачатку 2023 года больш за 20 кампаніяў запусцілі працэдуру ліквідацыі ў Беларусі, штораз чуваць аб тым, што ў нашу краіну прыходзяць буйныя кампаніі з расейскім капіталам.

Так, у снежні 2023-га стала вядома аб адкрыцці ў Менску прадстаўніцтва холдыну «VK» у Беларусі. Як адзначылі ў самой кампаніі, у офісе будуць працаваць распрацоўшчыкі з каманд «ВКонтакте», «Дзен» и «VK Tech». Таксама ў кампаніі падкрэслілі, што ўжо падалі заяўку на ўступленне ў беларускі ПВТ.

У Менску адчыніўся офіс расейскай кампаніі «VK».
Фота: habr.com

Пра свае намеры адкрыць прадстаўніцтва на беларускім рынку ў 2023 годзе заяўляла расейская група кампаніяў «Астра», распрацоўшчык ОС Astra Linux – аперацыйнай сістэмы на базе ОС Linux, якая ўкараняецца ў расейскіх дзяржаўных установах у якасці альтэрнатывы Microsoft Window.

Што гэта значыць?

Прыкладаў прыходу расейскага бізнесу ў Беларусь на самай справе можна прыводзіць мноства, і літаральна з кожным месяцам іх становіцца больш. Аб чым гэта сведчыць і ці кепска гэта для нашай краіны, мы вырашылі спытаць у прадпрымальніка, блогера і вядоўцы праграмы «Атмасфера» на «Белсаце» Аляксандра Кныровіча.

«Я б сказаў, што гэта цалкам натуральны працэс, што мы не маем справы з нейкім дзяржаўным рашэннем, нейкім накіраваным дзеяннем, якое б ішло на шкоду беларускім прадпрымальнікам», – мяркуе Аляксандр Кныровіч.

Наш суразмоўца патлумачыў, што беларускія і расейскія прадпрымальнікі заўсёды знаходзіліся ў няроўных умовах. Адсутнасць у пачаку 90-х масавай прыватызацыі ў Беларусі і наяўнасць яе ў Расеі плюс 10 гадоў адноснай свабоды ў Расеі – усё гэта стварыла для расейскіх прадпрымальнікаў прыкметны гандыкап у развіцці. То бок там паспелі сфармавацца буйныя капіталы, там ёсць працоўныя біржавыя інструменты – у выніку сярэдні расейскі прадпрымальнік значна больш развіты, чым беларускі, і гэта вызначае нізкую канкурэнтназдольнасць у цэлым беларускіх прадпрыемстваў, не лічачы асобных прыкладаў, якія працавалі паспяхова ў тым ліку і на расейскім рынку.

«Але ў сярэднім па лякарні ў беларускага прадпрымальніка менш грошай, яны ў яго менш дарагія, і ён знаходзіўся ў больш кіслотным асяроддзі, чым расейскі. Таму сёння, калі адбываецца сыход заходніх прадпрыемстваў, калі вызваляюцца некаторыя нішы і калі ў цэлым і для расейцаў, і для беларусаў закрываюцца магчымасці выхаду вонкі, то бок яны закансерваваныя ўнутры, то, натуральна, буйны расейскі бізнес глядзіць на Беларусь як на магчымасць для будучага развіцця. І ён сюды прыходзіць не таму, што гэта нейкая зламысная стратэгія, а таму, што яго сюды натуральна накіроўвае маркетынгавы аналіз рынку», – кажа Аляксандр Кныровіч.

Канечне, адзначае наш суразмоўца, для Беларусі было б больш здаровым шляхам, калі б гэтыя прадпрыемствы выкупаў беларускі бізнес, але ў яго няма на гэта грошай, ён не здольны плаціць такія сумы, якія плацяць расейцы за ўваход на беларускі рынак.

Тым не менш, ацэньваючы небяспеку гэтага працэсу, Аляксандр Кныровіч адзначыў, што на фоне ўводу ядравай зброі ў Беларусь гэта «абсалютна дзіцячы і вегетарыянскі працэс».

«Я абсалютна ўпэўнены, што калі будзе вырашана пытанне са зменай улады ў Беларусі, пераходу да дэмакратыі, а да гэтага вырашана пытанне аб заканчэнні вайны ва Украіне, то ўжо з прадпрымальнікамі нейкую агульную мову мы знойдзем – будзь то кітайскія, расейскія ці польскія прадпрымальнікі.

Усё ж такі свядомасць прадпрымальніка нацэленая на эфектыўнасць зарабляння грошай, а ўсялякія ваенна-рэпрэсіўныя меры зараблянню грошай перашкаджаюць», – адзначыў Аляксандр Кныровіч.

Таму, рэзюмуе наш суразмоўца, з аднаго боку, непрыемна, што гэта толькі расейцы, бо хацелася б бачыць тут у лепшым выпадку беларускіх прадпрымальнікаў, а ў горшым – каб гэта было ўзважана, не толькі прадпрымальнікі з усходу, але і з захаду.

«Але я б не маляваў з гэтага вялікую пагрозу, бо сёння мы ў такім свеце, калі пагроза сыходзіць з зусім не эканамічных і не бізнесовых сфераў», – рэзюмаваў наш суразмоўца.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў