Генпракурор Андрэй Швед: Неанацызм засеў у галовах пэўнай часткі моладзі


Генеральны пракурор Андрэй Швед, выступаючы перад студэнтамі БДУ з прапагандысцкай прамовай, заявіў, што ў 2020 годзе на вуліцах Беларусі «дзейнічала баявое крыло з неанацыстаў». Пра гэта піша БелТА.

Андрэй Швед выступае перад студэнтамі БДУ, 22 лютага 2024 году.
Фота: prokuraturabelarus / Telegram

Як заявіў Швед студэнтам БДУ, у 2020 годзе ў Беларусі была спроба арганізаваць каляровую рэвалюцыю.

«Калі ж мы сталі аналізаваць матэрыялы першых крымінальных справаў, звязаных са спробай дзяржаўнага перавароту і экстрэмізмам (нагадаем, у апошнія гады слова «экстрэмізм» прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі выкарыстоўваюць выключна для абазначэння любых праяваў іншадумства – заўв. «Белсат»), мы ўбачылі, што на вуліцах дзейнічала баявое крыло з неанацыстаў», – падкрэсліў Генеральны пракурор.

«Гэтая сітуацыя выклікала здзіўленне. Няўжо ў нашай Беларусі ёсць неанацысты? Высветлілася, што так. Да снежня 2020 года ўжо было каля сотні абвінавачаных паводле крымінальных справаў, якія адкрыта прапагандавалі сваё пазітыўнае стаўленне да фашызму і нацызму, да самой ідэі, якая, здавалася нам, у 1945 годзе была знішчаная.

Стала відавочным, што неанацызм, на жаль, засеў у галовах пэўнай часткі моладзі», – заявіў Швед.

Таму, паводле Генпракурора, улады вырашылі звярнуцца да тэмы Вялікай Айчыннай вайны і распачаць крымінальную справу «Аб генацыдзе». Як заявіў Швед, «вынікамі следства пацвярджаецца тэза, што нацызм жывы» і з’яўляецца «ідэалагічнай платформай і часткай дзяржаўнай палітыкі ЗША і Еўразвязу ў адносінах да Беларусі».

Артыкулы
«Білі, засоўвалі ў рот бутэлькі, распылялі газ». Мікола Дзядок распавёў на судзе, як яго затрымлівалі
2021.07.01 14:39

Вядома, што ўлады цяпер выкарыстоўваюць тэму Другой сусветнай вайны і абвінавачванні ў «неанацызме» ў прапагандысцкіх мэтах, каб распальваць нянавісць да праціўнікаў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі і апраўдваць масавыя рэпрэсіі ў Беларусі.

Hавiны
У Беларусі з 2020 года за «нацысцкую сімволіку» судзілі больш за 650 чалавек
2023.12.07 11:50

Паняцці «распаўсюд нацысцкай сімволікі» і «рэабілітацыя нацызму» трактуюцца сілавікамі і судамі надзвычай шырока. Напрыклад, у 2021 годзе віцебскага краязнаўца Віктара Барысенкава пакаралі 7 соднямі адміністратыўнага арышту за публікацыю архіўнага фотаздымка часоў Другой сусветнай вайны.

У 2023 годзе ў Пінскім раёне быў затрыманы мясцовы жыхар, які публікаваў чорна-белыя гістарычныя фатаграфіі, на якіх прысутнічала свастыка, а таксама паставіў на аватар у Telegram эмблему батальёна «Азоў», які ўваходзіць у склад ЗСУ.

Нібыта за «рэабілітацыю нацызму» былі асуджаныя палітвязні Мікіта Бруй (стрыечны праўнук Якуба Коласа) і Аляксандр Румко.

Вінавацілі ў «рэабілітацыі нацызму» таксама мастака Алеся Пушкіна, які загінуў у зняволенні.

Агляд
Мастак, перформер, акцыяніст, палітвязень. Памёр Алесь Пушкін, які нічога не баяўся, акрамя Бога
2023.07.11 19:06

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў