17-гадоваму праўнуку Якуба Коласа далі 3 гады за «садзейнічанне экстрэмізму»


Праваабаронцы паведамляюць, што ў Менскім абласным судзе вынеслі прысуд 17-гадоваму падлетку – Мікіце Брую. Хлопцу, які аказаўся стрыечным праўнукам беларускага песняра – Якуба Коласа, прызначылі 3 гады калоніі.

Мікіта Бруй.
Фота: spring96.org

Маладога чалавека абвінавачваюць у наўмысных дзеяннях па рэабілітацыі нацызму, а таксама ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці (ч. 1 арт. 130-1, ч. 1 і ч. 2 арт. 361-1 КК).

Суддзя Вікторыя Паляшчук прысудзіла Мікіце тры гады пазбаўлення волі ў выхаваўчай калоніі.

Мікіта Бруй быў адным з затрыманых у лістападзе 2022 года ўдзельнікаў чата «Саюз беларускага нацыянальнага шчыта» (СНБШ), які быў прызнаны «экстрэмісцкім фармаваннем».

Пры затрыманні Мікіта расказваў на камеру пра тое, што апынуўся ў чаце па запрашэнні, якое яму пераслаў знаёмы. Адной з задач групы, паводле ягоных словаў, сказаных на камеру, была падрыхтоўка да «будучай партызанскай вайны». Таксама ён казаў на камеру, што расклейваў улёткі з рознымі заклікамі, а таксама «не аднойчы заклікаў да дзеянняў, накіраваных супраць улады, супрацьзаконных дзеянняў».

Як доказ віны Мікіты, тэлеграм канал, блізкі да сілавікоў, прадэманстраваў фота запоўненага дзіцячым почыркам «пасведчання галоўнакамандуючаму СС» на імя Бруя Мікіты Аляксандравіча, піша «Медыязона».

Праваабаронцы прыводзяць вытрымкі з матэрыялаў следства, у якіх сказана, што Мікіта Бруй з траўня па лістапад 2022 года «з мэтай распаўсюджвання ідэалогіі нацызму, адабрэння і адмаўлення злачынстваў супраць міру і бяспекі чалавецтва, ваенных і іншых злачынстваў, з дапамогай мабільнага тэлефона неаднаразова размяшчаў у розных Telegram-каналах выявы і каментары, накіраваныя на рэабілітацыю нацызму».

Таксама сказана, што ў ліпені і жніўні 2022 года, «дакладна ведаючы пра тое, што іх інфармацыйная прадукцыя прызнана судом экстрэмісцкімі матэрыяламі, перасылаў публікацыі з названых рэсурсаў у іншыя Telegram-супольнасці».

Адметна тое, што да затрымання пра Мікіту выходзіў прапагандысцкі матэрыял, у якім ён распавядаў пра тое, як рыхтуецца да 140-гадовага юбілею свайго слыннага продка.

Мікіта Бруй падчас падрыхтоўкі да 140-гадовага юбілею Якуба Коласа.
Фота: viasna96 / Telegram

«Кожны год у лістападзе ў час Каласавін я, як стрыечны праўнук Якуба Коласа, больш чым калі думаю пра свайго знакамітага родзіча, асэнсоўваю прачытаныя творы, распытваю ў маці, што яна памятае з дзяцінства, чутае ад бабулі Марыі – малодшай сястры паэта. Заўжды дома пануе святочны настрой: я раскладваю на сваім стале кнігі, гартаю «Новую зямлю» і міжволі ва ўяўленні малююцца пейзажы роднага краю, які любіў Якуб Колас, і які праз ягоныя творы палюбіў я».

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў