У Латвіі цягам 8 гадоў за шпіянаж на карысць Беларусі і Расеі было затрымана 20 чалавек


З 2016 года ў Латвіі па падазрэнні ў шпіянажы і іншай дзейнасці, якая пагражае нацыянальнай бяспецы, былі затрыманыя 20 чалавек. Аб гэтым паведамляе Служба дзяржаўнай бяспекі гэтай краіны.

Служба дзяржаўнай бяспекі Латвіі.
Фота: Publicitātes attēls

Найбольш затрыманых за падобную дзейнасць цягам гэтых васьмі гадоў было ў 2023 годзе – 10 чалавек.

Сямёра з 20 – гэта людзі, якія па заданні беларускіх ці расейскіх спецслужбаў незаконна збіралі інфармацыю пра інфраструктуру ці асабовы склад узброеных сілаў Латвіі або аказвалі іншыя віды падтрымкі іншаземным службам ваеннай выведкі.

12 чалавек з 20 былі затрыманыя па падазрэнні ў шпіянажы, а васьмёра – за іншыя віды падтрымкі іншаземнай дзяржаве ў дзейнасці, накіраванай супраць Латвіі.

Як паведамляецца, з 2016 па 2019 год Служба дзяржбяспекі Латвіі затрымлівала па адным чалавеку ў год. У 2021 годзе па падазрэнні ў незаконным супрацоўніцтве з расейскімі спецслужбамі было затрымана пяць чалавек. А ў 2022 годзе СДБ затрымала аднаго чалавека па падазрэнні ў шпіянажы на карысць беларускіх спецслужбаў.

Нагадаем, што апошнім часам шпіёны і агенты спецслужбаў Беларусі і Расеі сур’ёзна актывізаваліся на тэрыторыі Еўразвязу.

Так, цягам 2016–2023 гадоў Агенцтва ўнутранай бяспекі (ABW) і Служба вайсковай контрвыведкі (SKW) Польшчы затрымалі на тэрыторыі краіны 46 асобаў, датычных да шпіёнскай дзейнасці. Пры гэтым амаль палова з іх (22 асобы) былі затрыманыя з траўня 2022-га да ліпеня 2023-га.

У Літве на працягу 2023 года больш за 2000 беларусаў і расейцаў былі прызнаныя пагрозаю нацыянальнай бяспецы Літвы: згодна з пастановаю Дэпартаменту міграцыі, ім забаранілі ўезд у краіну. Што датычыцца Латвіі, то ў 2023 годзе колькасць замежнікаў, унесеных у чорны спіс паводле рэкамендацыяў МЗC, павялічылася амаль удвая. Уезд у краіну быў забаронены 113 асобам, пры гэтым 43 з іх – у сувязі з рызыкамі, звязанымі з выведніцкаю дзейнасцю.

Аналітыка
Час шпіёнаў: як іх вылічыць і не трапіць пад вербаванне
2024.01.17 07:00

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў