Час шпіёнаў: як іх вылічыць і не трапіць пад вербаванне


Затрыманне ў Польшчы агенткі лукашэнкаўскіх спецслужбаў Дар’і Астапенкі пачало шпіёнскую тэму 2024 года. Гэты выпадак стаўся чарговым доказам, што шпіёны і агенты спецслужбаў Беларусі і Расеі на тэрыторыі Еўразвязу сур’ёзна актывізаваліся. Паразмаўлялі з адмыслоўцамі пра тое, з чым гэта звязана, як можна вылічыць шпіёнаў і, галоўнае, як ім супрацьдзеяць.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы (ABW). Варшава, Польшча. 9 студзеня 2014 года.
Фота: Krystian Maj / Forum

Наступ агентуры

З пачатку 2024 года мінула ўсяго два тыдні, а шпіёнская тэма ўжо неаднойчы з’яўлялася ў польскіх і беларускіх дэмакратычных медыях. Неўзабаве пасля гісторыі агенткі беларускіх спецслужбаў Дар’і Астапенкі стала вядома, што 12 студзеня Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы разам з вайсковаю контрвыведкаю правяла ператрусы ў мінімум шасці прарасейскіх актывістаў.

Як паведамляецца, адзін з іх быў звязаны з правакатарам, засланым КДБ. Асобаў, у якіх былі праведзеныя ператрусы, падазраюць у рыхтаванні да дзеянняў, скіраваных на пазбаўленне незалежнасці, захоп часткі тэрыторыі і змену канстытуцыйнага ладу Польшчы. Акрамя таго, ёсць падставы меркаваць, што яны датычныя да падбухторвання да забойства генерала, а таксама да ўдзелу ў дзейнасці замежнай выведкі.

Гэтыя два выпадкі даюць падставу меркаваць, што спецслужбы Расеі і Беларусі актывізаваліся ў заходнім кірунку.

Пра тое ж сведчыць і статыстыка. Цягам 2016–2023 гадоў Агенцтва ўнутранай бяспекі (ABW) і Служба вайсковай контрвыведкі (SKW) Польшчы затрымалі на тэрыторыі краіны 46 асобаў, датычных да шпіёнскай дзейнасці. Пры гэтым амаль палова з іх (22 асобы) былі затрыманыя з траўня 2022-га да ліпеня 2023-га.

Міністр унутраных справаў Польшчы Мар’юш Каміньскі адзначыў, што з 2016-га да 2023-га былі выяўленыя 55 афіцэраў выведак Расеі і Беларусі, якія вялі дзейнасць пад дыпламатычным прыкрыццём, усе яны былі высланыя з краіны. Для параўнання, польскі міністр падкрэсліў, што ў папярэдні перыяд, з 2008 да 2015 года, агулам былі выяўленыя толькі 11 падазраваных у шпіянажы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Міністр унутраных справаў Польшчы Мар’юш Каміньскі. Варшава, Польшча. 13 лістапада 2023 года.
Фота: Jacek Szydlowski / Forum

Усяго ж забарону на ўезд у Польшчу цягам сямі гадоў атрымалі 816 чалавек, прысутнасць якіх уяўляла пагрозу з гледзішча шпіянажу, паведамілі ў польскім МУС.

У Літве таксама заклапочаныя ростам актыўнасці шпіёнаў КДБ. Кіраўнік Дэпартаменту дзяржаўнай бяспекі гэтай краіны Дарус Яўнішкіс назваў актыўнасць рэкорднаю.

Статыстыкі наконт колькасці злоўленых шпіёнаў літоўскае ведамства не прыводзіць, тым не менш вядома, што ў 2023 годзе было ініцыяванае правяранне 761 асобы з мэтай ацаніць, ці не ўяўляюць яны пагрозу інтарэсам нацыянальнай бяспекі. Вядома таксама, што цягам 2023-га больш за 2000 беларусаў і расейцаў былі прызнаныя пагрозаю нацыянальнай бяспецы Літвы: згодна з пастановаю Дэпартаменту міграцыі, ім забаранілі ўезд у краіну.

Тое ж адзначаюць і ўлады Латвіі: за апошні год колькасць замежнікаў, унесеных у чорны спіс паводле рэкамендацыяў МЗС, павялічылася амаль удвая. Уезд у краіну быў забаронены 113 асобам, пры гэтым 43 з іх – у звязку з рызыкамі, звязанымі з выведніцкаю дзейнасцю.

Сваё тлумачэнне росту колькасці агентаў і шпіёнаў на тэрыторыі Еўразвязу даў літоўскі міністр Дарус Яўнішкіс:

«Я хацеў бы падкрэсліць адну важную рэч, якая адбылася за апошнія гады. Расейскім выведкам быў нанесены вельмі моцны ўдар. Паводле бягучых ацэнак, каля 400 расейскіх шпіёнаў, якія былі пад дыпламатычным прыкрыццём, былі высланыя з розных краінаў Еўразвязу і краінаў NATO. Словам, гэта было вялікім ударам, але мы бачым, як яны пераходзяць да іншых метадаў. Гэта беспрэцэдэнтныя інфармацыйныя напады на Літву, якія адбываюцца апошнім часам. І яны датычаць не толькі Літвы, тое ж датычыць і Латвіі, Эстоніі, Польшчы. Там назіраюцца тыя ж дзеянні».

Што цікавіць шпіёнаў

Адна з відавочных прычынаў актывізацыі дзейнасці агентаў і шпіёнаў на тэрыторыі Еўразвязу – вайна, якую вядзе Расейская Федэрацыя ва Украіне. У гэтым выпадку ў кола шпіёнскай цікаўнасці трапляюць стратэгічныя і вайсковыя аб’екты, аэрадромы ў Польшчы ды іншых краінах, на якія можа дастаўляцца заходняе ўзбраенне для Украіны, і г. д.

Адною з найбольш гучных справаў у Польшчы сталася затрыманне групы, у якую ўваходзілі 16 чалавек, сярод іх расейцы, украінцы і беларусы (Уладзіслаў Пасміцюха, Марыя Мядзведзева і Мікалай Маскаленка), якія са студзеня да сакавіка 2023 года выконвалі заданні расейскіх спецслужбаў. Яны вялі выведніцкую дзейнасць вакол вайсковых частак і марскіх партоў, рыхтавалі дыверсіі, у прыватнасці збіраліся пусціць пад адхон цягнік з вайсковым грузам для Кіева. 14 чалавек з гэтай групы ў канцы 2023 года былі асуджаныя і атрымалі тэрміны ад 13 месяцаў да 6 гадоў.

Сярод затрыманых увесну шпіёнаў – трое грамадзянаў Беларусі. Іхныя прозвішчы агучылі лукашэнкаўскія прапагандысты: гэта 29-гадовы Уладзіслаў Пасміцюха, 18-гадовая Марыя Мядзведзева і 52-гадовы Мікалай Маскаленка. Паводле «Кіберпартызанаў», Маскаленка мог быць звязаны з КДБ. Крыніца: zerkalo.io

Другі аб’ект выведкі – асяродкі беларускай дыяспары. І на гэтай ніве ўжо шчыруюць у першую чаргу спецслужбы Беларусі, якія па загадзе аднаго чалавека маюць намер «дайсці да кожнага» і пакараць за ўдзел у паслявыбарчых пратэстах 2020 года. Іх у першую чаргу цікавяць імпрэзы, якія ладзяць беларусы за мяжою, кантакты, звесткі пра атрыманне фінансавай дапамогі ды іншая інфармацыя, якая пасля выкарыстоўваецца для дыскрэдытацыі беларускага дэмакратычнага руху і затрымання яго актывістаў.

Прадстаўнік аб’яднання былых сілавікоў «BELPOL» Уладзімір Жыгар пацвярджае, што агенты рэжыму дзеюць як у Беларусі, гэтак і за яе межамі:

«Больш за тое, гэтую працу будуць працягваць і актывізоўваць, бо гэта адна з самых галоўных задачаў спецслужбаў. Наколькі яна будзе паспяховай і якаснай, гэта ўжо іншае пытанне, якое шмат у чым залежыць ад нас».

Як распазнаць, што перад вамі агент

Некаторыя прадстаўнікі дыяспары ў Польшчы дзяліліся з радыё «Свабода» ўражаннямі, як заўважалі, што за імі сочаць. Адзін з суразмоўцаў выдання падкрэсліваў, што аднойчы ў памяшканне, дзе адбываліся розныя сустрэчы для беларусаў у Беластоку, прыйшлі двое мужчынаў: «Яны дзіўна сябе паводзілі, дзіўныя пытанні задавалі. Хто прыязджае сюды? Ці часта збіраюцца? Паколькі адразу было відаць, што гэтыя людзі не з дыяспары, я даваў ім нейтральную інфармацыю, якая ёсць ува ўсіх медыях».

Але ці ёсць нейкія характэрныя асаблівасці ў агентаў спецслужбаў, паводле якіх іх можна вылічыць? З гэтым пытаннем мы звярнуліся да сябра ініцыятывы «BELPOL» Мацвея Купрэйчыка. На ягоную думку, нейкіх агульных прыкметаў у такіх людзей ніколі не будзе, «бо КДБ спрабуе вербаваць усіх, хто трапляе ім у рукі». Разам з тым наш суразмоўца прывёў мадэлі паводзінаў агентаў, якіх могуць засылаць у асяродкі беларускай дыяспары.

Агент беларускіх спецслужбаў Вячаслаў Быстроў (вядомы як Слава Воўк). Быў на тэрыторыі Польшчы з 6 лістапада 2021 года, казаў, што ўцякаў ад рэпрэсіяў, сам актыўна наведваў беларускія імпрэзы, фатаграфаваўся з іх удзельнікамі. У кастрычніку 2023-га яго дэпартавалі з Польшчы. Крыніца: zerkalo.io

Першая мадэль – калі ў той ці іншай суполцы з’яўляецца нейкі чалавек, які паводзіць сябе не вельмі актыўна. Ён можа хадзіць на ўсе імпрэзы, аднак яго не відаць і не чуваць.

«Яго ўсе ведаюць у твар, але ніхто ніколі не чуў, каб ён нешта гаварыў, публічна выступаў. Ён проста прыходзіць на імпрэзу і збірае інфармацыю – хто і калі прыйшоў, падслухоўвае, хто пра каго што кажа, і гэтую інфармацыю перадае ў КДБ ці ў ГУБАЗ».

Другая мадэль паводзінаў агентаў прадугледжвае, наадварот, больш актыўны кантакт. Яны прыходзяць на імпрэзы і пачынаюць задаваць шмат пытанняў, спрабуючы распытаць як мага больш падрабязнасцяў пра вас, напрошваюцца ў госці і г. д., расказваюць, як яны таксама бралі ўдзел у пратэстах і пад.

«З такімі людзьмі трэба размаўляць у такім кірунку: а дзе ён браў удзел, у якіх акцыях, што ён сам рабіў дзеля пратэстаў? Бо ёсць такія моманты, калі чалавек расказвае, напрыклад, пра ўдзел у маршах салідарнасці ці іншых і блытаецца ў падзеях, як што адбывалася. І людзі, якія насамрэч бралі ўдзел, будуць дакладна ведаць, як там і што было. Вось на гэтым можна такіх людзей падлавіць», – кажа наш суразмоўца.

Пры гэтым Мацвей Купрэйчык падкрэслівае, што спецслужбы могуць вербаваць і тых асобаў, якія сапраўды бралі ўдзел у пратэстах: іх вярбуюць на кампрамаце, як гэта адбылося з Дар’яй Астапенкай. Нагадаем, што для вербавання дзяўчыны сілавікі, імаверна, выкарысталі той факт, што яна раней здымалася ў парнаграфічных фільмах.

Кіраўнік фонду «BYSOL» Андрэй Стрыжак таксама звяртае ўвагу на два асноўныя аспекты, якія дапамогуць зразумець, што вы маеце справу з агентам спецслужбаў:

  • чалавек раптоўна ўзнік у вашым коле стасункаў;
  • ён вельмі актыўна пачаў набівацца да вас у сябры, пры гэтым у вас шмат супадзенняў у зацікаўленасцях і хобі.

«Калі ў вашым коле раптоўна з’яўляецца чалавек, які вельмі актыўна пачынае залазіць ува ўсе сферы вашага жыцця, цікавіцца, чым займаецеся вы або вашыя калегі, які, як і вы, вельмі любіць ровары або цікавіцца броварствам, то гэта першы сцяжок, пры якім варта насцярожыцца», – тлумачыць Андрэй Стрыжак.

Захады бяспекі і супрацьдзеяння

Што рабіць, калі вас ужо спрабуюць вербаваць на супрацу з органамі? Якія маюць быць вашыя дзеянні ў гэтым выпадку?

У гэтым пытанні практычна ўсе эксперты выказваюць аднадушнасць:

  • трэба апублікаваць спробы вербавання;
  • варта паведаміць пра гэтыя спробы ў адпаведныя органы: у паліцыю або спецыяльныя органы той краіны, у якой вы жывяце на гэты момант (напрыклад, у Польшчы гэта можа быць Агенцтва ўнутранай бяспекі (ABW), у Літве – Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі), або ў беларускія ініцыятывы былых сілавікоў («BELPOL», «ByPol»).

«Калі насамрэч чалавек сумленны, я думаю, пра гэта трэба гучна паведамляць», – гаворыць Мацвей Купрэйчык. Спробы вербавання ў пісьмовай форме можна перапосціць у той жа  «Facebook» ці «Instagram» з каментаром, што да вас звярталіся з такою прапановаю.

«Гэта самы лёгкі спосаб, каб яны [супрацоўнікі спецслужбаў. – Заўвага belsat.eu] пра вас вельмі хутка забылі. Яны могуць баяцца гэтай публічнасці, што недзе хтосьці будзе пра гэта пісаць. Гэта спрацуе для вас як абярэг», – падкрэслівае суразмоўца.

Андрэй Стрыжак тлумачыць, чаму агалашэнне інфармацыі пра вербаванне спрацоўвае такім чынам: так вы становіцеся нецікавым для спецслужбаў, бо ўжо аўтаматычна выклікаеце падазрэнні, і таму вам будзе цяжка зблізіцца з кімсьці, каб збіраць пра яго дадзеныя.

Важны момант, на які звяртае ўвагу кіраўнік «BySol»: калі вам страшна агалошваць інфармацыю пра спробу вербавання, то па дапамогу можна звярнуцца да праваабаронцаў. Таксама неабходна паведамляць, што вас завербавалі, сваім блізкім і знаёмым, каб яны разумелі, што вашыя сацсеткі могуць быць дыскрэдытаваныя: гэта дапаможа ім пазбегчы выцеку іхных звестак і дасць магчымасць зразумець, што кантактаваць з вамі пакуль небяспечна.

Разбор
Ці сапраўды факт размоваў паміж агентам КДБ і журналістам можна трактаваць як здраду дзяржаве? Спыталі юрыста
2023.09.05 21:10

Пры гэтым, кажа Мацвей Купрэйчык, спецслужбам вельмі цяжка вербаваць людзей за межамі Рэспублікі Беларусь: «Калі ты вярбуеш, то ў цябе павінны быць якія-ніякія, але навыкі вербавання альбо моцны кампрамат на чалавека, гэтым займаюцца супрацоўнікі КДБ, ГУБАЗу ды іншых структураў на тэрыторыі Беларусі, калі чалавек, напрыклад, застаецца за кратамі і гэтак далей. Вось у гэты момант асноўныя падзеі і адбываюцца». А за мяжою прадстаўнікі спецслужбаў, хутчэй за ўсё, не так актыўна будуць гэта рабіць, баючыся, што чалавек, якога яны вербавалі, можа звярнуцца ў паліцыю і раскрыць іхныя метады ці схемы працы.

Таксама наш суразмоўца падкрэсліў, што цяпер вельмі складана вылічыць агентуру, бо ў звычайных базах звестак не прапісана, ёсць агентам чалавек ці не. На думку Мацвея Купрэйчыка, спецслужбы падбіраюць такую агентуру, якая ўвогуле не мела дачынення да сілавых структураў, і вярбуюць звычайных грамадзянаў, якія маглі прайсці праз катаванні і ў выніку пагадзіцца на супрацу.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў