Новы год у беларускіх традыцыях: што апрануць, з’есці і выпіць?


Набліжаюцца Каляды і Новы год, а разам з гэтым паўстаюць пытанні: дзе, як адзначыць і чым частаваць сваіх дарагіх гасцей? Разбіраемся і даём парады.

Минск готовится к Новому году, женщины сидят в кафе
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Святочная ілюмінацыя да Новага года ў Менску, Беларусь.
Фота: Белсат

Новы год сучасныя беларусы звыклі бачыць пераважна ў савецкім стылі: прагляд фільмаў, канцэртаў і выступ прэзідэнта, куранты, у адной руцэ – шампанскае, у другой – аліўе, яскравы водар мандарынаў і елкі. Тут усё зразумела і тлумачэнняў не патрабуе.

Пытанні ж паўстаюць на этапе прадумвання свята ў традыцыйным беларускім стылі. Бо з прыходам хрысціянства на беларускія землі Каляды атрымалі пазіцыю галоўнай падзеі сярэдзіны зімы, праўда, былі ўпісаныя ў святкаванне паганскіх абрадаў. А вось Новы год – свята досыць новае і акрэсленай спрадвечнай традыцыі не мае. Таму, калі вы задаліся мэтаю правесці стары год па-беларуску, смела можна браць агульныя парады і святочныя звычкі нашых продкаў, не прывязаныя да Новага года:

1. Час абавязкова бавіць не толькі за сталом, але і ў руху. Гэта могуць быць гульні, танцы і нават звыклы паход да галоўнай ялінкі ці ў госці.

2. Сямейнае свята варта адзначаць з сям’ёй. І нават калі вы цяпер у выгнанні, не забудзьцеся павіншаваць сваіх родных і блізкіх хаця б праз тэлефон ці відэасувязь.

3. Лічыцца, што Новы год варта сустракаць у самым прыгожым і новым адзенні. Акурат тое самае, якое раней заўсёды хавалі і адкладвалі «на святы». І калі ў вас недзе прыхаваная вышыванка, то самы час дастаць яе з куфра.

4. Пытанне ж «дзе» варта хіба што апусціць, бо цяпер ужо – дзе прыйдзецца. Галоўнае, каб побач былі блізкія і прыемныя вам людзі, з якімі вам цёпла і ўтульна, як удома.

5. Што да страваў і пачастункаў, то іх мусіць быць на стале 12, як месяцаў у годзе. Тут варта ўзгадаць традыцыйныя беларускія рэцэпты, шанаваныя менавіта ў вашай сям’і. Тое, што вам найбольш да смаку. Калі такіх няма ці вы не памятаеце, то вось вам нашая падборка:

Куцця. Тая самая каша, што займае галоўнае месца на стале беларусаў ледзь не на кожным абрадавым святкаванні. Гатавалі яе з пшанічных ці ячных крупаў, а цяпер – і з рысу. Крупы пакідалі замочанымі на ноч, пасля варылі ў падсоленай вадзе і запякалі ў печы (духоўцы) каля 40 хвілінаў пры 160 градусах. Акрамя масла, у куццю можна дадаць цукар, разынкі, сыр, мёд, арэхі, цукаты.

Hавiны
Якою бывае куцця: беларускія традыцыі і прысмакі ў калядную ноч
2022.01.06 20:58

Бабка. Так называлі не толькі бульбяную запяканку, але і мучную выпечку з цукатамі, разынкамі ды арэхамі. Мы параілі б згатаваць усё ж бульбяную:

Нацерці бульбу (1 кг) на дробную тарку і дадаць 1 яйка, таксама дробна парэзаць цыбуліну і сала з мясам. З сала і цыбулі зрабіць закрасу. Цёртую бульбу змяшаць з закрасаю, дадаць солі, перцу і гатаваць у духоўцы прыкладна 50 хвілінаў пры 180 градусах. Падаваць са смятанаю.

Карп, запечаны з маслам. Чысцім рыбіну, робім збоку надрэзы. У сярэдзіну і ў надрэзы трэба пакласці кавалачкі масла. Таксама ў сярэдзіну дадаць некалькі кавалачкаў цытрыны і зеляніну (напрыклад, сушаны чабор, размарын ці пятрушку). Запякаць у фользе прыкладна 30 хвілінаў пры тэмпературы 180 градусаў.

Традыцыйная калядная ежа.
Фота: : Bartlomiej Kudowicz / Forum

Смажаніна. Вялікі кавалак свініны (600 г) добра прысыпаць соллю з двух бакоў (1 лыжачку на кожны бок), заматаць у плёнку і пакласці ў лядоўню на 3 дні, перыядычна зліваючы вадкасць. Пасля добра прамыць, прасушыць, нацерці гарчыцаю, часныком (2 зубчыкі) і вэнджанай папрыкай. Гатаваць у духоўцы 3 гадзіны пры тэмпературы 80 градусаў і яшчэ гадзіну – пры 100 градусах.

Біткі ў смятане. Ялавічыну (1 кг) прапусціць праз мясарукрутку, змяшаць з вымачанай і адціснутай булкай (напрыклад, 1 багет), печанай цыбуляй (2 штукі), яйкамі (2-3 штукі), пасаліць, паперчыць, зрабіць акруглыя біткі і падсмажыць да залацістага колеру. Выкласці ў форму для запякання, прысыпаць цёртымі сухарамі (100 г), цёртым сырам (100 г), заліць усё смятанай (250 г) і паставіць у духоўку на 15-20 хвілінаў пры 180 градусах.

Што да напояў, традыцыйна беларусы ставілі на святочны стол кісель, кампот, наліўкі (з хрэнам, мёдам, ягадамі), а таксама сідр з яблыкаў.

І не забывайцеся пра марынаваныя грыбкі, салёныя агуркі і памідоры!

У кожным разе, гэта толькі парады, каб натхніць вас перад святамі. То зычым вам добрага настрою і радасці ў наступным годзе!

Марыя Голдстэйн belsat.eu

Стужка навінаў