«Хамас» адмовіўся ад новага часовага замірэння з Ізраілем


Групоўка «Хамас» не пагадзілася на прапанову Ізраілю наконт тыднёвага замірэння ў сектары Газа ў абмен на вызваленне каля 40 закладнікаў, у тым ліку ўсіх жанчын і дзяцей. Пра гэта паведамляе BBC.

У сераду лідар групоўкі Ісмаіл Ганія правёў у Каіры перамовы з прадстаўнікамі егіпецкіх уладаў наконт магчымасці новай гуманітарнай паўзы. Паводле «Wall Street Journal», «Хамас» запатрабаваў спыніць наступ у сектары Газа, вывесці адтуль войскі і вызваліць з турмаў усіх палестынскіх зняволеных, перш чым «Хамас» пагодзіцца адпусціць пакінутых закладнікаў. Аднак для Ізраілю такія ўмовы абсалютна непрымальныя.

Як распавёў BBC высокапастаўлены палестынскі функцыянер, знаёмы з хадою праведзеных у Каіры перамоваў, сустрэча «скончылася безвынікова». Егіпет прапанаваў яшчэ адное гуманітарнае замірэнне, але ідэя «часовага залагоджвання» вайны была адхіленая дэлегацыяй «Хамасу».

Палестынская ісламісцкая групоўка заявіла егіпцянам, што яе пазіцыя застаецца нязменнай. «Да канчатковага спынення агню ніякіх абменаў не будзе», – сказала крыніца.

У мінулым месяцы прадстаўнікі найвышэйшага кіраўніцтва «Хамасу», з якімі паразмаўляла газета «New York Times», заявілі, што іх не клапоцяць пакуты і гібель насельніцтва Газы, бо іхная мэта не ў тым, каб зрабіць жыццё ў палестынскім анклаве лепшым. З прызнання аднаго з іх, задача «Хамасу» ў тым, каб зрабіць вайну на межах Ізраілю перманентнаю.

Разам з тым, як запэўніла крыніца BBC, знаёмая з хадою перамоваў у Каіры, улады Егіпту не збіраюцца апускаць рукі: «Перамовы будуць працягвацца, егіпцяне з аптымізмам глядзяць на магчымасць прарыву найбліжэйшымі днямі, але яны перакананыя, што сітуацыя складаная і перамовы будуць цяжкія і доўгія».

Ганія, які жыве ў Катары, звычайна публічна ўмешваецца ў дыпламатычныя працэсы толькі тады, калі ёсць імавернасць дасягнення прагрэсу. Апошні раз ён ездзіў у Егіпет на пачатку лістапада за некалькі тыдняў да абвяшчэння пагаднення наконт спынення агню – тыднёвай паўзы, падчас якой былі вызваленыя больш за 100 закладнікаў.

BBC лічыць, што візіт Ганіі ў Егіпет ёсць прыкметаю таго, што новая паўза ў баявых дзеяннях паміж Ізраілем і «Хамасам» усё ж магчымая.

Hавiны
Кіраўнік Генштабу Цагалю ўзяў на сябе адказнасць за гібель трох закладнікаў у сектары Газа
2023.12.17 10:19

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў