Кіраўнік «Хамасу»: Неўзабаве можа быць дасягнутая дамоўленасць з Ізраілем


Кіраўнік «Хамасу» Ісмаіл Ганія паведаміў агенцтву «Reuters» 21 лістапада, што палестынская групоўка блізкая да пагаднення аб перамір’і з Ізраілем. Свой адказ ізраільцянам баевікі ўжо перадалі катарскім пасярэднікам.

Баевікі «Хамасу».
Фота: 7kanal.co.il

У заяве няма больш падрабязнай інфармацыі, але прадстаўнік «Хамасу» паведаміў тэлеканалу «Аль-Джазійра», што абмяркоўвалася працягласць замірэння, перадача дапамогі ў Газу і абмен ізраільскіх закладнікаў «Хамасу» на палестынскіх палонных у Ізраілі.

Абодва бакі мусяць вызваліць жанчын і дзяцей, падрабязнасці будуць абвешчаныя Катарам, які выступае пасярэднікам у перамовах.

Колькасць закладнікаў, захопленых «Хамасам», ацэньваецца на 240 асобаў.

Мірʼяна Сполярыч, старшыня Міжнароднага камітэту Чырвонага Крыжа (МКЧК), сустрэлася з Ісмаілам Ганіям і ўладамі Катару 20 лістапада, каб «прасунуць гуманітарныя пытанні», звязаныя з канфліктам. МКЧК заявіў, што не ўдзельнічае ў перамовах, але як нейтральны пасярэднік гатовы «спрыяць любому будучаму вызваленню, на якое згодныя бакі».

Агляд
Вайна ў сектары Газа не спыняецца. Што адбылося за тыдзень – і чым усё можа скончыцца
2023.11.18 08:10

На мінулым тыдні агенцтва «Reuters» паведаміла, што катарскія пасярэднікі дамагаюцца заключэння пагаднення паміж «Хамасам» і Ізраілем аб абмене 50 закладнікаў у абмен на трохдзённае спыненне агню, якое павялічыць перадачу надзвычайнай дапамогі цывільнаму насельніцтву Газы.

Пасол Ізраілю ў ЗША Міхаэль Гэрцаг заявіў 19 лістапада, што ён спадзяецца на дасягненне пагаднення «ў найбліжэйшыя дні». А прэмʼер-міністр Катару шэйх Мугамэд бін Абдулрахман аль-Тані заявіў, што пазасталыя перашкоды «вельмі малаважныя».

Тым не менш, намеснік дарадцы Белага дому ў нацыянальнай бяспецы Джон Файнэр заявіў 19 лістапада, што «такія далікатныя перамовы могуць разваліцца ў апошнюю хвіліну».

Чарговы канфлікт паміж Ізраілем і «Хамасам» пачаўся 7 кастрычніка, калі палестынскія баевікі напалі на суседнія ізраільскія гарады і паселішчы, забіваючы мясцовых жыхароў і беручы іх у закладнікі.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў