Ізраіль пачаў перамовы з тэрарыстамі «Хамас» аб вызваленні паўсотні закладнікаў


Падчас нападу на Ізраіль 7 кастрычніка тэрарысты «Хамас» захапілі каля 240 закладнікаў і забілі каля 1200 чалавек. Ізраіль ужо паўтара месяца вядзе вайну супраць «Хамас» у сектары Газа. Па звестках «The Washington Post», з тэрарыстамі дасягнулі папярэдніх дамоваў аб вызваленні паўсотні закладнікаў і перапынку ў баявых дзеяннях на пяць дзён.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Ізраільскія вайскоўцы ў Газе. 14 лістапада 2023 года.
Фота: Idf.il

Як піша «The Washington Post» са спасылкай на неназваных «знаёмых з ходам перамоваў», Ізраіль і тэрарысты «Хамас» дасягнулі пры пасярэдніцтве Злучаных Штатаў папярэдняй дамоўленасці: Ізраіль робіць у баявых дзеяннях паўзу на 5 дзён, а тэрарысты вызваляюць 50 або больш закладнікаў – жанчын і дзяцей.

Замірэнне мусіць дазволіць прапускаць у сектар Газа больш гуманітарнай дапамогі, ход замірэння маюць «кантраляваць з паветра». Умовы пагаднення, па звестках выдання, збіраліся выканаць у бліжэйшыя дні.

Прэс-сакратарка Нацыянальнай рады бяспекі пры прэзідэнце ЗША Эдрыен Ўотсан расказала, што «пагаднення яшчэ не дасягнулі, але працягваем цяжкую працу, каб дасягнуць дамовы». Аб тым жа агенцтву «Reuters» сказаў ананімны прадстаўнік Белага дому. Прадстаўнікі Ізраілю адмовіліся каментаваць перамовы.

Паралельна з гэтым міністры з шэрагу арабскіх краінаў збіраюцца выправіцца ў Пекін, каб распачаць стварэнне кааліцыі дзеля спынення вайны ў Газе.

Тым часам Ізраіль працягвае наземную аперацыю ў Газе, ад якой церпяць як тэрарысты, так і мірныя жыхары густанаселенай агламерацыі. Тэрарысты, як заяўляюць ізраільскія вайскоўцы, выкарыстоўваюць як базы і склады ў тым ліку школы і дзіцячыя садкі. У раёнах Ізраілю блізу Газы рэгулярна гучаць паветраныя трывогі, поўнач Ізраілю таксама абстрэльваюць тэрарысты «Хізбулы» з тэрыторыі Лівану.

Шмат хто – ад ААН і кіраўнікоў дзяржаваў да журналістаў і актывістаў – заклікае Ізраіль неадкладна спыніць агонь. Пакуль жа Ізраіль пагаджаецца толькі на кароткія гуманітарныя паўзы, ад працяглага спынення агню адмаўляецца. У дзеяннях Ізраілю ў сектары Газа некаторыя бачаць прыкметы генацыду.

Агляд
Вайна ў сектары Газа не спыняецца. Што адбылося за тыдзень – і чым усё можа скончыцца
2023.11.18 08:10

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў