Апошні для Мэсі і Раналду. У Катары стартаваў футбольны чэмпіянат свету. Што кажуць букмекеры?


Упершыню ў гісторыі чэмпіянат свету па футболе праходзіць не летам, а фактычна зімой. Гэта значыць, большасць гульцоў падыходзіць да яго на піку формы. Спаборніцтвы на дваццаць другім чэмпіянаце свету пройдуць з 20 лістапада да 18 снежня. Чэмпіянат стартаваў гульнёй Катар – Эквадор, якая скончылася перамогай зборнай Эквадора з лікам 2:0. 

Эмблема чэмпіянату свету па футболе 2022. ФОТА: сайт ФІФА

Беларусь на чэмпіянат свету зноў не едзе, Расея таксама

Чарговы раз топ-турнір пройдзе без зборнай Беларусі. У сваёй адборачнай групе Беларусь перамагла толькі ў адным матчы з васьмі і заняла апошнія месца ў групе. Пацярпела пры гэтым самую ганебную паразу ў сваёй гісторыі – 0:8 ад Бельгіі.

У Расеі іншая сітуацыя. У сваёй адборачнай групе яна заняла другое месца, толькі пункт саступіла Харватыі і мелася гуляць плей-оф з Польшчай. Міжнародны спорт для яе скончыўся, калі яна напала на Украіну. Што да Украіны, дык яна спынілася за крок ад турніру – у вызначальнай стадыі плэй-оф прайграла 0:1 Валіі.

Адзіным прадстаўніком, які мае дачыненне да беларускага футболу, у Катары можна лічыць 31-гадовага Філіпа Младэнавіча, які гуляў у чэмпіянаце Беларусі, а цяпер ён абаронца зборнай Сербіі.

Эквадор святкуе першы гол.
Фота: © REUTERS / Kai Pfaffenbach

Фаварыты і аутсайдэры. Апошнія гастролі для Мэсі, Раналду, Модрыча

Група A: Катар, Эквадор, Сенегал, Нідэрланды

Відавочны фаварыт гэтай групы – зборная Нідэрландаў, дзе маналітам выглядае лінія абароны з ван Дэйкам і дэ Ліхтам, а ў нападзе мы зможам убачыць Мэмфіса Дэпая з «Барсэлоны».

Самавіта выглядае і склад Сенегалу, гульцы якога выступаюць у топавых еўрапейскіх клубах: Эдуар Мэндзі і Кулібалі ў «Чэлсі», Д’ялё ў ПСЖ, Балё-Турэ ў «Мілане». Праўда, перад самым чэмпіянатам свету афрыканцы страцілі сваю галоўную зорку – Сад’ё Манэ з «Баварыі» атрымаў траўму і не едзе ў Катар. Форварду ўжо зрабілі аперацыю, і гэта вялікая страта для ўсіх. У Нідэрландаў і Сенегалу ёсць усе шансы выйсці у плэй-оф.

Група B: Англія, Іран, ЗША, Валія

Сусветная супольнасць, Украіна і нават самі футбалісты зборнай Ірану запатрабавалі выключыць іранскую зборную з чэмпіянату за падтрыманне вайны і зняволенне 14 тысячаў пратэстоўцаў унутры краіны, якіх урад пастанавіў караць смерцю. Сярод зняволеных – Алі Даі, адзін з самых вядомых футбалістаў у гісторыі краіны, але ў ФІФА заявілі, што футбол паза палітыкай. Такім чынам, гульня ЗША – Іран робіцца небяспечнай.

Англія вязе на чэмпіянат баявы склад, большасць амерыканцаў выступае не ў апошніх еўрапейскіх клубах, не зломкам выглядае і зборная Валіі. Для галоўнай зоркі гэтай зборнай, 33-гадовага Гарэта Бэйла, гэты топ-турнір можа стаць апошнім. Дарэчы, цяпер Гарэт выступае ў амерыканскай лізе, абараняючы колеры «Лос-Анджэлесу».

Мэсі ў форме зборнай Аргенціны, Фото: © Alex Livesey / Stringer

Група C: Аргенціна, Саудаўская Аравія, Мексіка, Польшча

У гэтай групе варта звярнуць увагу на двух суперзорных гульцоў – аргентынца Леа Мэсі і паляка Робэрта Левандоўскага. Для іх гэта апошні топ-турнір – і з імі адыдзе эпоха. Тым не менш цяпер абодва ў цудоўнай форме. Аднак відавочным фаварытам гэтай групы выглядае Аргенціна, у такой жа ступені, як Саудаўская Аравія – аўтсайдарам.

Група D: Францыя, Аўстралія, Данія, Туніс

Вельмі цікавая і роўная група – кожная гульня у ёй можа прайсці ў атакавай манеры. Францыя прывезла восем чэмпіёнаў свету, цяперашняга ўладальніка Залатога мяча, 34-гадовага Карыма Бэнзэму і проста шыкоўную моладзь.  Праўда, вядомы форвард атрымаў траўму на апошнім трэнаванні і цяпер яго ўдзел у турніры пад вялікім пытаннем. Вельмі моцна выглядае каманда Даніі.

Францыя становіцца чэмпіёнам свету на апошнім чэмпіянаце свету ў Расеі.
Фота: © Kevin C. Cox

Група Е: Іспанія, Коста-Рыка, Нямеччына, Японія

Матч Іспанія – Нямеччына стане самым топавым на першым этапе турніру, паўтарэння гэтай гульні можна чакаць у фінале. У адборы немцы толькі раз згулялі ўнічыю, іспанцы толькі раз прагулялі. Нямецкая каманда едзе ў Катар у выдатнай гатовасці.

Група F: Бельгія, Канада, Марока, Харватыя

У гэтай групе фаварыты – Бельгія і Харватыя, першыя сабралі вельмі баявы склад, у Харватыі гэта будзе апошні турнір для яшчэ аднаго вялікага гульца сучаснасці – Лукі Модрыча.

Група G: Бразілія, Сербія, Швейцарыя, Камерун

У гэтай групе няма яўнага аўтсайдара. Вядома, асобна стаіць Бразілія, а для Нэймара гэта апошні шанц выйсці ў нешта сурʼёзнае на ўзроўні зборнай.

Група H: Партугалія, Гана, Уругвай, Паўднёвая Карэя

Завяршае карʼеру ў зборнай і вялікі Крыштыяну Раналду, 37-гадовы форвард дае апошнія гастролі.

Што гавораць букмекеры?

Галоўнымі прэтэндэнтамі на чэмпіёнства свету ў букмекераў сталі Бразілія, Аргентына і Францыя. Але не варта скідаць з шаляў немцаў, харватаў, іспанцаў, англічанаў і бельгійцаў. Нагадаем, што з кожнай групы выходзяць дзве лепшыя каманды, пасля чаго з 1/8 пачынаецца турнір на выбыванне.

Пакуль больш за ўсіх тытулаў выйграла Бразілія – пяць. Праўда, апошні раз гэта было 20 гадоў таму,  у 2002 годзе, калі чэмпіянат праходзіў ў Паўднёвай Карэі і Японіі. Тады Бразілія з лікам 2:0 перамагла якраз немцаў і вырвалася наперад у колькасці тытулаў. Цяпер немцы, якія маюць чатыры тытулы, могуць дагнаць паўднёваамерыканцаў.

Дарэчы, той чэмпіянат свету быў першы, што прайшоў у Азіі, цяпер жа турнір упершыню адбудзецца ў арабскім свеце.

Таксама чатыры тытулы чэмпіёнаў, але Еўропы, мае Італія, аднак цяперашнія чэмпіёны Еўропы на турнір сенсацыйна не трапілі. Яны саступілі 0:1 у плэй-оф Паўночнай Македоніі, прычым на сваёй тэрыторыі. Зрэшты, і Паўночная Македонія да Катару не дабралася, у фінальным раўндзе адбору яна саступіла Партугаліі.

Італія суступае Паўночнай Македоніі і не едзе ў Катар.
Фота: сайт ФІФА

Двойчы чэмпіёнамі свету сталі Аргентына, Уругвай, Францыя, адзін раз – Англія і Іспанія. У апошнім чэмпіянаце свету, які ў 2018 годзе прымала Расея, перамагла Францыя, якая ў фінале з лікам 4:2 перагуляла Харватыю.

АЛ belsat.eu

Стужка навінаў