У Польшчы адмяняецца стан эпідэмічнай пагрозы: што гэта значыць для беларусаў?


1 ліпеня 2023 года ў Польшчы адмяняецца стан эпідэмічнай пагрозы, які быў уведзены 16 траўня 2022 года і працягваў тэрмін дзеяння некаторых дакументаў, на падставе якіх іншаземцы, што жылі ў Польшчы, мелі магчымасць легальна заставацца на тэрыторыі краіны. Што гэта значыць для беларусаў, якія карысталіся гэтай юрыдычнай магчымасцю да апошняга часу, і што трэба рабіць цяпер? Расказваем.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Mudrats Alexandra / TASS / Forum

Што такое стан эпідэмічнай пагрозы

16 траўня 2022 года, калі сітуацыя з каронавірусам у Польшчы пайшла на спад, польскі ўрад прыняў закон, згодна з якім у краіне абвяшчаўся стан эпідэмічнай пагрозы. Ён абазначаў, што на дадзенай тэрыторыі ёсць павышаная рызыка ўзнікнення эпідэміі, і абавязваў насіць маскі ў медычных установах і аптэках.

Акрамя таго, стан эпідэмічнай пагрозы даваў іншаземцам, якія былі на тэрыторыі Польшчы, магчымасць легальна заставацца на тэрыторыі краіны – прычым нават у тым выпадку, калі тэрмін дзеяння адпаведных дакументаў, якія гэта дазвалялі, заканчваўся. Іншымі словамі, калі падчас стану эпідэмічнай пагрозы ў іншаземца скончылася карта побыту або віза, то іх тэрмін дзеяння аўтаматычна працягваўся да моманту завяршэння эпідэмічнага стану, плюс дадаваліся 30 дзён.

Польскі ўрад неаднаразова спрабаваў адмяніць стан эпідэмічнай пагрозы і нават рабіў адпаведныя анонсы, але штораз дзеянне закону працягвалася. Пазней з’явілася меркаваная дата – 30 чэрвеня 2023 года, з наступленнем якой усе эпідэмічныя абмежаванні будуць знятыя.

І вось нарэшце 16 чэрвеня 2023 года выйшла распараджэнне польскага Міністэрства аховы здароўя, паводле якога менавіта 30 чэрвеня стане апошнім днём стану эпідэмічнай пагрозы.

Якія змены гэта прынясе

Для Польшчы адмена такога стану мае пазітыўнае значэнне, бо гэта будзе першы сезон у постковідны перыяд, калі будуць знятыя ўсе абмежаванні. Але некаторым іншаземцам, якія жывуць на яе тэрыторыі, прынясе дадатковыя клопаты ў справе легалізацыі.  Беларусы тут не выключэнне.

Як удакладняюць юрысты Цэнтру беларускай салідарнасці, разам з заканчэннем стану эпідэмічнай пагрозы адмяняюцца палажэнні, якія рэгулююць правілы працягнення наступных дакументаў:

  • нацыянальных візаў;
  • шэнгенскіх візаў;
  • дазволаў на часовы побыт (у тым ліку дакументы, выдадзеныя іншымі краінамі Еўразвязу);
  • картаў побыту;
  • часовых пасведчанняў асобы іншаземца;
  • польскіх дакументаў, што пацвярджаюць асобу іншаземца;
  • дакументаў «згода на талерантны побыт».

Сярод іншага не працягваюць дзеяння такія тэрміны:

  • тэрмін легальнага перабывання паводле бязвізавага рэжыму;
  • тэрмін дзеяння дазволаў на працу і дэкларацыяў аб даручэнні працы іншаземцу;
  • тэрмін для выезду іншаземцу з тэрыторыі Польшчы;
  • тэрмін для добраахвотнага вяртання іншаземца ў краіну паходжання.

Такім чынам, усе грамадзяне іншых дзяржаваў, якія маюць намер далей працягваць сваё перабыванне ў Польшчы, павінны паклапаціцца пра легалізацыю ўласнага стану.

Каб падаць адпаведныя дакументы, у іх ёсць яшчэ 30 дзён пасля даты адмены стану эпідэмічнай пагрозы (гэта значыць – да 30 ліпеня).

Ці можна ўскочыць у апошні вагон?

З улікам таго, што анонс будучых зменаў рабіўся ўжо даўно, можна меркаваць, што большасць беларусаў парупілася пра тое, каб зрабіць адпаведныя захады і падрыхтаваць неабходныя дакументы для легалізацыі.

Але што рабіць тым, хто да гэтага моманту не паспеў ці не меў магчымасці заняцца адпаведным афармленнем?

Натуральна, тут адказ вельмі празаічны: неадкладна заняцца гэтым пытаннем і да 31 ліпеня падрыхтаваць і падаць у адпаведную ўрадавую ўстанову Польшчы хаця б першы пакет дакументаў, паводле якіх вы хочаце легалізаваць свой статус на тэрыторыі краіны.

Рэч у тым, што, згодна з польскім заканадаўствам, перабыванне на тэрыторыі Польшчы будзе лічыцца легальным з моманту падачы заяўкі на атрыманне дазволу на знаходжанне і да моманту атрымання рашэння. Акрамя таго, калі само рашэнне будзе адмоўным, то яго можна будзе абскардзіць, што таксама забірае пэўны час.

У Польшчы права на легальнае пражыванне даюць наступныя дакументы:

  • нацыянальная віза;
  • карта часовага побыту (часовае пасведчанне на жыхарства);
  • карта сталага побыту (сталае пасведчанне на жыхарства);
  • карты доўгатэрміновага рэзідэнта ЕЗ (від на жыхарства);
  • пашпарт якой-небудзь з краінаў ЕЗ.

Нагадаем, што ў красавіку 2022 года прэзідэнт Анджэй Дуда падпісаў закон, паводле якога беларусы маглі атрымаць нацыянальныя (у тым ліку гуманітарныя) віды на жыхарства і гуманітарныя візы, будучы на тэрыторыі Польшчы. Але трэба адзначыць, што такая магчымасць давалася толькі да 31 сакавіка 2023 года, таму цяпер можна падавацца на легалізацыю ў адпаведнасці з мэтай знаходжання – для працы, вучобы альбо на так званы гуманітарны від на жыхарства.

У любым выпадку, на сённяшні дзень усе пытанні, датычныя працэсу легалізацыі ў Польшчы, можна высветліць з юрыстамі, якія штодня на бясплатнай аснове даюць усе патрэбныя кансультацыі. У прыватнасці, шмат парадаў можна знайсці ў Цэнтры беларускай салідарнасці – на сайце і ў тэлеграм-канале яны маюць шмат спасылак на карысныя відэа і дапаможнікі ў разнастайных пытаннях легальнага перабывання на тэрыторыі Польшчы, ёсць магчымасць і індывідуальных кансультацыяў.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў