Толькі да 31 сакавіка. Удакладнілі тэрміны падачы на гуманітарныя візы ў Польшчы


Хто жадае атрымаць альбо падоўжыць гуманітарныя візы на тэрыторыі Польшчы змогуць зрабіць гэта толькі да 31 сакавіка 2023 года. Аб гэтым у інтэрвʼю «Белсату» паведаміла юрыстка Цэнтру беларускай салідарнасці Марына Грышчанка.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Польская віза.
Фота: Белсат

Тэрмін падачы на візы тыпу D на тэрыторыі Польшчы скончыцца 31 сакавіка 2023 года

«На дадзены момант заявы на атрыманне і падаўжэнне гуманітарнай візы можна падаваць толькі да 31 сакавіка 2023 года. Нагадаю што раней апошнім тэрмінам было 31 снежня 2022 года, потым ён быў падоўжаны да канца сакавіка», – паведаміла Марына Грышчанка.

Паводле Грышчанкі, хто не паспее да названай даты падацца на візу, зможа падавацца на легалізацыю ў адпаведнасці з мэтай знаходжання – па працы, па вучобе альбо на так званы гуманітарны від на жыхарства.

«Колькасць зваротаў да нас робіцца з кожным днём усё меншай і меншай. Таму можна зрабіць выснову, што хто хацеў атрымаць, той атрымаў. Хіба толькі можа хто прыязджае цяпер, то яны падаюцца», – паведаміла экспертка.

Праблемы з пратэрмінаванымі пашпартамі, з пашпартамі, дзе не хапае адпаведных старонак для наклейвання візаў, застаюцца па гэты час неўрэгуляванымі і яны не вырашаліся ў візавых цэнтрах. Такім людзям адразу прапаноўваюць падавацца на міжнародную абарону, калі ёсць падставы.

«Чалавек не можа ехаць у Беларусь, бо мае пэўныя пагрозы для сваёй бяспекі і па той жа прычыне не можа звяртацца ў консульскія ўстановы Беларусі ў Польшчы, каб атрымаць новыя дакументы. Значыць можа падавацца на міжнародную абарону, там уключаюцца іншыя механізмы. Дакладна сказаць, канешне ж, можна толькі пасля разгляду канкрэтнай сітуацыі», – падкрэсліла Грышчанка.

24 жніўня 2023 года скончыцца тэрмін дзеяння палажэнняў ковіднага шчыта датычна візаў 

Ёсць яшчэ адна дата – 24 жніўня 2023 года. Гэта тэрмін, да якога дзейнічае падаўжэнне візаў па так званым антыковідным шчыце. Ёсць адпаведны польскі закон, паводле якога дзеянне ўсіх візаў тыпу D (калі іх уладальнікі знаходзяцца на тэрыторыі Польшчы), падаўжаецца на тэрмін, пакуль дзейнічае афіцыйна абвешчаны рэжым пагрозы эпідэміі і плюс яшчэ 30 дзён пасля адмены гэтага рэжыму.

«Пакуль гэта закон яшчэ дзейнічае, але 24 жніўня 2023 года ўступае ў сілу рашэнне аб яго адмене», – падкрэсліла юрыстка

Што гэта азначае на практыцы? 24 жніўня 2024 года ўсе візы, дзеянне якіх падоўжана па антыковідным шчыце, перастануць дзейнічаць канчаткова, і патрэбна будзе падавацца на легалізацыю па актуальных для кожнага варыянтах. Яны ў кожнага свае. Аднак юрыстка ЦБС акцэнтавала на тым, што «лепей засяродзіцца на пытаннях легалізацыі ўжо цяпер».

Прыклад сітуацыі ўладальніка гуманітарнай візы

Разгледзім канкрэтны прыклад: калі грамадзянін Беларусі знаходзіцца на тэрыторыі Польшчы і тэрмін дзеяння яго нацыянальнай візы ўжо скончаны, то ён мае права заставацца тут па гэтай візе, бо тэрмін яе дзеяння лічыцца падоўжаным на аснове закону, пакуль існуе пагроза эпідэміі. Аднак падацца на атрыманне новай гуманітарная візы на тэрыторыі Польшчы такі чалавек можа толькі да 31 сакавіка. Гэта ж тычыцца і некаторых працоўных візаў, напрыклад, для кіроўцаў-дальнабойнікаў.

Репортаж с польско-белорусской границы, пограничный контроль, проверка, грузовик, пограничный пункт Бобровники на границе с Польшей, транспортный контроль, дальнобойщики, большегрузы
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Дальнабойнікі ў Польшчы.
Фота: Саша Альтэр / Белсат

Калі чалавек не паспеў падацца на гуманітарную візу ў Польшчы да канца сакавіка, то ён зможа знаходзіцца на тэрыторыі Польшчы, але яму трэба паклапаціцца пра легалізацыю, бо пасля 24 жніўня знаходжанне такой асобы ў Польшчы будзе не законным і можа мець кепскія наступствы.

Нават пасля 31 сакавіка ўладальнікі гуманітарных візаў могуць падацца на гуманітарны від на жыхарства альбо легалізавацца ў адпаведнасці з мэтаў знаходжання. «Тут бывае мноства нюансаў, але варыянты легалізацыі ёсць і трэба імі абавязкова скарыстацца». Калі ж гуманітарны від на жыхарства не падыходзіць, тады трэба падавацца па іншых варыянтах легалізацыі. Калі ж мэту знаходжання «цяжка пацвердзіць, то заўсёды застаецца міжнародная абарона, якая можа быць прыменена пасля разгляду сітуацыі падавальніка».

«Пасля 24 жніўня мы канчаткова вернемся да сітуацыі, якая была да зʼяўлення магчымасці атрымаць на тэрыторыі Польшчы гуманітарную візу ці некаторыя тыпы працоўных візаў. Будзе тая ж прававая сітуацыя, як і раней, будуць прыменяцца стандартная працэдура легалізацыі, якія былі да ўсіх гэтых змен, дзеянне якіх скончыцца 31 сакавіка і 24 жніўня», – падсумавала юрыстка ЦБС.

Паводле адзнакі Грышчанкі, для юрыстаў ЦБС перыяд працы з лютага 2022 года быў не простым, было шмат зменаў заканадаўства адносна знаходжання грамадзянаў Украіны і Беларусі ў Польшчы. «Гэтыя змены прыходзілася ўвесь час адсочваць, бо было многа нестыковак і пэўных «дзюрак» у сістэме. Было шмат запытаў, які адпрацоўвалі», – падзялілася юрыстка. Важна адзначыць, што юрысты ЦБС аказвалі свае паслугі бясплатна для тых, хто звяртаўся да іх з запытам.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Варшава, Польшча.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Што можна атрымаць, звярнуўшыся ў візавыя фірмы

Пад выглядам кліенту карэспандэнт «Белсату» таксама звярнуўся ў адну з фірмаў, якія прапануюць свае паслугі па атрыманні візаў на тэрыторыі Польшчы. Спецыяліст кампаніі патлумачыў, што гатовы ўзяцца за афармленне атрымання гуманітарнай візы на тэрыторыі Польшчы на падставе раней атрыманай візы альбо за афармленне атрымання гуманітарнага віду на жыхарства, калі ўжо ёсць польская віза. Ад кліента патрабуецца пашпарт, сканы пашпарта і фотакартка. Афармленне падачы дакументаў фірма бярэ на сябе, аплата па факце падачы заявы, кліент атрымлівае на рукі пацверджанне падачы дакументаў. Тэрмін чакання адказу – да трох месяцаў. Кошт складае ад 300 да 500 злотых. На пытанне, ці ёсць гарантыі атрымання станоўчага адказу, спецыяліст фірмы заявіў што «адмоваў па такім запыце цяпер няма». Пры гэтым ніякая дамова аб паслугах не складаецца, гарантый атрымання станоўчага адказу фірма не дае. Як на погляд рэдакцыі, усе гэтыя схемы зʼяўляюцца не празрыстымі і існуе рызыка патраціць грошы і патрэбнага выніку не атрымаць,бо ў выпадку адмовы ў станоўчым вырашэнні пытання з боку аддзелаў па справах іншаземцаў ваяводстваў альбо з боку візавага цэнтру, чалавек застанецца сам на сам са сваёй праблемай.

Куды трэба падаваць дакументы на атрыманне гуманітарнай візы? У візавыя цэнтры «VFS Global».

Куды трэба падаваць дакументы на атрыманне часовага альбо сталага побыту? У аддзелы па справах іншаземцаў у ваяводствах Польшчы па месцы жыхарства. У такіх аддзелаў у кожным ваяводстве краіны ёсць уласныя сайты, праз якія даступная ўся асноўная інфармацыя па пытаннях легалізацыі. Сайт аддзелу па справах іншаземцаў урада Польшчы знаходзіцца тут.

Hавiны
У Польшчы 310 беларусам адмовілі ў гуманітарнай візе
2023.01.03 14:27

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў