Затрыманых медыкаў Наваполацкай больніцы, дзе лячылі Віктара Бабарыку, асудзілі на содні і штрафы


Сталі вядомыя падрабязнасці судоў, якія прайшлі над затрыманымі 17 траўня супрацоўнікамі Наваполацкай цэнтральнай гарадской больніцы, піша «Радыё Свабода» са спасылкай на BPN.

Наваполацкая гарадская лякарня.
Фота: ncgb.by

Медыкаў абвінавацілі ў распаўсюджванні экстрэмісцкай прадукцыі і несанкцыянаваным пікетаванні.

Па выніку судоў хірург Міхаіл Пачкоўскі і ўролаг Павел Стальмакоў арыштаваныя на 15 содняў паводле арт. 19.11 КаАП РБ («Распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць»).

Загадчыца аддзялення гінекалогіі Ірына Васільева і фельчар хуткай дапамогі Наталля Первянёнак атрымалі 10 содняў арышту паводле арт. 24.23 КаАП («Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў»).

Первянёнак асуджаная за сцяг Украіны на аватарцы ў сацсетцы.

У Васільевай маці – інвалід першай групы, якая патрабуе догляду.

Ала Стальмакова, у якой двое непаўналетніх дзяцей, аштрафаваная на 100 базавых велічыняў (3.700 рублёў). Артыкул КаАП невядомы.

Тэлеграм-канал «Белыя халаты» паведамляе аб арышце на 15 содняў медсястры хірургічнага аддзялення Святланы Грыгаровіч. Артыкул КаАП не прыводзіцца.

Затрыманні медработнікаў адбыліся пасля ўцечкі са шпіталя інфармацыі аб знаходжанні там палітвязня Віктара Бабарыкі, які быў дастаўлены ў цяжкім стане з прыкметамі збіцця з мясцовай калоніі.

Месцазнаходжанне і стан Віктара Бабарыкі дагэтуль невядомыя. Былы палітвязень, які адбываў пакаранне ў Наваполацкай калоніі, Валянцін Лабачоў, распавядаў, што Бабарыка можа быць у лякарні ў Калядзічах.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў