Былы палітвязень Валянцін Лабачоў: Віктар Бабарыка можа знаходзіцца ў лякарні ў Калядзічах


З Наваполацкай лякарні Віктар Бабарыка быў пераведзены ў лякарню для асуджаных у пасёлку Калядзічы пад Менскам, распавядае былы палітвязень Валянцін Лабачоў на сваім ютуб-канале. Валянцін адбываў пакаранне ў Наваполацкай калоніі і бачыўся там з Бабарыкам.

Віктар Бабарыка.
Фота: viktar_babaryka / Instagram

Паводле Лабачова, былога прэтэндэнта ў кандыдаты на прэзідэнцтва ў Беларусі, вывезлі з Наваполацку, бо адтуль прасочвалася інфармацыя пра ягоны стан. Супрацоўнікі ж лякарні ў Калядзічах падпісалі паперы аб неразгалашэнні.

«Рашэнне аб гэтым было прынятае на самым версе», – сцвярджае Валянцін Лабачоў.

Стан Бабарыкі, паводле былога палітвязня, не самы лепшы.

Крыніцу інфармацыі Лабачоў не раскрывае, бо гэта можа быць небяспечна.

13 траўня сваякі Віктара Бабарыкі звярнуліся ў СІЗА №1 на вуліцы Валадарскага ў Менску – ім паведамілі, што такога асуджанага ў ізалятары няма.

Тэлеграм-канал каманды Віктара Бабарыкі паведамляе, што адзін з іхных валанцёраў таксама звярнуўся 13 траўня ў СІЗА, і яму там сказалі, што былы банкір знаходзіцца ў лякарні ў Калядзічах.

Застаецца невядомым, ці сапраўды працуе лякарня для асуджаных у Калядзічах.

Указ №288 аб пачатку будаўніцтва ізалятару і агульнасаматычнай больніцы для асуджаных Аляксандр Лукашэнка падпісаў яшчэ ў 2010 годзе. Планавалася, што лякарню пабудуюць за тры гады, а СІЗА – за пяць. Потым тэрміны здачы абодвух аб’ектаў пачалі перасоўвацца. Урэшце, паабяцалі, што лячэбны корпус дабудуюць у 2021 годзе. 16 чэрвеня 2021 года з’явіўся ўказ Лукашэнкі №219, які вызначаў тэрмінам здачы ўсяго комплексу 2023 год. Больніцу ж абяцалі дабудаваць да канца 2021 года.

Мы патэлефанавалі ў Медычную інфармацыйную службу 131.by і запыталіся пра лякарню ў Калядзічах. Нам адказалі, што ніякай лякарні ў пасёлку няма.

Hавiны
Дзе Бабарыка? Папярэдне, палітвязень больш не значыцца ў сваім атрадзе ў калоніі
2023.05.12 18:12

12 траўня праваабаронцам стала вядома, што Віктар Бабарыка больш не значыцца ў складзе свайго атраду ў ПК-1 у Наваполацку, дзе палітвязень адбываў пакаранне. Інфармацыя пакуль не пацверджаная.

Праваабаронцы маюць інфармацыю ад былога вязня ПК-1 у Наваполацку, які пацвердзіў, што Бабарыку апошні час трымалі ў памяшканні камернага тыпу. Таксама былы прэтэндэнт у прэзідэнты сутыкаўся з моцным прэсінгам з боку працаўнікоў калоніі – іншым зняволеным забаранялі размаўляць з Бабарыкам пад пагрозаю змяшчэння ў штрафны ізалятар.

Увечары 26 красавіка стала вядома, што экс-кандыдат на прэзідэнта і палітычны вязень Віктар Бабарыка быў дастаўлены ў шпіталь з Наваполацкай папраўчай калоніі № 1. Гэта адбылося ў ноч на 25 красавіка. Паведамленне выклікала вялікі міжнародны рэзананс. Аднак нягледзячы на шматлікія заклікі да ўладаў паказаць, у якім стане палітвязень, гэтага зроблена не было.

Гісторыі
Былы палітвязень Валянцін Лабачоў: «Патрэбна больш дапамогі. Некаторыя «палітычныя» пасля вызвалення проста жабруюць»
2023.04.21 07:35

31-гадовы магілёвец Валянцін Лабачоў 16 лютага выйшаў на волю з Наваполацкай папраўчай калоніі № 1, дзе адседзеў амаль паўтара года за знявагу Лукашэнкі. Пасля вызвалення мужчына з’ехаў з Беларусі. Ён распавядаў нам, што сустракаўся з Бабарыкам у калоніі.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў