Выканаўца абавязкаў дырэктара «Белсату» даў прэс-канферэнцыю беларускім медыям


Выканаўца абавязкаў дырэктара «Белсату» Аляксей Дзікавіцкі 20 сакавіка сустрэўся з журналістамі беларускіх СМІ і адказаў на пытанні аб будучыні «Белсату» ва ўмовах змяншэння фінансавання.

Аляксей Дзікавіцкі, выканаўца абавязкаў дырэктара «Белсату», адказвае на пытанні журналістаў падчас прэсавай канферэнцыі. Варшава, Польшча. 20 сакавіка 2024 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Аляксей Дзікавіцкі пачаў сустрэчу са згадкі чутак пра тое, што «Белсат» ці то памрэ, ці то стане расейскамоўным. Выканаўца абавязкаў дырэктара запэўніў: «Белсат» будзе існаваць, бо беларускамоўнае тэлебачанне – вялікая каштоўнасць.

«Так ці іначай „Белсат“ будзе існаваць, – запэўнівае Дзікавіцкі. – У форме тэлебачання, у форме мультымедыйнай платформы. Наколькі зменіцца сетка вяшчання – гэтым мы цяпер займаемся, бо цяпер вядзецца аўдыт выдаткаў, даволі дакладны і строгі».

Дзікавіцкі выказаў таксама шкадаванне аб тым, што звальненне мінулай дырэктаркі «Белсату» Агнешкі Рамашэўскай-Гузы «адбылося так, як адбылося». Дзікавіцкі і Рамашэўская разам стваралі «Белсат», дзякуючы намаганням былой дырэктаркі «Белсат» развіваўся і стаў уплывовым медыйным інстытутам.

Грошай бракуе, але нічога не закрывалі

Пакуль «Белсат» атрымаў ад Міністэрства замежных справаў Польшчы абяцанне фінансавання на 40 млн злотых на год (каля 10 млн долараў), а запытваў 75 млн злотых, меўшы летась 63 млн злотых. Але ўжо папярэдне дамовіліся на тое, што расейскамоўныя праграмы «Белсату» могуць быць фінансаваныя праз канал «TVP World», а гэта можа быць яшчэ 10–14 млн злотых. Ёсць яшчэ пэўныя сродкі ад іншых замежных донараў, але так ці інакш бракуе яшчэ 10–11 млн злотых, прызнаў Дзікавіцкі.

Студыя тэлеканалу «Белсат». Варшава, Польшча. 20 сакавіка 2024 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Паводле Дзікавіцкага, «Белсат» будзе вымушаны праз фінансавую сітуацыю адмовіцца ад часткі праектаў, якія яшчэ не распачалі, абмежаваць частку ўжо распачатых праектаў.

Магчыма, некаторыя штотыднёвыя праграмы стануць выходзіць раз на два тыдні, а некаторыя ператворацца з асобных праграмаў ва ўключэнні ў студыі ў жывым эфіры, бо так іх рабіць танней. У бліжэйшы час наўрад ці ўдасца распачынаць даражэйшыя праекты. Магчыма, давядзецца адкласці наступны сезон працяг серыялу «Працэсы» , пакуль што адмовяцца ад ідэі запуску музычнай праграмы.

Інтэрв’ю
«Страціць Беларусь было б вялікай памылкай» – дырэктар «Белсату» Аляксей Дзікавіцкі аб пераменах на канале і падтрыманні незалежных медыяў
2024.03.19 11:31

«Белсат» не адмаўляецца ад трансляцыяў праз спадарожнік. Хоць на Захадзе спадарожнікавая талерка стала перажыткам мінулага, 2020 год у Беларусі паказаў, што пры блакаванні і амаль поўным адключэнні інтэрнэту спадарожнікавы сігнал можа застацца ці не адзінай крыніцай незалежнай інфармацыі. У 2020 годзе «Белсат» быў цягам некалькіх дзён адзіным вакном у свет для шматлікіх беларусаў, бо сігнал са спадарожніка дагэтуль не навучыліся глушыць.

Хацелася б мець два «Белсаты»

«Белсат» вырабляе не толькі навіны, падкрэсліў Дзікавіцкі, і ў чыста інфармацыйны канал не ператворыцца. Канал агулам выконвае тую функцыю, якую мусіла б выконваць беларускае тэлебачанне. Але яно ў Беларусі дзяржаўнае і прапагандысцкае, а прапаганда маніць ужо не толькі ў інфармацыйных праграмах, але і ў гістарычных, моўных і якіх заўгодна.

Тыя ж гістарычныя праграмы, адзначыў ён, ніколі не збяруць столькі праглядаў, колькі актуальныя інфармацыйныя. Але іх працягваюць рабіць, хоць яны фінансава не акупляюцца. Дзікавіцкі спытаў: як можна перакінуць усе фінансы на інфармацыйныя праграмы, калі ў Беларусі ўлады нішчаць сваю ж гісторыю і перапісваюць падручнікі, нішчаць сваю ж мову?

Аляксей Дзікавіцкі, выканаўца абавязкаў дырэктара «Белсату», адказвае на пытанні журналістаў падчас прэсавай канферэнцыі. Варшава, Польшча. 20 сакавіка 2024 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

«Белсату» даводзіцца быць «каналам пра ўсё», хоць цяпер такія агульнатэматычныя каналы адыходзяць у мінулае. Калісьці аматар рыбалкі чакаў штотыднёвую перадачу пра рыбалку на любімым канале, цяпер жа мае выбар цэлых каналаў пра рыбалку. Але беларусы не маюць такога выбару каналаў пра Беларусь.

У ідэальнай сітуацыі, мяркуе Дзікавіцкі, мусіла б існаваць два «Белсаты»: інфармацыйны канал з навінамі і асобны з не навінавымі праграмамі, але такой магчымасці цяпер няма.

Дзікавіцкі ўпэўнены, што «Белсат» робіць унёсак у скарбонку беларускай культуры такімі праектамі, як цыкл гістарычных праграмаў «Лабірынты»  ці трансляцыя канцэрту «Народны альбом. 20 гадоў».

Беларусь, дадаў ён, у хвасце рэйтынгу «абздыманасці» краіны дакументальным кіно, а падкантрольнае дзяржаве дакументальнае кіно не мае вартасці, бо звязанае з прапагандай, ды і незалежным творцам у Беларусі цяпер немагчыма працаваць. Таму хоць дакументальныя фільмы гэта нішавы прадукт, «Белсат» працягне яго вырабляць, бо яно застанецца ў скарбонцы гісторыі і культуры.

Звальненняў пастараюцца пазбегнуць – і хацелі б сваю тэлеакадэмію

Галоўнае, падкрэсліў Дзікавіцкі, гэта захаваць калектыў.  Ён чуе, што «паўтараецца як мантра» аргумент пра тое, што на «Белсаце» працуе зашмат людзей, але калі кажуць пра 300 чалавек у кампаніі, дык тое не толькі журналісты і вядоўцы, а яшчэ і аўтары сцэнароў, эканамічны аддзел, спецыялісты мэйкапу і касцюмаў, шмат хто яшчэ.

«На тэлебачанні як нідзе відаць беднасць, – растлумачыў Дзікавіцкі. – Гэта датычыць усяго. Вядоўца, які выходзіць у эфір любой праграмы, мусіць мець адпаведны гардэроб, які павінен змяняцца, мець мэйкап, фрызуру і гэтак далей. Павінна быць адпаведная сцэнаграфія, адпаведнае святло, гук, мантаж і гэтак далей. Бясконца рабіць прадукт усё таннейшым не атрымаецца, бо гэта будзе пародыя».

Да таго ж, на 10–20 асобаў, якія непасрэдна рыхтуюць інфармацыйную тэлевізійную праграму, ці не менш, а то і больш людзей займаюцца тым, каб прасунуць гэтую праграму паўсюль: на YouТube, на сайце, у сацсетках на розных мовах і ў розных фарматах.

Акрамя таго, адзначыў Дзікавіцкі, не існуе «рынку беларускіх журналістаў», асабліва для тэлевізіі. Калі чалавек не баіцца паказаць твар у эфіры, валодае беларускай мовай і не мае праблемаў з маўленнем, гэта ўжо «наш кадр», на навучанне якога, праўда, трэба выдаткаваць яшчэ 3–6 месяцаў. Але знайсці замену такому чалавеку цяпер вельмі цяжка, ды і звольненаму журналісту ў эміграцыі будзе не проста адшукаць працу. «Белсат» меў планы на тэлеакадэмію для ўсіх ахвочых, але праз скарачэнне фінансавання гэта, падобна, таксама давядзецца адкласці.

Ньюсрум тэлеканалу «Белсат». Варшава, Польшча. 20 сакавіка 2024 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

«Белсат», як і іншыя беларускія медыі, сутыкнуўся з задачай эвакуацыі супрацоўнікаў з Беларусі – праз пагрозу рэпрэсіяў вывезлі больш за сто чалавек. А большасць з’ехала ва Украіну, бо на той момант гэта было лягчэй, дык давялося зноў эвакуяваць людзей з пачаткам поўнамаштабнай вайны ва Украіне. І шукаць ім новую працу, бо калі ў Польшчы «Белсат» ужо меў трох аператараў на канкрэтную задачу, то ўладкаваць яшчэ пяць аператараў было немагчыма, давялося прапаноўваць ім іншыя функцыі. Былі толькі адзінкавыя выпадкі, калі з эвакуяванымі супрацоўнікамі не змаглі дамовіцца аб новай працы.

Аўдыторыя скарацілася не так значна, нягледзячы на рэпрэсіі

Кіраўнікі розных аддзелаў «Белсату» расказалі калегам пра статыстыку, якая можа быць непрыемнай для ўладаў Беларусі. Так, на YouТube каля 75–80 % праглядаў навінаў – гэта гледачы з Беларусі. І гэта пры тым, што з прычыны рэпрэсіяў «Белсат» не мае здымачных групаў у Беларусі, не можа ладзіць фокус-групы і даследаваць тэлеаўдыторыю.

«Мы не сталі тэлебачаннем для мігрантаў, – падкрэсліў адміністратар беларускамоўнай тэлерэдакцыі «Белсату» Ігар Кулей. – Мы не распавядаем толькі пра мігранцкія тэмы, мы надалей тэлебачанне для беларусаў унутры Беларусі».

З 2020 года, нагадаў ён, даследаванні сапраўды паказваюць падзенне праглядаў розных беларускіх праектаў. Безумоўна, праглядаў менш, чым у час моцнай палітызацыі грамадства, калі за дзень трансляцыя «Белсату» магла набраць мільён праглядаў. Але месячная аўдыторыя ўнікальных гледачоў амаль не зменшылася, толькі на YouТube яна дасягае 800 тысяч гледачоў з Беларусі, якія проста сталі радзей глядзець праграмы.

Новая студыя Белсату
Пачатак вяшчання студыі інфармацыйных праграмаў «Белсату» з новай студыі. Варшава, Польшча. 12 красавіка 2021 года.
Фото: Белсат

Аўдыторыя падае ў сацыяльных сетках, але ва ўмовах, калі ў Беларусі садзяць за падабайкі і падпіскі, гэта зразумела, прызнала кіраўніца аддзелу сацыяльных сетак «Белсату» Святлана Пажарава. Але «Белсат» заўважае цікавую асаблівасць: ад таго ж Telegram-каналу адпісаліся больш за 100 тысяч карыстальнікаў, але канал працягваюць чытаць без падпіскі. І нават калі доступ да аднаго паста даволі сціплы, то ахоп рэпостаў гэтых звестак дасягае паўмільёну-мільёну карыстальнікаў.

Беларусы глядзяць і расейскамоўныя праграмы «Белсату», аўдыторыя расейскамоўнага YouТube-каналу – паўмільёну гледачоў з Беларусі на месяц. Але гэты канал мае і аўдыторыю з Расеі і іншых краінаў, дзе валодаюць расейскай мовай, гэта да 5 млн штомесячных гледачоў, кажа кіраўнік расейскамоўнай рэдакцыі «Вот Так» Юрый Салодкі.

«Белсат» мае і гледачоў з Украіны, эксклюзіўныя матэрыялы ад журналістаў ва Украіне, у тым ліку з прыфрантавой зоны.

І ў расейскую аўдыторыю перадачы «Белсату» часам трапляюць так, што могуць ратаваць жыцці. Так, калі ў Расеі абвясцілі мабілізацыю, 70–80 % гледачоў расейскамоўных праграмаў былі жыхарамі Расеі 25–44 гадоў – і ім расказвалі, як пазбягаць мабілізацыі і якія злачынствы чыніць Расея ва Украіне. Нават калі хаця б сотня расейскіх гледачоў пасля гэтага вырашыла не ісці забіваць украінцаў і ўцякаць ад ваенкаматаў, гэта ўжо вялікі поспех.

Каментар
Аляксей Дзікавіцкі: усе палітычныя сілы Польшчы заўсёды прыходзілі да кансэнсусу, што існаванне «Белсату» неабходнае
2023.12.21 20:32

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў