З чым Байдэн прыляцеў у Кіеў і ці бяспечны такі візіт? Каментуе ўкраінскі эксперт


Нечаканы візіт прэзідэнта ЗША ва Украіну мае не толькі сімвалічнае значэнне, а небяспека такой паездкі даволі ўмоўная, расказвае «Белсату» эксперт у міжнародных пытаннях, кіраўнік украінскага Цэнтру дастасоўных даследаванняў Андрэй Каракуц.  

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн і прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Кіеў, Украіна. 20 лютага 2023 года.
Фота: Zelenskiy Official / Telegram

Прэзідэнт Злучаных Штатаў Джо Байдэн 20 лютага меў быць з візітам у Польшчы. Але ранкам жыхары Кіева звярнулі ўвагу на незвычайныя коркі і перакрыццё цэнтру сталіцы – папаўзлі чуткі, што гэта можа быць рыхтаванне да візіту Байдэна, хоць тры дні таму Белы дом заяўляў, што сустрэча Байдэна і Зяленскага не плануецца ў часе паездкі прэзідэнта ЗША ў Польшчу.

Потым з’явіліся кадры таго, як асобы, падобныя да Байдэна і прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага, выходзяць з Міхайлаўскага сабору пад гукі сірэны паветранай трывогі. Урэшце Зяленскі пацвердзіў: Байдэн у Кіеве.

Гэты візіт мае дзве мэты, тлумачыць «Белсату» эксперт у міжнародных пытаннях Андрэй Каракуц:

«Першая мэта – гэта агулам дэманстрацыя таго, што Злучаныя Штаты і надалей будуць падтрымліваць той узровень вайсковага і фінансавага забеспячэння, які мы бачылі цягам астатняга года».

На думку эксперта, гэта пацверджанне таго, што падтрымка будзе ісці, колькі б вайна не працягвалася, і Байдэн бярэ на сябе асабістую палітычную адказнасць за захаванне дапамогі:

«Па-другое, гэта дэманстрацыя, неабходная для таго, каб іншыя саюзнікі Злучаных Штатаў, у тым ліку іншыя краіны NATO працягвалі сваю падтрымку, нарошчвалі яе, пастаўлялі тое, што неабходна Украіне».

Эксперт думае, што галоўнаю мэтаю візіту было «зняць пытанні», якія вынікалі за апошні месяц, пра тое, якою будзе доўгатэрміновая дапамога Злучаных Штатаў у выпадку працяглай вайны. Але паездка ў Кіеў – таксама паведамленне на Усход, адзначае эксперт:

«Да таго ж, гэта моцны сігнал і да Расейскай Федэрацыі: не выйдзе працягваць гэтага канфлікту, а спадзяванні Пуціна, што Захад перастане падтрымліваць Украіну, не спраўджваюцца. Гэта сігнал таксама Кітаю, які нібыта, паводле пэўных паведамленняў, разглядае пастаўкі вайсковай дапамогі Расейскай Федэрацыі».

Сірэны, якія чуў Байдэн, гучаць над Кіевам ужо амаль год і практычна штодня. Небяспека цалкам рэальная: толькі 10 дзён таму над Кіевам збілі расейскія ракеты, 11 дзён таму ў выніку ракетнай атакі загінулі чатыры чалавекі.

Візіт прэзідэнта ЗША ў горад, дзе такое адбываецца, – незвычайная падзея. Каракуц разважае: візіт амерыканскага прэзідэнта – заўсёды адказны момант для боку, які прымае, бо калі будзе ўчыненая атака на прэзідэнта ЗША, можна чакаць сур’ёзнага адказу ад краіны з вялізным вайсковым патэнцыялам і ядраваю зброяй.

Калі стала ясна, што Байдэн у Кіеве, Расея стала пагражаць зброяй: у беларускіх Мачулішчах узляцеў расейскі самалёт, здольны несці ракеты «Кінжал», але такія палёты над Беларуссю апошні раз канчаліся атакай аж у сярэдзіне мінулай восені. Каракуц мяркуе, што Расея выбрала такую пагрозу, каб прадэманстраваць, што не баіцца амерыканскай падтрымкі Украіны:

«Яны, з іншага боку, і разумелі, што якія заўгодна занадта рэзкія дзеянні або нейкая ракетная атака будзе ўспрынята як ужо атака супраць амерыканскага прэзідэнта. Таму такі сродак і быў выбраны, каб паказаць: Расея бачыць, што адбываецца».

Гэта першы візіт прэзідэнта ЗША ва Украіну за амаль 15 гадоў. Уладзімір Зяленскі назваў сустрэчу найважнейшаю за ўсю гісторыю ўкраінска-амерыканскіх стасункаў, а перамовы – вельмі змястоўнымі і важнымі. Ён расказаў, што разам з Джо Байдэнам ушанаваў памяць украінскіх герояў, а на Алеі смеласці адкрылі памятную шыльду, прысвечаную прэзідэнту ЗША.

Часопіс «Rolling Stone» тым часам перадае чуткі з Белага дому: Байдэну прапаноўвалі сустрэцца з Зяленскім на польскай мяжы або ў Львове, але, нягледзячы на пратэсты Сакрэтнай службы і Дэпартаменту абароны, Байдэн выбраў Кіеў.

Разбор
ЗША дадуць Украіне навейшыя танкі, чым планавалі. Што такое «A2», і чаму іх паставяць няхутка?
2023.01.28 10:00

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў