Польскія дальнабойнікі ўзнавілі пратэст на мяжы з Украінай у Дарогуску


У панядзелак, 18 снежня, польскія перавознікі ўзнавілі акцыю пратэсту на мяжы з Украінай у Дарогуску. Яны зноў заблакавалі памежныя пункты. У чарзе – больш за 2000 цяжкавікоў. Пратэст працягваецца і на памежных пераходах у Карчовай і Грэбэнным, піша tvn24.pl.

Пратэст на мяжы Польшчы і Украіны
Машыны ўдзельнікаў страйку дальнабойнікаў на мяжы Польшчы і Украіны.
Фота: Анастасія Дубровіна / Вот Так

Пратэст у Польшчы ўзнавіўся пасля таго, як суд адхіліў рашэнне мясцовага войта аб забароне пратэсту, прынятае 11 снежня. Чакаецца, што пратэст можа працягвацца да Калядаў, а магчыма, і болей.

Як інфармуе мясцовая паліцыя, чарга да памежнага пераходу ў Дарогуску расцягнулася на 46 кіламетраў, у ёй стаяла каля 1800 цяжкавікоў.

Адна з лідарак акцыі пратэсту паведаміла журналістам, што страйкоўцы будуць прапускаць тры фургоны на гадзіну. Транспарт з гуманітарнымі грузамі – адзін на паўгадзіны. Цяжкавікі з «гуманітаркай» правяраюцца мытнай і памежнай службамі, а таксама паліцыяй.

Як паведамляе выданне tvn24.pl, на пераходзе ў Грэбэнным чарга расцягнулася на 26 кіламетраў. Кіроўцы чакаюць пропуску праз мяжу пяць дзён. У Карчовай ў чарзе стаяць 600 цяжкавікоў.

З пратэстоўцамі ўжо сустракаўся новы міністр інфраструктуры Польшчы Дар’юш Клімчак. Працягваюцца таксама перамовы паміж польскімі і ўкраінскімі перавознікамі.

Пратэсты на польска-ўкраінскай мяжы трываюць з 6 лістапада. Польскія перавознікі патрабуюць, сярод іншага, увядзення камерцыйных дазволаў украінскім кампаніям на транспартаванне тавараў (за выключэннем гуманітарнай дапамогі і грузаў для ўкраінскай арміі), прыпынення дзеяння ліцэнзіяў для кампаніяў, створаных пасля пачатку вайны ва Украіне, і іх правяранне. Прапаноўваюць таксама ліквідаваць электронную чаргу з украінскага боку.

Рэпартаж
Страйк дальнабойнікаў: пагрозы спаліць машыну, карупцыя і жаданне зарабіць. Што адбываецца на мяжы Польшчы і Украіны
2023.11.21 15:08

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў