«Блакада скончылася». Узнавіўся рух цяжкавікоў на адным з памежных пераходаў паміж Украінай і Польшчай


11 снежня была знятая блакада памежнага пераходу «Ягадын – Дарогуск» паміж Украінай і Польшчай. Пра гэта паведаміў міністр інфраструктуры Украіны Аляксандр Кубракоў. 

Пратэст на мяжы Польшчы і Украіны
Цяжкавікі каля пункту пропуску «Дарогуск», Польшча. 16 лістапада 2023 года.
Фота: Анастасія Дубровіна / Вот Так

«Блакаванне пункту пропуску “Ягадын – Дарогуск” скончанае. З 14:00 адноўлены стабільны рух цяжкавікоў. У кірунку Украіны праехалі 15 транспартных сродкаў – яны на пункце пропуску. Таксама афармляюцца 25 цяжкавікоў – накіроўваюцца ў бок Польшчы», – напісаў 11 снежня на сваёй старонцы ў Facebook Аляксандр Кубракоў.

Ён нагадаў, што блакаванне гэтага найбуйнейшага памежнага пункту пропуску паміж дзвюма краінамі працягвалася больш за месяц. Разблакаванне руху было вынікам шматлікіх сустрэчаў і перамоваў на «ўсіх магчымых узроўнях».

«Гэта была складаная праца, але яна яшчэ не скончаная. Мяжа павінна быць цалкам разблакаваная, і ніякіх будучых блакадаў мы не павінны дапусціць», – падкрэсліў Аляксандр Кубракоў.

Дагэтуль польскія кіроўцы цяжкавікоў, якія дамагаюцца большага кантролю над украінскімі перавознікамі, блакуюць таксама пераезды ў Грэбэнным і Карчовай. Да разблакавання і гэтых пунктаў пропуску заклікала еўракамісарка ў справах транспарту Адына Вэлеан.

«Я хачу нагадаць усім бакам пра шкоду, якую наносяць гэтыя пратэсты еўрапейскай эканоміцы, сеткам даставаў, іншым дарожным аператарам і Украіне – краіне, якая цяпер у стане вайны. Астатнія памежныя пункты павінны быць неадкладна разблакаваныя», – цытуе словы еўракамісаркі «tvn24».

Украінскія медыі паведамлялі ўвечары 11 снежня, што памежны пункт у Дарогуску зноў спрабавалі блакаваць.

Пратэст польскіх перавознікаў працягваецца з 6 лістапада. Палякі блакавалі памежныя пераходы ў Дарогуску, Грэбэнным і Карчовай. Сярод іншага пратэстоўцы патрабуюць увядзення Украінай асобнай чаргі для аўтамабіляў, якія вяртаюцца ў Польшчу без тавару, увядзення камерцыйных дазволаў для ўкраінскіх фірмаў (за выключэннем тых выпадкаў, калі перавозіцца гуманітарная дапамога і абсталяванне для ЗСУ), скасавання ліцэнзіяў для ўкраінскіх фірмаў, створаных пасля пачатку вайны ва Украіне, ліквідацыі электроннай чаргі з украінскага боку.

Рэпартаж
Страйк дальнабойнікаў: пагрозы спаліць машыну, карупцыя і жаданне зарабіць. Што адбываецца на мяжы Польшчы і Украіны
2023.11.21 15:08

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў