Горыч паразы, альбо навука жыцця? Узгадваем 19 снежня 2010 году


Роўна 12 гадоў таму здарылася адная з найтрагічнейшых падзеяў у найноўшай гісторыі Беларусі. Пасля чацвёртых прэзідэнцкіх выбараў адбылося масавае супрацьстаянне пратэстоўцаў, якіх выйшла на марш каля 50 тысячаў асобаў, і ўладаў, якім удалося перахітрыць апазіцыйных лідараў і загнаць абсалютна безабаронных людзей у пастку, вынікам чаго сталі кроў і паламаныя лёсы. Тады яшчэ наўмысна не забівалі, як гэта адбылося ў 2020-м, але пакаянныя відэа ўжо з’яўляліся. Карэспандэнт «Белсату» сабраў успаміны некаторых наўпроставых сведкаў і ўдзельнікаў падзей 12-ці гадовай даўніны.

Акцыя пратэсту 19 снежня 2010 г. Менск, Беларусь.
Фота: Gleb Garanich / Reuters / Forum

Алесь Карніенка, журналіст «Белсату». Тады – выдаўца інфармацыйных выданняў «Белсату»:

– Я памятаю, што выйшаў з нейкай плошчы і мяне ніхто не забраў. Пазней калегі казалі: «Дык ты ж выглядзіш, як ціхар. Таму цябе і не бяруць. Больш за тое: я на падыходзе да гэтага злашчаснага шкла ў Доме ўраду прыкрываў нашую аператарку. І ніхто нам не замінаў. Магчыма думалі, што мы здымаем для іхнай службы. Мне, як чалавеку не толькі з журналісцкім, але і палітычным досведам, хутка стала ўсё зразумела. Людзей адмыслова падвялі да Дому ўраду, бо там загадзя падрыхтаваліся. Шкло немагчыма было выбіць і зайсці ў будынак, бо там ужо шыхтамі са шчытамі стаялі міліцыянеры, а перад імі было ўсё ўмацавана ці то школьнымі партамі, ці сталамі. Але ўсе гэтыя месяцы перад выбарамі я не памятаю, каб хтосьці прагназаваў, што магчымы вось такі жорсткі разгон, вось такая шалёная рэакцыя ўлады. Усе думалі, што спакойна гэтая кампанія пройдзе, што яна прагуляная апазіцыяй ад пачатку.

Але ўлада выдумала такі сцэнар загадзя. Я думаю, што гэта творчасць менавіта Уладзіміра Макея, які тады быў кіраўніком адміністрацыі прэзідэнта і перад тымі выбарамі публічна абвінаваціў апазіцыю ў падрыхтоўцы ўзброеных правакацыяў. Лукашэнка б такога сцэнара не прыдумаў. Яму абы адарваць галаву, паламаць, кінуць у турму – там усё проста. А гэта Макей прыдумаў, каб былі ўсе кандыдаты, якія пажадалі зарэгістравацца, нават, калі і не набяруць неабходную колькасць галасоў (на што потым і Ярмошына закрыла вочы). Што будзе 10 кандыдатаў, з іх там восем апазіцыянераў, якія потым адное ў аднаго забяруць галасы. І лідарам, Някляеву і Саннікаву, было немагчыма сабраць ні 50, ці, нават, 40 адсоткаў галасоў. Добра яшчэ, што яны не перасварыліся і не пачалі брудам адно ў аднаго кідаць, а гралі дуэтам пад канец. Адзінае, маглі змагацца калі не за перамогу, то за другі тур. Цалкам верагодна, што Лукашэнка пры такой сітуацыі 50-ці адсоткаў не ўзяў.

Акцыя пратэсту 19 снежня 2010 г. Менск, Беларусь.
Фота: Filippov Alexei / TASS / Forum

Аляксандр Атрошчанкаў, сузаснавальнік «Reform.by». Тады – прэс-сакратар штабу Андрэя Саннікава:

– Калі мы пачыналі гэты праект, я разумеў, што амаль немагчыма будзе дасягнуць агульнай перамогі, але лакальныя поспехі мусілі з’явіцца. Напрыклад, дамагчыся адкрытага дыялогу і ў грамадстве, і паміж уладаю і апазіцыяй. Канечне, я рэаліст і разумеў, што Лукашэнка пакорліва не сыдзе з пасады.

– Вы камунікавалі з іншымі штабамі, напрыклад, Уладзіміра Някляева, ці кожны ішоў сваім шляхам?

– Была пэўная камунікацыя. Паміж штабам Саннікава і штабам Някляева было пагадненне ад ненападзе, а з іншымі кандыдатамі… я не памятаю, каб была нейкая сувязь. Я быў прэс-сакратаром у Андрэя Саннікава і не адказваў за наладжванне стратэгічных стасункаў. Канечне, я задаў пытанне і Саннікаву і Бандарэнку аб тым, чаму мы не аб’ядноўваемся. Мне паступіў такі адказ, што мы не можам давяраць іншым людзям, не можам раскрываць свае планы. Хаця я і тады падазраваў і зараз лічу, што ўжо занадта канкрэтных планаў у штабу Саннікава не было, хаця, канечне, сітуацыю стараліся адсочваць і пралічваць. Адзначу толькі каманду Віталя Рымашэўскага, аснова якой складалася з актывістаў БХД. Іх людзі прыклалі сапраўды шмат намаганняў, каб была пэўная адзіная стратэгія на Плошчы. Калі гэтага не атрымалася – актывісты БХД, і асабіста Віталь Рымашэўскі, прынялі найбольшыя высілкі, каб не адбыліся правакацыі, якія рыхтавалі ўлады. Але сілаў, канечне, не хапіла. І ў прынцыпе іх не магло хапіць, калі супраць групкі актывістаў дзейнічалі спецслужбы.

– Чым розняцца 2010 і 2020 акрамя маштабу акцыяў і колькасці асобаў, якія на іх выходзілі?

– 12 гадоў таму, нягледзячы на пратэст, і даволі масавы, улада цалкам кантралявала сітуацыю, кантралявала сілу свайго адказу, наступствы на міжнароднай арэне. У 2020 годзе ўлада не на жарт спалохалася і амаль дапусціла, што рэвалюцыя можа дасягнуць поспеху.

Мяне выпусцілі праз дзевяць месяцаў, таму што ўвялі санкцыі. Тады выпускалі ў два этапы. Большасць выйшла ў жніўні 2011-га і 14 чалавек вызвалілі разам са мною ў адзін дзень, 13 верасня. Там, памятаю, быў Павел Вінаградаў і іншыя. Там было каля пяцідзесяці чалавек. Засталіся за кратамі з тых, каго арыштавалі ў сувязі з падзеямі Плошчы, Зміцер Бандарэнка, Андрэй Саннікаў, Мікола Статкевіч, і Алесь Бяляцкі, Але яго ўзялі пазней, за некалькі месяцаў да майго вызвалення.

Акцыя пратэсту 19 снежня 2010 г. Менск, Беларусь.
Фота: Filippov Alexei / TASS / Forum

Анатоль Лябедзька. У 2010-м старшыня Абʼяднанай грамадскай партыі. Сёння – прадстаўнік па парламенцкаму супрацоўніцтву і Канстытуцыйнай рэформе:

«Калі кажуць, што не было планаў на Плошчу, то я выкажу такую рэч, што да рэпрэсіяў, да прэсу, ціску, да затрыманняў, да гвалту падрыхтавацца нельга. Тут няма такіх метадычак і, колькі б ты не ладзіў там трэнінгаў і семінараў, колькі б ты не казаў чалавеку, што так можа быць. Пакуль ён сам не трапіць у гэтую сітуацыю – ён яе да канца не зразумее. Таму гэта трэба выпіць да дна, да апошняй каплі. Тыя людзі, якія прайшлі праз рэпрэсіі на працягу апошняга дзесяцігоддзя – у іх, акрамя іншага, большая адказнасць. Калі я быў у зняволенні, я шмат што перадумаў і тое выклаў у сваёй кніжцы «108 дней и ночей в застенках КГБ».

– Улетку 2010-га, улетку, вы былі ўпэўнена пераабраныя старшынём Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Чаго Лукашэнка больш спужаўся: Вас, як лідара, ці самой партыі?

– У 2010-м я не меў нейкіх асаблівых амбіцыяў, не вылучаўся ў прэзідэнты. Больш таго, не ачольваў чыйсьці штаб. Таму што ў першую чаргу схапілі зарэгістраваных кандыдатаў, начальнікаў штабоў і нейкіх актыўных чальцоў. І для мяне рэальна была такая дзікая сітуацыя, калі мяне забралі ў гэтую ноч, вынесшы дзверы. То бок, калі ў падзеях 2010-га года калі я і браў удзел, то гэта быў не першы шэраг. Я адседзеў тады чатыры месяцы ў «амерыканцы», дзе акрамя адміністрацыі СІЗА КДБ прысутнічала «Альфа» у чорных масках. І яны штодня, ад раніцы да вечару, а, часам, і ўначы, проста напіхвалі людзей страхам. Абсалютна ні за што. Я рыхтаваўся да судовага працэсу, але перад судом проста выпусцілі. Калі мяне прывялі да следчага, то ў маёй справе не было абсалютна нічога.

Кандыдаты ў прэзідэнты Мікалай Статкевіч, Уладзімір Някляеў і Віталь Рымашэўскі бяруць удзел у мітынгу апазіцыі ў сталіцы. Каля дзвюх тысяч чалавек сабраліся, каб запатрабаваць сумленных прэзідэнцкіх выбараў, запланаваных на 19 снежня 2010 года. Менск, Беларусь. 2010 год.
Фота: Васіль Фядосенка / Reuters / Forum

– Але чаму Вы не балатаваліся ў 2010-м годзе?

– Тады мы вылучылі Яраслава Раманчука, бо там была свая спецыфіка. Таму што ўсе астатнія кандыдаты – добрыя, прыстойныя. Але яны ўсе былі чыстыя палітыкі. А Раманчук быў эканамістам. І калі камусьці прамовы пісалі спічрайтары і трэба было гэта вучыць – у Яраслава гэта было ў галаве. Ён адрозніваўся. І падумалася, што калі мы будзем больш крэатыўнымі – то гэта можа згуляць на карысць агульнай справе.

Акцыя пратэсту 19 снежня 2010 г. Менск, Беларусь.
Фота: Filippov Alexei / TASS / Forum

– А як Вы ацэніце тое, што адбылося з Раманчуком, з Дзмітрыевым на наступную пасля дня выбараў раніцу.

Калі я выйшаў з «амерыканкі» ніхто не чакаў, што я буду пускаць стрэлы ў Яраслава Раманчука і іншых, але я і тады сказаў, і зараз кажу: «Ведаеце, маці нараджаюць сваіх сыноў не для таго, каб з іх рабіць цвікі». Я быў заўсёды вельмі стрыманы ў ацэнках. Бо парог фізічнай цярплівасці ў кожнага чалавека розны. Не трэба чалавеку выносіць нейкі маральны прысуд выключна па адным роліку ў некалькі секундаў. Таму, крышачку цярплівасці і ўсё стане на свае месцы».

Акцыя пратэсту 19 снежня 2010 г. Менск, Беларусь.
Фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum

Ірына Халіп, журналістка «Новой газеты», жонка кандыдата ў прэзідэнты на выбарах 2010 года, палітыка і дыпламата Андрэя Саннікава. Абодва былі затрыманыя ў ноч з 19 на 20 снежня 2020 года:

«Тады, здавалася, нічога страшней не можа быць: мы з мужам у турме, а наш сын Данііл абсалютна бездапаможны перад дзяржаўнай машынаю. Але яшчэ страшней сталася праз 10 год зразумець, што гэта быў яшчэ не жах, а толькі вегетарыянства. Бо цяпер многія семʼі праходзяць праз гэтыя жорны сістэмы яшчэ ў больш жудаснай форме. Даніілу ўжо 15 і ён шмат што памятае з таго часу. А разумее – значна больш. Гэта новае бунтарскае пакаленне, якое стала дарослым даволі рана. Як на вайне. Досвед, які перажылі тады, уціскае тварам у сцяну проста з-за непаразумення. А мне лягчэй адчуць думкі Антаніны Канавалавай і яе мужа Сяргея Ярашэвіча, якіх пасадзілі разам, а з іх дзецьмі бабуля збегла за мяжу. Альбо Сяргея і Алену Маўшукоў, чые дзеці ў адзін момант сталіся сіротамі. І кожнае паведамленне аб новым арышце адкідвае туды – у Менск 2010-га года. Быццам бы і хочаш забыцца, і час ужо, але не атрымліваецца. Напэўнае, фармуецца пласт гістарычнай памяці – агульнай для ўсіх і аднолькава хваравітай для палітзэкаў усіх часоў. Хочацца сказаць, што »гэта былі горшыя часы«, але разумееш, што і лепшых не было. І вельмі спадзяюся, што ў будучым ніхто не палезе абдымацца з амапаўцамі і дарыць ім кветкі»

Гутарыў Аляксандр Пуціла belsat.eu

Стужка навінаў