«Новая дырэктарка не дурная, аднак салдафонка». Ліцэй БДУ робіцца падобным да Ліцэю МУС


У Ліцэі БДУ адбылася чарговая, пасля пратэстаў 2020 года, змена кіраўніцтва. Цяпер яго ўзначальвае былая прадстаўніца «кузні чэкісцкіх кадраў». Дый сам Ліцэй усё больш пачынае нагадваць нешта зусім не тое, чым быў раней.

Ліцэй БДУ, Менск, Беларусь. 9 жніўня 2020 г.
Фота: ТК / Belsat.eu

21 верасня стала вядома, што дырэктарскую пасаду ў Ліцэі БДУ пакінула Ганна Чубарава, якая ўзначальвала ўстанову са жніўня 2021 года. Яна навучалася на біялагічным факультэце БДУ, абараніла кандыдацкую дысертацыю. Да прызначэння на дырэктарскую пасаду Чубарава выкладала ў Ліцэі біялогію, была загадчыцаю кафедры прыродазнаўчых навук і чатыры гады працавала намесніцаю дырэктара ў навучальнай працы.

Прычыны раптоўнай адстаўкі дырэктаркі не называліся. Не ведаюць іх і крыніцы «Белсату», хоць адзначаюць, што яна «была цалкам зручная». Пайшла Чубарава, мяркуючы з усяго, нечакана – замену ёй знайшлі амаль праз месяц, 16 кастрычніка.

Новаю дырэктаркаю стала выпускніца філалагічнага факультэту БДУ Таццяна Мамчыц. Паводле афіцыйнай інфармацыі, яна мае вялікі досвед у сферы адукацыі. Але спецыфічны: да прызначэння працавала начальніцаю навучальна-метадычнай часткі Інстытуту нацыянальнай бяспекі. Акурат гэтую ўстанову яшчэ ў 2016 годзе назваў «кузняю чэкісцкіх кадраў» тагачасны кіраўнік КДБ Валерый Вакульчык. Няма ў яе і навуковай ступені, у адрозненне ад папярэднікаў, кажуць нашыя суразмоўцы.

Сама Мамчыц абяцае ліцэістам «захаваць традыцыі ўстановы», але «нароўні з новымі ідэямі і прапановамі». Пра асаблівасць гэтых новых ідэяў і прапановаў апавяла адна з нашых крыніцаў:

«Новая дырэктарка не дурная жанчына, аднак салдафонка, якая насаджае міліцэйскія парадкі ў Ліцэі. У выніку атрымоўваецца штосьці кшталту Ліцэю МУС».

Таксама на шмат якія пасады, не звязаныя з навучаннем, узятыя былыя сілавікі.

Акрамя таго, «адбылася вялікая чыстка настаўнікаў, і новых набралі без увагі на прафесійныя якасці, а з увагі на лаяльнасць рэжыму».

«Перспектываў няма, настрой прыгнечаны, але не ўва ўсіх. Штат замяняецца на лаяльных. Паглядзім, як новы дырэктар у пагонах сябе пакажа, – адзначыў іншы суразмоўца і дадаў:

Можна забыцца пра Ліцэй, які мы ўсе ведалі».

Ліцэй БДУ быў заснаваны ў 1989 годзе. Забяспечвае профільнае навучанне ў 10–11 класах, рыхтуе да паступлення ў ВНУ. Вучні рэгулярна робяцца прызёрамі рэспубліканскіх і міжнародных алімпіядаў у розных прадметах. У 2004 годзе Ліцэй уганаравалі прэміяй ураду за дасягненні ў якасці.

У 2020 годзе ў Ліцэй БДУ на біялагічны профіль паступіў малодшы сын Аляксандра Лукашэнкі. Перад тым вучылася ягоная ўнучка. Але пасля таго як больш за тысячу выпускнікоў установы падтрымалі свабодныя выбары, дакументы прадстаўнікоў кіроўнай сям’і з яе забралі. А сам Ліцэй сутыкнуўся з рэпрэсіямі.

У 2021-м установу пазбавілі прывілеяў у прыёме навучэнцаў. Таксама звальнялі нелаяльных выкладчыкаў. Як пісалі медыі ў снежні 2022-га, толькі за паўтара года ўстанову пакінулі самастойна ці былі звольненыя прынамсі 12 працаўнікоў.

Увосень 2022 года Ліцэй БДУ разам з КДБ праводзіў конкурс, падчас якога ўдзельнікам прапаноўвалі намаляваць комікс пра Фелікса Дзяржынскага і стварыць станоўчы вобраз працаўніка КДБ. Адзначым, што выпускніком установы ёсць і Андрэй Іванец, які ў 2022 годзе ўзначаліў Міністэрства адукацыі Беларусі.

Hавiны
Міністэрства адукацыі пазбавіла Ліцэй БДУ некаторых «прывілеяў» у правілах прыёму
2021.12.30 11:15

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў