У Ліцэі БДУ не працягнулі кантракты адразу 10 выкладчыкам


19 чэрвеня з Ліцэя БДУ сышлі адразу дзесяць выкладчыкаў, ім не працягнулі кантракты. Паводле выдання «Зеркало», гэтую інфармацыю пацвердзілі некалькі не звязаных паміж сабой крыніцаў.

Ліцэй БДУ, Менск, Беларусь. 9 жніўня 2020 г.
Фота: ТК / Belsat.eu

Адна з былых выкладчыц ліцэя таксама расказала, што нядаўна супрацоўнік КДБ правёў асабістую размову з супрацоўнікамі ўсіх кафедраў. Вынікам стала з’яўленне спісаў, у якіх апынуліся тыя, з кім не прадоўжаць кантракт.

Сярод педагогаў, якія сышлі з установы, ёсць выкладчык геаграфіі, гісторыі, беларускай мовы і літаратуры, арт-кіраўнік.

Супрацоўніца прыёмнай Ліцэя БДУ, да якой датэлефанаваліся журналісты «Зеркала», не пацвердзіла, але і не абвергла інфармацыю пра сыход адразу дзесяці выкладчыкаў. У той жа час яна сказала, ва ўстанове штогод нехта прыходзіць і нехта сыходзіць, гэта «нармальная з’ява». Таксама супрацоўніца заверыла, што бацькам, якія збіраюцца аддаваць сваіх дзяцей у ліцэй у наступным годзе, няма падставаў хвалявацца, «дзеці без настаўнікаў не застануцца».

Як стала вядома, у сакавіку 2023 года ў Ліцэі БДУ з’явіліся тры спісы нелаяльных выкладчыкаў: уласна ўдзельнікі пратэстаў, асобы, якія ахвяравалі грошы на розныя ініцыятывы, і тыя, хто ў 2020 годзе ставіў подпісы за альтэрнатыўных кандыдатаў на пасаду прэзідэнта.

Таксама з’яўляліся звесткі пра тое, што супрацоўнік КДБ, адказны за Ліцэй БДУ, меў планы па звальненні 30 асобаў і запужваў усіх выкладчыкаў ліцэя. Зменаў ва ўстанове чакалі з 30 траўня, пры гэтым ніхто не ведаў, якімі яны будуць.

Hавiны
Крыніцы «Белсату»: Нелаяльных працаўнікоў Ліцэю БДУ падзялілі на тры розныя спісы
2023.03.10 13:26

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў