Крыніцы «Белсату»: Нелаяльных працаўнікоў Ліцэю БДУ падзялілі на тры розныя спісы


У Ліцэі БДУ «з дапамогай і пры ўдзеле намесніка ад КДБ» склалі тры спісы нелаяльных працаўнікоў. Такую інфармацыю «Белсату» паведаміла крыніца, знаёмая з сітуацыяй у навучальнай установе.

Ліцэй БДУ.
Фота: Lyceum-BSU / Facebook

У спісы ўключаныя ў якасці асобных катэгорыяў уласна ўдзельнікі пратэстаў, асобы, якія ахвяравалі грошы на розныя ініцыятывы, і тыя, хто ў 2020 годзе ставіў подпісы за альтэрнатыўных кандыдатаў на прэзідэнцтва.

«Адпаведна, усе працаўнікі падзеленыя на розныя ступені лаяльнасці ў залежнасці ад таго, у якой колькасці спісаў запісаныя», – кажа крыніца.

На думку суразмоўцы «Белсату», тады нелаяльных было б прасцей «патроху звальняць па заканчэнні кантрактаў».

«У такім разе праца ўстановы адукацыі не спыніцца», – падкрэсліў суразмоўца.

Чорныя і шэрыя спісы

Падобна да таго, што практыка чысткі паводле спісаў і катэгорыяў у залежнасці ад ступені праяўленага вальнадумства пашырылася на ўсю краіну. Раней чытачы «Белсату» з дзяржаўнай арганізацыі аднаго з абласных цэнтраў паведамлялі пра існаванне спісаў на звальненне (ці паніжэнне ў пасадзе), у якія трапілі нават мясцовыя начальнікі. З іхных словаў, маштаб «кары» залежыць ад таго, ці чалавек толькі падпісаўся за нейкага альтэрнатыўнага кандыдата, ці дзесьці ўдзельнічаў.

Чытачы паведамлялі, што ў некаторых арганізацыях кіраўніцтва спрабуе адбіць тых работнікаў, якія толькі падпісаліся ў 2020 годзе за альтэрнатыўных кандыдатаў, бо няма каму працаваць. Тых жа, хто дзесьці быў заўважаны на акцыях, адбіць нават не спрабуюць – звальняюць адразу.

Аналітыка
«Вы не ведаеце, што ўсіх звольнілі?» Як рэпрэсіўная палітыка рэжыму ўплывае на эканоміку
2023.03.01 19:52

Пра наяўнасць розных спісаў раней казала і лекарка Мая Церакулава з Бабруйску, якая таксама была звольненая з палітычных прычынаў і пасля з’ехала ў Польшчу.

«Калі прыходзіла ўладкоўвацца, адразу пыталі: «Вы ў якім спісе – у шэрым ці ў тым, што больш чорны? Калі ў шэрым, мы вас возьмем, бо нам патрэбныя дактары. Калі ў чорным, то выбачайце». Адзін з галоўных дактароў падстанцыі хуткай дапамогі з гонарам распавёў, як звольніў усіх медыкаў са спісу, і аднаго з ягоных працаўнікоў пасадзілі на чатыры гады. Судзячы паводле таго, што надалей я ад усіх атрымлівала адмовы, я ў чорным спісе», – распавядала педыятр.

Hавiны
Крыніцы «Белсату»: Ліцэй БДУ могуць чакаць масавыя звальненні
2023.02.17 13:48

Раней крыніцы «Белсату» паведамлялі, што супрацоўнік КДБ, адказны за Ліцэй БДУ, «плануе звольніць 30 асобаў, усіх пужае». Змены ва ўстанове чакаюцца з 30 траўня, але якія – ніхто не ведае.

«Хіба што зладзяць палітычныя чысткі – прыбяруць самых непажаданых, бо якраз улетку ў большасці заканчваюцца кантракты. Нездарма ж цэлага гэбіста на стаўку пасадзілі, які ўсіх выклікае на допыты і нешта капае», – мяркуе суразмоўца.

Паводле яго, супрацоўнік КДБ сабраў на працаўнікоў Ліцэю вялікае дасье – «экстрэмісцкія» чаты, выступы, удзел у акцыях і г. д.

  • Ліцэй БДУ быў заснаваны ў 1989 годзе. Забяспечвае профільнае навучанне ў 10–11 класах, рыхтуе да паступлення ў ВНУ. Яго вучні рэгулярна становяцца прызёрамі рэспубліканскіх і міжнародных алімпіядаў у розных прадметах. У 2004 годзе Ліцэй быў адзначаны прэміяй ураду за дасягненні ў галіне якасці.
  • У 2020 годзе ў Ліцэй БДУ на біялагічны профіль паступіў малодшы сын Аляксандра Лукашэнкі. Тут жа раней вучылася ўнучка Лукашэнкі. Але пасля таго як больш за тысячу выпускнікоў установы падтрымалі свабодныя выбары, дакументы прадстаўнікоў кіроўнай сям’і з яе забралі. А сам Ліцэй сутыкнуўся з рэпрэсіямі.
  • У 2021 годзе Ліцэй БДУ пазбавілі прывілеяў у прыёме навучэнцаў. Таксама звальнялі нелаяльных выкладчыкаў. Як пісалі медыі ў снежні 2022 года, толькі за паўтара года з установы сышлі самастойна ці былі звольненыя не менш як 12 працаўнікоў.
  • Увосень 2022 года Ліцэй БДУ разам з КДБ праводзіў конкурс, падчас якога ўдзельнікам прапаноўвалі намаляваць комікс пра Фелікса Дзяржынскага і стварыць станоўчы вобраз супрацоўніка КДБ. Адзначым, што выпускніком установы ёсць і Андрэй Іванец, які ў 2022 годзе ўзначаліў Міністэрства адукацыі Беларусі.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў