«Вы не ведаеце, што ўсіх звольнілі?» Як рэпрэсіўная палітыка рэжыму ўплывае на эканоміку


Трэці год у Беларусі не спыняюцца масавыя звальненні нелаяльных работнікаў. Сілавікі не шкадуюць нікога – ні простых работнікаў, ні іх начальнікаў. Усё гэта адбываецца на тле і так не вельмі добрага стану айчыннай эканомікі. Карэспандэнты «Белсату» спрабавалі разабрацца, чаму ўлады ніяк не могуць спыніць масавыя звальненні і наколькі гэта б’е па эканамічнай сітуацыі ў краіне.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Viktor Drachev / TASS / Forum

Занятасць у Беларусі абнавіла новы антырэкорд. У студзені 2023 года, паводле афіцыйнай статыстыкі, занятых у эканоміцы было 4 млн 172,9 тысячаў асобаў, або на 16,7 тысячаў менш, чым у снежні 2022 года. За год колькасць работнікаў скарацілася на 71,7 тысячаў асобаў – з 4 млн 244,6 тысячаў. Адносна студзеня 2021 года скарачэнне склала 122,6 тысячаў асобаў, студзеня 2020 года – 156,5 тысячаў.

Паказнік сёлетняга студзеня з’яўляецца найгоршым паводле колькасці занятых у эканоміцы. Раней лік работнікаў у эканоміцы не быў ніжэйшым за 4 млн 180 тысячаў асобаў.

Пры гэтым станам на 1 сакавіка ў Беларусі не хапала 103,3 тысячы работнікаў. Прынамсі столькі прапановаў ад наймальнікаў змяшчаў рэспубліканскі банк вакансіяў. У больш як палове выпадкаў шукаюць людзей на заробак да 800 рублёў «бруднымі».

Але, нягледзячы на скарачэнне занятасці насельніцтва ў эканоміцы, улады краіны ніяк не могуць спыніць масавыя звальненні з палітычных прычынаў. Як і дазволіць звольненым пасля ўладкоўвацца на іншыя месцы.

«Вы не ведаеце, што адбываецца ў краіне?»

Чытачы «Белсату» паведамляюць, што ў адной дзяржаўнай арганізацыі ў адным з абласных цэнтраў у спіс на звальненне трапілі нават начальнікі. Ёсць патрабаванне зверху – ці звольніць, ці перавесці на меншую пазіцыю. Галоўнае патрабаванне, каб не засталіся на кіраўнічых пасадах і былі пакараныя за свае паводзіны у 2020 годзе.

Чытачы паведамляюць, што ў некаторых арганізацыях кіраўніцтва спрабуе «адбіць» тых супрацоўнікаў, якія толькі падпісаліся ў 2020 годзе за альтэрнатыўных кандыдатаў, бо няма каму працаваць. Тых жа, хто дзесьці быў заўважаны на акцыях, «адбіць» нават не спрабуюць – звальняюць адразу.

Hавiны
Крыніцы «Белсату»: Ліцэй БДУ могуць чакаць масавыя звальненні
2023.02.17 13:48

Чытачка Белсату з аднаго райцэнтру распавяла, што ў паліклініцы, куда яна прыйшла, ёй наўпрост паведамілі, што лекаваць няма каму:

«Вы не ведаеце, што ўсіх звольнілі? Вы што не ведаеце, што адбываецца ў краіне ці што?»

«Там ведаюць»

Сваю гісторыю «Белсату» распавяла Марына (імя змененае), якую звольнілі з дзяржаўнага прадпрыемства больш як год таму:

«Мяне выклікаў дырэктар у кабінет, паказаў пальцам у столь і сказаў: «Там ведаюць».

Як адзначыла Марына, яна не ўдзельнічала ў аніякіх пратэставых акцыях, але неяк у медыях раскрытыкавала сітуацыю з каронавірусам у Беларусі. Спачатку жанчыну перавялі на іншую пасаду, а пасля выклікалі зноў і паведамілі:

«Што б я ні старалася, рашэнне прынятае, што калі не сыду па-добраму, не напішу заяву, то мяне звольняць ужо на падставе артыкула».

Спробы ўладкавацца на іншыя дзяржаўныя прадпрыемствы выніку не далі. Гэтак, на «Белнафтахіме» пасля сумоўя адзначылі, што жанчына «не ўзгодненая». З іншых установаў прыходзілі такія самыя адказы, хоць і з рознымі абгрунтаваннямі. Некаторы час жанчына прапрацавала ў прыватных прадпрыемствах, але звольнілася адтуль з прычыны нізкага заробку – каля 150-190 рублёў. Цяпер жанчына перавучваецца на пакаёўку, але ісці «каяцца», як прапаноўвалі сваякі, не плануе.

Таталітарнае бяспраўе

Масавыя звальненні з палітычных прычынаў у Беларусі ідуць няспынна з 2020 года. Але і праз 2,5 гады пасля сканчэння буйных пратэстаў улады не здольныя ад іх адмовіцца. Як адзначыў палітолаг Валер Карбалевіч, масавыя звальненні з’яўляюцца часткай пераходу аўтарытарнага рэжыму ў таталітарны, што адбываецца ў Беларусі.

«Таталітарны рэжым прадугледжвае зусім іншыя механізмы ўтрымання ўлады. Іншыя механізмы свабоды ў грамадстве. Ён не дапускае іншадумства. Не дапускае любых праяваў супраціву ўлады. Прадугледжвае кантроль асабістага і духоўнага жыцця. І ў рамках такой тэндэнцыі адбываюцца гэтыя рэпрэсіі», – падкрэсліў палітолаг.

Аналітыка
У рэпрэсіяў свая логіка, або Чаму для ўладаў Беларусі палітычная бяспека важнейшая за эканоміку
2022.10.11 12:53

Фактараў, якія ў рамках існага рэжыму, маглі б паўплываць на змяненне тэндэнцыі, Валер Карбалевіч не бачыць.

Самім звольненым абараніць свае працоўныя правы таксама не выпадае, бо «сістэма правасуддзя ліквідаваная ад слова зусім, стала фікцыяй», незалежныя прафсаюзы знішчаныя, а праўладныя – «даўно ператварыліся ў прыдатак дзяржаўнай машыны», заключыў палітолаг.

Сцісканне эканомікі і рэлакацыя бізнесу

Разам з тым старшы навуковы супрацоўнік даследчага цэнтру BEROC Анастасія Лузгіна адзначыла, што звальненні з палітычна матываваных прычынаў наўрад ці моцна ўплываюць на агульную сітуацыю са зніжэннем занятасці ў краіне. Паводле яе, тут найперш дзейнічаюць эканамічныя фактары: «эканоміка сціскалася, ВУП падаў, адпаведна занятых станавілася менш».

Больш за тое, ёсць цэлыя сектары эканомікі, якія самастойна згортвалі сваю дзейнасць у Беларусі і пераязджалі ў іншыя краіны. Перадусім гэта IT і часткова транспартная галіна. Рэлакацыя ІТ адмыслоўцаў безумоўна паўплывала на агульную сітуацыю з занятасцю, заявіла эксперт. Таму, нягледзячы на агульнае зніжэнне колькасці занятых, беспрацоўе ў краіне не расло.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота:  Viktor Drachev / TASS / Forum

Акрамя таго, частка людзей з’язджала на часовыя заробкі ў іншыя краіны. Так, у 2022 годзе, паводле звестак Белстату, 96 тыс. беларусаў падзараблялі за мяжой, з іх больш як палова – у Расеі. У параўнанні з 2021 годам доля такіх работнікаў вырасла на 9,6%.

«Таму колькасць занятых у эканоміцы зніжаецца. Але ўзровень беспрацоўя, які лічыцца паводле метадалогіі Міжнароднай арганізацыі працы, на канец года склаў 3,6% – гэта нізкі паказнік», – адзначыла Анастасія Лузгіна.

Аднак гэтая сітуацыя абвастрае праблемы з выплатамі пенсіяў, бо зʼязджаюць у асноўным маладыя людзі працаздольнага веку. У выніку паступленні ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва скарачаюцца.

Хто можа сысці «ў цень»

Як распавялі самі звольненыя з палітычных матываў, яны часта вымушаныя падзарабляць нелегальна, атрымліваючы заробкі «ў канверце». Але Анастасія Лузгіна ўсё ж не бачыць пакуль сурʼёзных перадумоў для рэзкага павелічэння ценявой эканомікі.

«Вядома, чым горшая сітуацыя будзе ў эканоміцы і чым больш складаныя ўмовы для працы таго ж малога бізнесу будзе ставіць дзяржава, тым больш рызык для росту ценявога сектару», – выказала меркаванне эканаміст, прывёўшы ў якасці прыкладу ўведзеныя з 2023 года змены ў падаткаабкладанні для ІП.

Пры гэтым Анастасія Лузгіна падкрэсліла, што калі казаць пра наём, то «прапаноў на рынку хапае. Пытанне ў прывабнасці заробкаў».

«Зніжэнне колькасці занятага насельніцтва не азначае рост беспрацоўя. Асноўная частка грамадзян усё ж занятая. А беспрацоўе заўсёды ёсць у любой эканоміцы», – сказала эканаміст.

У цэлым, выказала меркаванне Анастасія Лузгіна, бягучая сітуацыя наўрад ці пакуль стымулюе актыўны рост ценявой эканомікі, бо асноўная частка людзей у краіне ўсё роўна занятая. Хоць, безумоўна, рабіць ацэнкі ў гэтай сферы досыць складана.

Аналітыка
«Галоўны крытэрый работніка – палітычная лаяльнасць». Як звальненні нязгодных спараджаюць кадравы голад
2021.12.03 10:17

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў