Крыніцы «Белсату»: Ліцэй БДУ могуць чакаць масавыя звальненні


У адной з найлепшых сярэдніх навучальных установаў – Ліцэі БДУ – неўзабаве могуць адбыцца масавыя звальненні. Пра гэта «Белсату» паведамілі некалькі крыніцаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Ліцэй БДУ ў Менску.
Фота: Белорусский государственный университет (БГУ) Belarusian State University / Facebook

Як паведаміла адна з крыніцаў, новы супрацоўнік КДБ, адказны за ліцэй, «плануе звольніць 30 асобаў, усіх пужае».

Змены ва ўстанове чакаюцца з 30 траўня, але якія – ніхто не ведае, кажа іншая крыніца.

«Хіба што зладзяць палітычныя чысткі – прыбяруць самых няўгодных, бо якраз улетку ў большасці заканчваюцца кантракты. Нездарма ж цэлага гэбіста на стаўку пасадзілі, які ўсіх выклікае на допыты і нешта капае», – мяркуе суразмоўца.

Паводле яго, супрацоўнік КДБ сабраў на працаўнікоў Ліцэю вялікае дасье – «экстрэмісцкія» чаты, выступы, удзел у акцыях і г. д. Ходзяць нават чуткі, што ва ўстанове «панаставілі праслушак, і гэты гэбіст потым на допытах задае пытанні з даслоўнымі цытатамі людзей».

Без свабоды, але з гімнам

Змянілася і штодзённае жыццё Ліцэю, якое таксама стала больш ідэалагічным. Напрыклад, кажуць крыніцы, вечару сустрэчы выпускнікоў не было – «толькі сумны канцэрт і бутэрброды».

«Сёлета давялося ладзіць лінейку ў двары з гэбістам у якасці выступоўцы, перад кожнай імпрэзай цяпер уключаюць не гімн Ліцэю, а дзяржаўны гімн», – паведамілі крыніцы.

«Толькі абалонка»

Ігар Варакса, які ўзначальваў Ліцэй БДУ ў 2019–2021 гадах, таксама пацвердзіў «Белсату», што ва ўстанове сярэдняй адукацыі «ўвялі стаўкі намесніка па «рэжыме бяспекі і кадрах», які прадстаўляе КДБ, пакуль выклікаюць на гутаркі тых, хто падпісваўся за няправільных кандыдатаў».

Паводле яго, калі ж звальненні адбудуцца, то «лепшым узровень адукацыі не стане». Сама ж практыка звальнення нелаяльных пасля сканчэння ў іх кантракту «ў БДУ даўно адпрацаваная», падкрэсліў Ігар Варакса.

«Мне пра гэта балюча пісаць, але ад таго Ліцэю, у якім я вучыўся і працаваў, засталася толькі абалонка», – адзначыў былы дырэктар.

Ліцэй БДУ быў заснаваны ў 1989 годзе. Забяспечвае профільнае навучанне ў 10–11 класах, рыхтуе да паступлення ў ВНУ. Ягоныя вучні рэгулярна становяцца прызёрамі рэспубліканскіх і міжнародных алімпіядаў у самых розных прадметах. У 2004 годзе Ліцэй быў уганараваны прэміяй ураду за дасягненні ў галіне якасці.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Дзень настаўніка ў ліцэі БДУ ў 2018 годзе.
Фота: Ліцэй БДУ / Лицей БГУ / VK

У 2020 годзе ў Ліцэй БДУ на біялагічны профіль паступіў малодшы сын Аляксандра Лукашэнкі. Тут жа перад тым вучылася ягоная ўнучка. Але пасля таго, як больш як тысяча выпускнікоў установы падтрымалі свабодныя выбары, дакументы прадстаўнікоў кіроўнай сям’і з яе забралі. А сам Ліцэй сутыкнуўся з рэпрэсіямі.

У 2021 годзе Ліцэй БДУ пазбавілі «прывілеяў» у прыёме навучэнцаў. Таксама звальнялі нелаяльных выкладчыкаў. Як пісалі медыі ў снежні 2022 года, толькі за паўтара года з установы сышлі самастойна ці былі звольненыя не менш як 12 працаўнікоў.

Увосень 2022 года Ліцэй БДУ разам з КДБ праводзіў конкурс, падчас якога ўдзельнікам прапаноўвалі намаляваць комікс пра Фелікса Дзяржынскага і стварыць станоўчы вобраз працаўніка КДБ. Адзначым, што выпускніком установы ёсць і Андрэй Іванец, які ў 2022 годзе ўзначаліў Міністэрства адукацыі Беларусі.

Ян Круглік belsat.eu

Стужка навінаў